Як распавяла "К" загадчык аддзела па зборы музейных матэрыялаў і экспазіцыйнай дзейнасці Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ганна Кузміч, выстаўка сталася магчымай дзякуючы наладжаным стасункам з кіраўніцтвам Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Менавіта там захоўваецца прыкладна 28 тысяч тамоў бібліятэкі Мікалая Румянцава- адной з найлепшых прыватных бібліятэк па колькасці і якасці сабраных выданняў у Расійскай імперыі ХІХ стагоддзя. Падборка выданняў, прадстаўленых на выстаўцы, - разнастайная: гэта кнігі па гісторыі, геаграфіі, літаратуры, філасофіі, батаніцы, заалогіі, гаспадарчай дзейнасці. У экспазіцыі можна пабачыць і фаліянты "Баек Эзопа", выдадзеных у Еўропе ў 1632 годзе, трактата па алхіміі "Вада і агонь" (Лейпцыг, 1749 г.), выданне 1801-га "Запіскі, датычныя Расійскай гісторыі", напісаныя імператрыцай Кацярынай ІІ. Таксама ў гэтыя дні Гомельскі палацава-паркавы ансамбль прымае выстаўку "Хваляў шалёных прыбоем..." з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыю ўвайшлі творы такіх славутых рускіх марыністаў, як І.Айвазоўскі, А. Беггроў, П.Тызенгаузен, І.Крачкоўскі, А.Багалюбаў, Л.Лагарыё.