Рэклама таксама Відовішча

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

Канчатковыя вынікі другога этапа конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” будуць падведзены ў красавіку.

 

У публікацыях Рэспубліканскага прэс-цэнтра мерапрыемства, які працуе на базе нашай Рэдакцыйнавыдавецкай установы, мы неаднаразова давалі слова прадстаўнікам журы па розных намінацыях. Сёння ж слова - старшыням судзейскіх калегій у намінацыях "Рэжысура масавых святаў, тэатралізаваных прадстаўленняў і шоу-праграм" і "Сацыяльная рэклама". Асаблівасцю спаборніцтваў у гэтых намінацыях быў іх завочны характар. Згодна з рэгламентам конкурсу, сцэнарыі сваіх будучых імпрэз удзельнікі здавалі ў пісьмовым выглядзе. Лепшыя па выніках мясцовых адбораў заяўкі былі адпраўлены ў сталіцу, дзе яны цяпер знаходзяцца на разглядзе журы. Дарэчы, у яго склад па рэжысёрска-сцэнарных намінацыях, як, дарэчы, і па іншых, увайшлі толькі найлепшыя практыкі і тэарэтыкі тэатральнага і тэлевізійнага мастацтва.

На жаль, убачанае іх збольшага не натхніла... - З амаль 25 заявак, што мы атрымалі з ўсёй краіны, па-сапраўднаму не спадабалася ніводная,- дзеліцца думкамі старшыня журы "Зоркі..." ў намінацыі "Сацыяльная рэклама", прафесар кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, рэжысёр і сцэнарыст Павел Іваноў. - Асноўная рыса ўсіх работ- адсутнасць свежых, нечаканых ідэй. Усе тэмы збольшага вядомыя. Ніякіх мастацкіх "азарэнняў" мы ў дасланых рукапісах не ўбачылі... На думку Паўла Іванова, усе работы рэзка падзяляюцца на дзве няроўныя часткі: узровень задум прафесіяналаў, студэнтаў той жа Акадэміі мастацтваў, куды вышэйшы за сцэнарыі аматараў. Прычым розніца такая відавочная, што, па словах старшыні журы намінацыі, у дадзеным выпадку больш адпаведным быў бы падзел конкурсу згодна з гэтым крытэрыем на дзве катэгорыі. Недастатковай старшыня журы лічыць і колькасць удзельнікаў: "Мяркую, тут паўплывалі сціслыя тэрміны падрыхтоўкі першага тура, з прычыны чаго арганізатары на месцах не паспелі сабраць шмат цікавых асоб. Тое, што яны ў раёнах ёсць, - не выклікае сумненняў: паглядзіце, як імкліва развіваліся ў апошнія гады мясцовыя тэлеканалы!" З уражаннямі ад конкурсу Паўла Іванова ў многім салідарная галоўны рэжысёр Беларускай дзяржаўнай філармоніі Ніна Осіпава - старшыня журы ў намінацыі "Рэжысура масавых святаў, тэатралізаваных прадстаўленняў і шоу-праграм". - На жаль, 95% сцэнарыяў, якія мы атрымалі, зусім не цікавыя, - кажа Ніна Осіпава. - Іх аўтары мысляць занадта стандартна, у работах пераважаюць шаблоны і стэрэатыпы.

Яно, насамрэч, не дзіва, бо ў асноўным гэта - сцэнарыі правядзення нейкіх мерапрыемстваў у арганізацыях, дзе працуюць канкурсанты. У рэгламенце самога спаборніцтва не падкрэслена, што прымаюцца не толькі сцэнарыі пастаўленых дзей, але і любыя праекты. Аднак ад моладзі ўсё роўна чакалі больш яскравай фантазіі, а галоўнае - арыгінальных задумак... Сярод усіх заявак найбольш цікавымі журы падаліся два сцэнарыі, якія хоць і не падпадаюць пад класічнае азначэнне масавага мерапрыемства, але напісаны вельмі таленавіта. "Галоўнай нашай задачай на "Зорцы..." я лічу не ўзнагароджанне самых лепшых, а- пошук патэнцыйных талентаў, тых, хто мае здольнасці, але не можа праявіць іх у паўсядзённых абставінах", - кажа Ніна Осіпава. На яе думку, падрыхтоўка рэжысёраў масавых відовішчаў у нас вядзецца, у асноўным, у накірунку народных святаў, хоць жанравая і тэматычная палітра тут значна шырэйшая за названую. Так ці інакш, але нават прамежкавыя вынікі конкурсу маладых талентаў прыносяць плён, высвятляючы надзённыя пытанні падрыхтоўкі. Пасля завяршэння спаборніцтва на падставе інфармацыі, сабранай прэс-цэнтрам конкурсу, плануецца правесці "круглы стол". З яго вынікамі мы абавязкова пазнаёмім чытачоў "К".