Быкаўскія Козел-Паклеўскія

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Калі вы наведаеце вёску Быкаўшчына, што ў Полацкім раёне, будзеце забяспечаны гасцінным прыёмам. Спачатку алея старых ліп прыветна раскіне галіны, каб парадаваць вока гараджаніна (хаця многія дрэвы, на жаль, не дажылі да цяперашняга часу — вясковая ўлада чамусьці вырашыла, што “старыя” камусьці перашкаджаюць). Садзіў іх яшчэ ў ХІХ стагоддзі тутэйшы пан. Менавіта тут знаходзіўся родавы маёнтак Козел-Паклеўскіх. Сказаць, калі яны ўпершыню аблюбавалі гэтыя мясціны і прыехалі сюды жыць, дакладна зараз не можа ніхто, але па архіўных звестках вядома, што з 1844 года маёнтак ужо знаходзіўся ў валоданні Ганны Козел-Паклеўскай. Дарэчы, раней гэты маёнтак называўся (на польскі лад) Быкаўшчызна і ў склад яго ўваходзілі бліжэйшыя вёскі Глінскія, Чачэлава, Старухі і Лугавыя. Знаходзіўся ён за 130 вёрст ад губернскага Віцебска, за 55 — ад павятовага Лепеля і за 25 – ад Полацка.

 /i/content/pi/cult/117/384/Kozel.jpg
Цяпер у вёсцы Быкаўшчына месціцца Ветрынская школа-інтэрнат, у якой — каля 200 выхаванцаў, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гэта быў дзіцячы дом, і змяшчаўся ён доўгі час менавіта ў панскім асабняку. Гэта драўляны двухпавярховы будынак з вялікімі вокнамі і двума ўваходамі: галоўным і “чорным” — з задняга двара. Ён заўсёды быў пафарбаваны чамусьці ў зялёны колер (гэтая традыцыя штогод падтрымліваецца), і калі жыхары Быкаўшчыны пра яго згадваюць, кажуць: “Пайшлі да зялёнага дома”. Зараз у ім жывуць звычайныя вяскоўцы — шматлікія панскія пакоі ператварыліся ў невялікія кватэры. Панскія стайні з вялізных часаных валуноў і сёння выкарыстоўваюцца школай для гаспадарчых патрэб. У былым збожжатоку — майстэрня, дзе школьнікі вучацца працоўнай справе. Там, дзе, як сцвярджаюць быкаўшчынцы, жыла калісь дачка пана, цяпер — вясковая крама.

Што ж за людзі былі тыя паны, што будаваліся ў разліку не на адно стагоддзе? Захаваўся радавод сям’і Козел-Паклеўскіх, складзены 27 верасня 1829 года, які налічвае каля сямі галін.

У Фамы Козела і Ганны Козел-Паклеўскай быў сын Альфонс. Ён і атрымаў маёнтак у спадчыну і з 10 снежня 1845 г. стаў паўнапраўным уладальнікам Быкаўшчызны. Аб новым гаспадары вядома, што ён служыў чыноўнікам па асобых даручэннях пры генерал-губернатары Заходняй Сібіры. Пасля службы арганізаваў прамысловую кампанію ў Табольскай і Цюменскай губернях, браў актыўны ўдзел у асваенні Заходняй Сібіры, арганізоўваў паравое суднаходства на рэках Об, Іртыш і Тура.

У гэты час у родавым маёнтку разгарнулася вялікае будаўніцтва. Узводзілі новы двухпавярховы дом, стайні, збожжаток, збожжасховішча, кузню. Шмат што з пабудаванага прастаяла да нашых дзён амаль у першапачатковым выглядзе.

На тэрыторыі Быкаўшчыны знаходзіліся яшчэ і чатыры сажалкі, злучаныя паміж сабой грунтовымі водамі, — таму яны заўсёды заставаліся чыстымі. Але ў сярэдзіне ХХ стагоддзя ў вёсцы пачалі будаваць новы дом для школы-інтэрната і ненаўмысна парушылі гэтае злучэнне.

… Альфонс Фаміч ажаніўся з Анжалікай Восіпаўнай Рымша. Іх сямейнае жыццё было шчаслівым. У іх нарадзіўся сын, якога таксама назвалі Альфонсам.

Ганна Козел-Паклеўская памерла ў 1856 годзе.Унук у памяць аб ёй зрабіў надмагільную пліту ў выглядзе вялізнага чатырохкутнага валуна даўжынёю больш за метр, з надпісам на польскай мове. Зараз яна знаходзіцца на могілках вёскі Быкаўшчына.

Сам Альфонс Фаміч памёр 28 жніўня 1890 года. У 1893 годзе яго жонка падала прашэнне генерал-губернатару, каб дазволілі пабудаваць фамільны помнік над магілай мужа. Гэта павінна была быць капліца. 25 кастрычніка 1893 года прыйшоў, на жаль, адмоўны адказ. Але Анжаліка Козел-Паклеўская не адступала — магчыма, прадбачыла сваю блізкую смерць, таму хацела паспець пакінуць памяць пра мужа. У 1894 годзе зноў падала прашэнне, дзе абяцала, што богаслужэнні ў капліцы адбывацца не будуць. І 23 снежня 1894 года сям’я нарэшце атрымала дазвол. У 1900 годзе сын Альфонса Фаміча абвясціў аб заканчэнні будаўніцтва і яшчэ раз пацвердзіў, што капліцу не будуць наведваць праваслаўныя. Касцёл-капліца быў пабудаваны на 50 месцаў (7х7 сажняў унутры). А пад капліцай — склеп на 36 месцаў для памерлых.

8 кастрычніка 1901 года віцебскі генерал-губернатар афіцыйна дазволіў членам сям’і карыстацца капліцай, зноў-такі пры ўмове, што яе не будуць наведваць мясцовыя праваслаўныя сяляне. Вось так марудна вырашаліся ў тыя часы канфесійныя пытанні.

Альфонс Альфонсавіч хадайнічаў аб устаноўцы алтара. А ў 1901 годзе спачыла Анжаліка Восіпаўна і была пахавана ў фамільным склепе.

Антырэлігійны рух ХХ стагоддзя не абышоў і Быкаўшчыну. Капліцу разбурылі. Астанкі людзей, што знаходзіліся ў склепе, былі перапахаваны на мясцовых могілках. Старажылы расказвалі, што тады ніхто і не думаў пра абрад пахавання — труны з нябожчыкамі проста скінулі ў агульную магілу. Зараз нават вызначыць цяжка, дзе яна. Ніжні ярус склепа засыпалі пяском, два верхнія засталіся. Да нядаўняга часу склеп выкарыстоўваўся як склад гаруча-змазачных матэрыялаў.

У 2004 годзе Ветрынская школа-інтэрнат адзначыла 80-годдзе. Шмат змянілася з тых часоў, калі гаспадарылі тут паны Козел-Паклеўскія. Але двухпавярховы дом яшчэ стаіць і па-старэчы ласкава глядзіць вялікімі вачыма-вокнамі на зменлівую сучаснасць. І старэнькія прыступкі на вітой лесвіцы гэтак жа рыпяць.

Вось так і жывуць вяскоўцы побач з сапраўднай старажытнасцю і кожныдзень “пішуць” новую старонку гісторыі роднага краю. І, можа, праз два стагоддзі хтосьці зацікавіцца і нашым побытам. Хто ведае? На тое воля часу.


Таццяна МАЦЮШОНАК,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ