Жывыя фарбы нітак

№ 23 (789) 09.06.2007 - 16.06.2007 г

Маргарыта Шчамялёва — цікавая, яркая асоба ў беларускім выяўленчым мастацтве, выдатны майстар дэкаратыўнага і камернага габелена. Яе шлях у творчасць распачаўся пад кіраўніцтвам Сяргея Пятровіча Каткова ў яго знакамітай студыі пры Мінскім палацы піянераў, а пасля прадоўжыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, на кафедры мадэлявання адзення і мастацкага ткацтва. Сёння М.Шчамялёва сама выкладае на кафедры майстэрства працы з ніткамі. Але не забываецца і на ўласную творчую працу, актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і групавых выстаўках. Яе творы знаходзяцца ў калекцыях розных краін свету — ад Літвы, Польшчы да ЗША.

 /i/content/pi/cult/118/386/Farby-nitak.jpg
 М. Шчамялёва. "Сярэдзіна лета".
Веданне народных і класічных традыцый, майстэрства і ўменне ствараць, мысліць нестандартнаусё гэта падказвае М.Шчамялёвай цікавыя кампазіцыйныя і пластычныя рашэнні яе габеленаў. У яе творах ёсць эксперымент, ярка выяўленае ўласнае аўтарскае бачанне. Яны выяўляюць як архаічныя, так і многія адаптаваныя да народнага стылю элітарныя традыцыі тэкстыльнай творчасці. Моц іх эстэтычнага ўздзеяння — у аўтэнтычнасці, выкарыстанні арганічных, натуральных матэрыялаў, традыцыйнага дэкору, але ў той жа час — у выразнай дэкаратыўнасці, асацыятыўнасці тэмы, фактурнасці. М.Шчамялёва належыць да таго кола мастакоў, якія прымушаюць тканіны “прамаўляць” на мове свайго часу праз традыцыю і эксперымент. Яе намаганні не дарэмныя — яны спрыяюць захаванню самабытнасці, нацыянальнага каларыту ў беларускім выяўленчым мастацтве.

Маргарыта эксперыментуе з вобразамі, фактурай, тэхналогіямі, матэрыяламі і такім чынам адкрывае яшчэ нязведаныя асаблівасці работы з тэкстылем. Узоры, рытміка, каларыт, фактура, лінія — усё гэта для мастачкі аснова майстэрства, база для творчых пошукаў, для рашэння пастаўленай перад сабою задачы, для арганічнасці існавання яе твораў у інтэр’еры, увядзення ў гістарычны і сучасны кантэкст. Яе работы рукатворныя, гарманічныя і арыгінальныя. Аўтарская тэхніка вырабу габеленаў заўжды становіцца адкрыццём і прыемнай нечаканасцю для гледачоў і мастацтвазнаўцаў.

Многія габелены М.Шчамялёвай сапраўды незвычайныя па тэхніцы
 /i/content/pi/cult/118/386/Farby-nitak2.jpg

 М. Шчамялёва. "Птушка"

выканання. Вынаходніцтва вылучае, напрыклад, габелен “Купальская ноч”, выкананы абкруткай ніткамі па аснове. Гэты прыём “падгледжаны” ў майстрых Піншчыны. У другі габелен “Успамін Неглюбкі” да асновы з лёну дадазена нітка люрэксу — здаецца, нібы раса зіхаціць на ручніках. Усе свае творы мастачка тчэ сама і нават, бывае, абыходзіцца без станка, працуе проста на рамцы. Менавіта таму яе габелены выпраменьваюць пяшчоту жаноцкіх рук.

“Чаканне”, “Купальская ноч”, “Свята” — тут мастачка выкарыстоўвае і пераасэнсоўвае традыцыйныя формы і матэрыялы адпаведна нацыянальнаму менталітэту беларусаў, адчуванню гармоніі з прыродай, стварэнню ўтульнай і цёплай атмасферы не толькі дома, але і ў інтэр’ерах грамадскіх будынкаў. Яна выкарыстоўвае закадзіраваныя таямніцы нацыянальнай духоўнасці. Тэматыка такіх работ невычэрпная, засноўваецца на глыбінным сэнсе спрадвечных катэгорый. Але пры гэтым яна лёгка і гарманічна лучыць мінулае і сучаснасць, яе работы становяцца дзівосным сінтэзам традыцый і наватарства.

У М.Шчамялёвай ёсць і габелены іншага плана з пяшчотнымі
назвамі “Коцік”, “Зімародак”, “Гарлачык цвіце”, “На Пцічы”. Яны жыццярадасныя, яркія, мажорнага гучання. Тут дакладна прасочваецца графічнасць, сілуэтнасць асобных выяў, але віртуозная гульня колеравымі адценнямі змякчае кампазіцыю, дадае пластычнасці і жывапіснасці вобразам птушак і хатніх жывёл. Уражанне ўзмацняецца вытанчаным каларыстычным рашэннем. Нібыта музыка гучыць ў габеленах Маргарыты Шчамялёвай — ненавязлівая, але надзіва поліфанічная.

Наталя ШАРАНГОВІЧ