У сталіцы “Дажынак”

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

Ліда гэтымі днямі нястомна рыхтуецца да Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2010”. Як паведамляе “К” начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Уладзімір Самсонаў, на рамонт і рэканструкцыю аб’ектаў культуры выдаткавана 13 мільярдаў рублёў.

Ужо ў красавіку, пасля бягучага рамонту, будуць здадзены Дом-музей Валянціна Таўлая і бібліятэка № 4. Да ліпеня завершацца рэканструкцыя Лідскай ДШМ і кінатэатра "Юбілейны", рамонт РДК, музычнага вучылішча і гарадскога філіяла школы мастацтваў. Яшчэ адзін кінатэатр запланавана пераўтварыць у Цэнтр традыцыйных народных рамёстваў. Ужо цяпер на гэтых аб'ектах задзейнічана 150 будаўнікоў. Дзевяць мільярдаў рублёў будзе выкарыстана з абласнога бюджэту на рэканструкцыю Лідскага замка. Па словах Уладзіміра Самсонава, у сярэдзіне красавіка мяркуецца атрымаць усю будаўнічую дакументацыю, патрэбную для грунтоўнага пераўтварэння старадаўніх муроў. Потым распачнецца дэмантаж аварыйных "фрагментаў" замка. Будуць узноўлены вежа, замкавыя галерэі. Асаблівая ўвага надаецца добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі. Раз на тыдзень у горадзе ладзяцца пасяджэнні раённага і абласнога штабоў па правядзенні "Дажынак-2010". Днямі распачнецца праца над сцэнарыем восеньскага свята. Дзея разгорнецца на пяці асноўных канцэртных пляцоўках. У мерапрыемствах будуць браць удзел усе 50 народных і зорных самадзейных калектываў Лідскага раёна.