“Пекла” Дантэ вачыма Марка Карна

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва да 24 чэрвеня працуе выстаўка графікі італьянскага мастака Марка Карна “Увасобленае слова” — малюнкі да “Пекла” з “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры (1953 — 1993).

 /i/content/pi/cult/118/387/Dante.jpg
М. Карна. Малюнак да "Пекла" з "Боскай камедыі" Дантэ Аліг'еры.
Неабходна канстатаваць, што чытацкая цікавасць да гэтага твора значна ўзрасла на мяжы тысячагоддзяў, што яшчэ раз выразна акрэсліла вечную актуальнасць паэмы. Вынікам працы мастака на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў стала пераканаўча раскрытая ім складаная шматсэнсоўнасць самага вядомага літаратурнага твора XIV стагоддзя, складзеная з літаральнага і алегарычнага, маральнага і аналагічнага сэнсаў.

Лісты даПеклаМарка Карна не могуць быць названы звычайнымі прыкладамі кніжнай графікігэта класічныя ўзоры графічнага жанру, дзе кожная праца мае свой яскрава выяўлены аўтарскі змест. Марка Карна выступае як незалежны філосаф, які суперажывае літаратурным правобразам. Мастак творчай мовай графікі тлумачыць вядомы тэкст, займаецца ацэнкай бясконцых роздумаў як самога Дантэ, так і свайго бачання жыцця, прапаноўвае асабістую канструкцыю светабудовы. Метадалогіяй графічнага вырашэння цыкла магчыма назваць пераасэнсаванне традыцыі, якая пачынаецца ад “Страшнага суда” Мікеланджэла.

Характэрныя рысы цыкла ілюстрацый — рэалістычная і адначасова дэкаратыўная трактоўка вобразаў. Цікавы партрэтны вобраз самога Дантэ, які працінае ўвесь графічны цыкл. Ён, у адрозненне ад твораў іншых аўтараў, нечакана рухомы, зменлівы, як характар тэксту, — становіцца то аб’ёмным, то лінейным, блізкім ці аддаленым, таму і больш незалежным ад самога тэксту, чым у іншых мастакоў. У адрозненне ад Бацічэлі і Дарэ, якія разгортвалі сюжэт у прыроднай прасторы, у якой няма слядоў працы людзей, Марка Карна, як сучасны аўтар, надае значна больш увагі вобразнасці самога асяроддзя, у якім знаходзяцца персанажы. У якасці дэкарацый ён выяўляе сляды разбураных храмаў, розныя архітэктурныя элементы і штучныя канструкцыі, якія надаюць цыклу пэўны гістарычна-філасофскі характар і адметнае сацыяльнае гучанне. Абапіраючыся на тэкст Дантэ, Марка Карна адлюстраваў з вялікай сілай экспрэсіі пазбаўленую грацыёзнасці біяграфію чалавечага духу ХХ стагоддзя, ніводнага разу не змякчыўшы тэкст “Боскай Камедыі”.


Міхась БАРАЗНА,
мастацтвазнаўца