Што ў калодзежах ад Фядоры?..

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

… Жаўцюткі касцёр дроў на сонейку ў двары, каля гасцініцы для прыезджых — трактар ды бярозка з бэзам пад вакенцам — усё, як і належыць у звычайнай вёсцы. Сталая прыгожая жанчына, сівая, але маладжавая, выходзіць насустрач і кажа проста і спакойна: “Ну, як, Воля, ці працуеш, ці ездзіш да людзей?..” Так, гэта яна — Фядора Данілаўна Конюхава, а папросту — бабуля Фядора, як мы, сябры, яе заўжды называлі, а яшчэ прасцей — Фядора, для ўсіх сябар — і для малых, якія бегаюць тут па двары і гуляюць у мяч, і для дарослых, што абавязкова ў чымсьці дапамагаюць ёй па гаспадарцы… Хтосьці пакалоў дровы, хтосьці пачаў палоць на агародзе ўжо першыя парасткі бульбачкі, а хтосьці гатовы капаць новую студню.

 /i/content/pi/cult/117/385/Fedora.jpg

Справа ў тым, што ў вёсцы Пільшычы Бялыніцкага раёна Фядора знайшла некалькі моцных прыродных крыніц, адкрыла залежы цудадзейнай гліны. Да таго ж, перажыла ў жыцці роўна столькі, каб адкрыўся ў яе дар лекаркі… Дапамагаць чалавеку, які растраціў сваё здароўе, наладжваць, настройваць струны душы на аптымістычны лад, ачышчаць цела і душу дадзена не ўсім… Гэта ж таксама трэба выпакутаваць!..Спакойна зразумець, што спачатку трэба пазбавіцца страху, не думаць пра хваробы, потым паверыць, што тут дапамагаюць. І рукі Фядоры, і вада ў студні, і чысцюткая гліна, якой у гэтых мясцінах багата, — хопіць на ўсіх.
Мы 20 гадоў сябруем з ёю. Але кожная сустрэча — непаўторная, раскрывае мне Фядору па-новаму, дае ўбачыць тое, чаго не заўважала раней. Гэтае адкрыццё — новая сустрэча з ёю — было днямі. Заехалі да яе — і не хацелася ад’язджаць, трэба было шмат аб чым распытаць адну з самых шчодрых і любімых людзьмі нашых беларускіх лекарак.
Тут, у Пільшычах, чакалі Фядору не толькі я і мае сябры, але і жанчына з вёскі Шумячы Смаленскай вобласці. 25 гадоў ездзіць да яе. Сама лечыцца, а цяпер вось яшчэ і з унукам набедавалася: упаў хлопчык з печы маленькім, атрымаў чарапную траўму, упусцілі час… Цяпер лечыцца тут, у Пільшычах, глінай і вадой са студняў і малітвамі Фядоры. Ёсць ужо поспехі. Хлопцу ж ужо 12 гадоў, спраўляецца з бядою, пачынае ўсведамляць, што дапамога ідзе ад Бога!..

— Пачула, Фядора Данілаўна, што вы былі ў Кіеве. Як там на Украіне цяпер? Складанае становішча?
— А я толькі ва Уладзімірскі сабор і ў Кіева-Пячэрскую Лаўру ездзіла. Святары паказалі пячоры Лаўры, паўсюль павадзілі мяне, распавялі, што трэба ратаваць Лаўру… Вада падыходзіць блізка.
— Але вада не павінна прыносіць гора. Яна мае памяць, яна жывая. У вашых студнях вада ўбірае сонца… Ці разумеюць гэта людзі? Як вы думаеце, Фядора Данілаўна, ці ўмацавалася вера ў народзе за апошнія гады, столькі ж усяго здараецца кожны дзень — чарнобыльскія выкіды дасюль патрошкі выпраменьваюць радыяцыю, а ўраганы, а паводкі…
— Вада — велізарны цуд. Розная, Але чыстая нават у лужыне! Тут, у Пільшычах, маё родавае гняздо. Я доўга жыла ў Алма-Аце, але менавітасіла бацькоўскіх крыніц, сіла вады, яе магутная памяць паклікалі дадому. Я акрыяла, калі прыехала сюды, дзе жылі мае сваякі. Пасля Чарнобыльскай аварыі пачала шукаць, дзе б выкапаць студні, бо адчуваю, дзе асабліва моцная вада з-пад зямлі б’е… Ёсць ужо шэсць студняў. А трэба дзевяць… Колькі ўжо бруду змыла з людзей гэтая серабрыстая і залацістая вадзічка! Трэба верыць… Як вы можаце пытацца аб тым, ці ўмацавалася вера? Так, канешне, умацавалася. Яна непахісная, усё стаіць на веры. Так створана наша зямля і людзі на ёй.
— А вось хваробы — гэта пакуты ці грахі нашы?
— І тое, і другое. Да таго ж, клімат стаў мяняцца, парушана прырода, шмат у паветры бруду, які асядае на людзей. Патрэбна вера, вось у сто разоў мацней яна і стала! Белая Русь ёсць Белая Русь! Вада наша такая моцная, што перамагае нават вірусы. Яна ўмацоўвае, ачышчае людзей… Я не магу забыць Кацечку, дзяўчынку, якую ў два гадочкі адмовіліся лячыць урачы. Яе маці была ў адчаі, прывезла да мяне, плакала…. Я паглядзела на Кацю, а тая ўсміхаецца. На ножкі не можа ўстаць, а ўсміхаецца! Будзе Кацюша жыць, будзе здаровай. Сталі разам з Мамай змагацца за жыццё і шчасце Каці. Шмат сеансаў правяла з ёй, шмат малілася за яе, а яшчэ і вада, і гліна. Каціна мама не адставала, нават калі я з’ехала з Мінска ў Пільшычы, гатавала ёй ежу на нашай вадзічцы са студняў, змазвала глінай ножкі, спінку — выпраміліся ручкі і ножкі. Кацюша стала роднай…
— Ці доўга так было і дзе зараз Каця?
— Каця паступіла ва універсітэт, будзе юрыстам. Зараз яна звычайны чалавек. Усе хваробы зніклі. Усё яе дзяцінства мы змагаліся за здароўе разам. Верылі! Гэта адна з самых вялікіх маіх перамог — Каціна гісторыя. Бо блізкія не пакідалі яе, клапаціліся аб ёй кожны дзень. А бывае, заедуць з букетам розных немачаў, набяруць вады і гліны — і думаюць, усё… Трэба больш строга, патрабавальна да сябе ставіцца, трэба навучыцца нешта мяняць у жыцці, самому зрабіць нешта добрае для іншых, не зацыклівацца на хваробах… Я працавала і ў клініках. Вельмі добра было б, калі б народныя лекары сталі побач з урачамі, каб тыя таксама паверылі ў прыродную сілу вады і гліны. Без лекаў вылечваюцца трафічная язва, гангрэна, нават дзіцячы цэрэбральны параліч. Гэта тут, у Пільшычах… Сергій Раданежскі дапамагае беларусам. Таму і іспытаў столькі…
— Цяпер у крамах прадаюць у бутэльках шмат найменняў прыроднай вады. Людзі купляюць яе, і гэта стала бізнесам для многіх вытворцаў. Нават брэнды года атрымлівае вада. А чаму няма на прылаўках вады з Пільшычаў?
— Бо чалавек павінен сам адшукаць яе. Рашыцца! Прыехаць ці прыйсці пешшу, папрацаваць, прыняць рашэнне лячыцца не толькі таблеткамі. Трэба паверыць у прыроду, у яе сілу і моц, у яе дабрыню, трэба і Фядоры паверыць, што яна не чужая, а свая, ад Бога… Ведаеш, не так даўно чую ад сваіх пацыентаў: мяне дзесьці на дарозе “падмянілі”…
— Як гэта падмянілі?
— Вельмі проста. Адна жанчына выдавала сябе за мяне. Але яе распазналі…  Так і з вадой! Пільшыцкую ваду з крыніц не заменіць ніводзін брэнд. Але вада пойдзе да людзей, я не магу не верыць у гэта. У свеце ідзе барацьба дабра і зла. Добрага чалавека жорсткія хочуць знішчыць. Як выстаяць? Прыязджайце ў Пільшычы. Вадзічка капне і ў душу… Дабрыні на зямлі стане больш.
— Так, сапраўды! Тут сіла адданых Раданежскаму сэрцаў. А ці даўно вы былі ў Троіца-Сергіевай Лаўры, у Прападобнага Сергія Раданежскага?
— Два месяцы таму! Я люблю ездзіць у Сергіеў Пасад. Сергій Раданежскі мяне выратаваў! У Сергіевым Пасадзе мне і зрабілі аперацыю, калі ўсе ад мяне таксама адмовіліся. Хадзіла да ракі Прападобнага Сергія Раданежскага, прасіла блаславення… А калі выздаравела, убачыла Сергія Раданежскага, які папрасіў апырскаць пільшыцкай вадой вакол ракі, у Музеі Святога Сергія яго кнігі. Я размаўляю з Сергіем Раданежскім і з усімі святымі. А як жа? Гэта вялікае шчасце — пабываць у Лаўры. Званы ўсе на званіцы пяюць. Споведзь ачышчае больш за ваду. Я заўсёды пра гэта кажу тым, хто едзе да мяне. І вада ўмацоўвае споведзь. Трэба чысціць не толькі фізічнае цела, але і думкі, пачуцці… Чалавек — складаная істота, але створаная Богам і бясконца ім любімая. Больш за ўсё разумееш гэта, калі захварэеш! Самому Хрысту спачуваеш…
— Як хораша вы кажаце напярэдадні дня Святой Тройцы… Усім хочацца быць дабрэй, усе хочуць здароўя і радасці…
— Я шмат сама хварэла, перажыла самую страшную хваробу, аперацыі, Але выстаяла! Потым у Маскве, у Інстытуце касмічных даследаванняў, пацвердзілі, што сіла майго ўздзеяння мацней лазера. Да таго ж, і вада ў крыніцах мае мноства мінералаў. Канешне, здароваму лепей.Але як даў Бог, так і ёсць. Важна ўмець спакойна і годна прыняць любую сітуацыю ў лёсе.
— Атрымліваецца, усё трэба перажыць?
— Так, усё Божае. Нашы людзі прыбіраюць усе жорсткія сляды, хто б ні “прайшоўся” па Белай Русі. Такое яе прызначэнне. Трэба быць у адзінстве ўсім праваслаўным.
— Толькі праваслаўным ці быць разам усім людзям?
— Так, нельга раз’ядноўвацца! А калі замкнуўся — усё, згубіў сваіх братоў і сясцёр… Нельга выракацца нікога.
— Выходзіць, чалавек чысціць зямлю, а зямля ўзвышае чалавека, таксама ачышчае яго…
— Так. Мы жывем у Хрысце. У Яго Духу, у Яго энергетычнай сіле. Мы “падключаны”да Яго сілы!.. 

Вольга ЯГОРАВА, наш спецкар.
Мінск — Пільшычы — Мінск
Фота аўтара