Падыходы да рэтра

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

У “К” № 11 за 13 — 19 сакавіка 2010 года прачытала артыкул пад назвай “Неспецыяліст” замест… “неспецыяліста”, дзе гаворка вялася, у тым ліку, і пра адсутнасць рэтрадыскатэк ва ўстановах культуры Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

 

Прачытала - і захацелася падзяліцца сваім вопытам работы па правядзенні тэматычных дыскатэк. Магчыма, камусьці з клубных супрацоўнікаў гэта дапаможа знайсці цікавыя падыходы да вырашэння праблемы арганізацыі адпачынку людзей сярэдняга і пажылога веку. Наш Палац культуры знаходзіцца ў горадзе Барань Віцебскай вобласці, што непадалёк ад Оршы. У апошнія гады дэмаграфічная сітуацыя ў нас выглядае наступным чынам: частка моладзі з'язджае з нашага горада, ён, як кажуць, "старэе". Улічылі гэты фактар і вырашылі, што правядзенне дыскатэк, вечароў танцаў і адпачынку трэба ладзіць для канкрэтных узроставых катэгорый. Пасля апытання жыхароў мы высветлілі, што людзі старэйшага пакалення з вялікім задавальненнем наведвалі б такога кшталту мерапрыемствы. Так узнікла ідэя правядзення рэтравечароў, дзе галоўным складнікам мерапрыемства павінна стаць музыка мінулых гадоў. Упершыню рэтра-вечар прайшоў у Палацы культуры ў лютым 2007 года. Падрыхтоўка да яго заняла амаль месяц. Справа ў тым, што мы адмовіліся ад традыцыйнага "ўключэння дыскаў" з рэтра-песнямі, вырашылі, што іх выканаюць "жыўцом" салісты нашай вакальнай студыі.

Сцэнарый першага рэтра-вечара быў пабудаваны на сітуацыі канфлікту дачкі і маці, якія вялі мерапрыемства. Дачка спрабавала давесці, што песні мінулых гадоў - неактуальныя, нецікавыя. У адказ на гэтыя аргументы гучалі песні з рэпертуару Марыі Крысталінскай, Тамары Міансаравай, Эдзіты П'ехі, Эдуарда Хіля, Валянціны Талкуновай, "Песняроў", іншых ВІА і выканаўцаў. Падбор рэпертуару мы праводзілі вельмі грунтоўна, такім чынам, каб песні можна было не проста слухаць, але і танцаваць пад іх. Таму гучалі творы ў рытме вальса, танга, леткі-енкі і многія іншыя. Рэпертуар вечароў пастаянна змяняецца і абнаўляецца. Абавязкова ўключаюцца ў праграму гульнявыя моманты: аўкцыёны песень, музычныя віктарыны, караоке-конкурсы. Мы правялі рэтра-вечары на наступныя тэмы: "Шлягеры на ўсе часы", "Песня не развітваецца з табой...", "Мінулых гадоў прыгожыя напевы". У лютым адбыўся рэтра-вечар у новым фармаце: ён прысвячаўся творчасці савецкага паэта-песенніка Леаніда Дзербянёва. На мерапрыемстве прагучалі любімыя і знаёмыя ўсім песні з кінафільмаў. У будучым плануем правесці вечар, прысвечаны творчасці Юрыя Антонава.

 Людміла САСНІЦКАЯ, метадыст Палаца культуры Барань