Часам — выпадкова...

№ 14 (934) 03.04.2010 - 09.04.2010 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва працуе персанальная выстаўка беларускага мастака Уладзіміра Шапо “Мастакі і прарокі”. Асноўнай тэмай, якая рэфрэнам гучыць у кожнай жывапіснай і графічнай рабоце, з’яўляюцца ўзаемаадносіны майстра і яго Айчыны, з якой творца сябе атаясамлівае. У гэтай паняційнай і геаграфічнай прасторы У.Шапо знаходзіць і выявы, і знакі, і, у выніку, — натхненне.

 

/i/content/pi/cult/257/3841/7-4.jpgПостаць творцы для аўтара ўвасабляецца ў асобах, партрэты якіх таксама прадстаўлены на выстаўцы (настаўнікі, блізкія, сябры); людзях, якія апантана аддаюць сябе мастацтву, "нясуць свой крыж", па словах майстра. Адсюль і задача арганізатараў экспазіцыі: праз ягоны жывапіс, уласныя эксперыменты раскрыць гледачу артыстычную сутнасць Уладзіміра - мастака і чалавека. Мастаку неабходна выконваць сваё прызначэнне сапраўды шчыра. Менавіта адкрытасць свету, людзям дае магчымасць праецыраваць свае назіранні-перажыванні на палатно, паперу. Чысціня ўспрымання, шчырасць у дачыненні да сябе і навакольных, годнасць і імкненне не здраджваць сабе - творчае і жыццёвае крэда аўтара. Творчасць Шапо - гэта шлях пошуку і бесперапынных спроб. І на палатне, і на паперы мы бачым, як ён умее думаць, як "нестандартна эмацыйна" выплёсквае свае выявы-ідэі, як інтэрпрэтуе, ускладняе, перафразуе звычайнасць і прадметнасць свету прыроды і рэчаў. Мастак мысліць не прасторава, а вобразна. Яго не цікавіць ілюзія, для яго важная сутнасць, і менавіта ў "каляровым іерогліфе" складаецца згустак мастакоўскіх думак і ідэй. Ягоны жывапіс набывае характар плоскасны, дэкаратыўны: яркія фоны, чорны контур, якія пераважаюць, ствараючы характар графічнасці, эфект вітражнасці. Спачатку - думка, потым спяшаецца выява, якая знойдзена, часам - выпадкова...

 Вольга РЫБЧЫНСКАЯ, мастацтвазнаўца