І Багушэвіч

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

19 сакавіка, як паведаміла “К” начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская, уЖупранахпрайшло раённае тэатралізаванае свята “Жыць, служыць і тварыць для народа”, прысвечанае 170-годдзю з дня нараджэння пачынальніка нашай нацыянальнай літаратуры Францішка Багушэвіча.

 

Як вядома, менавіта ў Жупранах класік знайшоў апошні спачын. У мясцовым скверы ўстаноўлены помнік паэту, адвакату, змагару за беларусаў. А ў Жупранскай сярэдняй школе імя Францішка Багушэвіча дзейнічае музейны пакой у гонар аўтара "Дудкі беларускай". Адкрыццё свята адбылося ў вясковым скверы, ля помніка класіку. Апрача прадстаўнікоў раённых улад выступіла і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Лузіна. На магілу класіка былі ўскладзены кветкі. Свята прадоўжылася ў мясцовым СДК, дзе працавалі выстаўкі кніг і вырабаў народных майстроў Ашмяншчыны, а таксама дзейнічала экспазіцыя з фондаў мясцовага краязнаўчага музея. Цягам тэатралізацыі да прысутных выйшаў "сам" Багушэвіч. А 25 сакавіка ў Ашмянах прайшла раённая канферэнцыя "Францішак Багушэвіч. Гонар і годнасць беларусаў". У ёй бралі ўдзел аматары і знаўцы нашай літаратурнай спадчыны. А ў Ашмянскім краязнаўчым музеі любы ахвотны мог пабачыць выстаўку "Шануем памяць аб табе, наш славуты зямляк", дзе прастаўлены асабістыя рэчы пісьменніка.