“Багема” і Стамбул

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

Хто сказаў, што гастролі часцей прыпадаюць на лета ці калядныя тыдні? Вясной таксама для іх самы час.

Салістка Нацыянальнай оперы Настасся Масквіна днямі вярнулася з Масквы, дзе ўдзельнічала ў пастаноўцы і прэм'еры аперэты "Лятучая мыш" І.Штрауса ў Вялікім тэатры Расіі (дарэчы, мастаком-пастаноўшчыкам выступіў знакаміты сцэнограф Зіновій Марголін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі). 22 сакавіка оперная трупа нашага тэатра выехала ў Нідэрланды і Бельгію, дзе пакажа 12 спектакляў "Багемы", у тым ліку ў Каралеўскай оперы ў Гаазе. А 31-га Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі выправіцца ў Турцыю. І ўсё гэта - не спыняючы выступленняў на радзіме. Ансамбль танца правёў ужо тры канцэрты ў межах Культурна-грамадскай акцыі "Беларусь - гэта мы!", удзельнічае ў праекце "Чарнобыльскі шлях - дарога жыцця", выступаючы ў раёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. - Трупа падзялілася на некалькі частак, - адкрыў сакрэт гэткай усюдыіснасці мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч. - "Чарнобыльскім шляхам" крочаць 8 пар артыстаў, у Турцыю паедуць 10 пар. Яшчэ ў студзені мы далі ў гэтай краіне тры канцэрты- і адразу атрымалі новае запрашэнне. Так бывае заўсёды: прыязджаем, робім фурор - і нас запрашаюць зноў. Гэтым разам будзе 7 канцэртаў, усе- у Стамбуле, на адной пляцоўцы, без аніякіх пераездаў. Павязём туды шматнацыянальную праграму, але большасць нумароў будуць, вядома, беларускімі: то запальнымі па характары, то лірычнымі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"