Неаготыка Міра

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

У магнацкім асяродку ў ранейшыя часы адной з традыцый было стварэнне родавых пахаванняў у адмысловых магільных склепах. І хоць яны саступалі ў маштабах егіпецкім пірамідам, многія з іх вылучаліся адметнай архітэктурнай эстэтыкай і з’яўляюцца унікальнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Адзін з такіх аб’ектаў знаходзіцца ў Міры, ля знакамітага замка Святаполк-Мірскіх.

 

/i/content/pi/cult/256/3825/22-1.jpgЛітаральна год таму адкрыла свае дзверы для наведвальнікаў царква спачывальня апошніх уладальнікаў Мірскага замка. Яна размешчана ў маляўнічым англійскім парку, закладзеным напрыканцы ХІХ - пачатку ХХ стст. па асабістым распараджэнні княгіні Клеапатры Міхайлаўны СвятаполкМірскай. Праект царквы быў выкананы пецярбургскім архітэктарам Робертам Марфельдам і ўхвалены Будаўнічым аддзяленнем Мінскага губернскага ўпраўлення 24 жніўня 1902 г. Цікава, што правілы таго часу не прадугледжвалі абавязковага наведвання месцаў, для якіх складаецца праект. Таму архітэктар тут ніколі і не бываў, але, безумоўна, валодаў інфармацыяй пра веліч замка. Ён паспрабаваў зблізіць два збудаванні - сярэднявечны замак і царквуспачывальню: скіраванасцю ўгару, гатычнай стылістыкай і колерам чырвонай цэглы.

Княгіня Клеапатра не шкадавала сродкаў, і спачывальню фактычна "вырасла" да аб'ёмаў невялікай царквы: з вежай-званіцай, двума парталамі і нават з сістэмай ацяплення. Будаўніцтва распачалося ў 1904-м. З якога года царква пачала дзейнічаць, доўгі час заставалася невядомым. Праца ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь дазволіла вызначыць год, калі ў дакументах упершыню згадваецца царква-спачывальня. Цяпер можна з дакладнасцю сцвярджаць, што будаўнічыя работы былі завершаны ў 1910 г. У ведамасцях цэркваў акругі за дадзены год пазначана наступнае: "Церквей кладбищных к сей Николаевской церкви приписанных: Мирская Свято-Георгиевская кладбищенская и Симаковская Свято-Покровская такая же, обе каменные, и церковь-склеп князей Святополк-Мирских в имение Замирье". У той жа час, у кліравай ведамасці Мірскай Мікалаеўскай царквы за 1909 г. ніякіх звестак пра царквуспачывальню князёў Святаполк-Мірскіх не было. Таму можна аспрэчыць меркаванне, якое існавала дагэтуль, што будаўніцтва вялося з 1904 па 1911 гг. Нельга не адзначыць і адметнае хараство помніка гісторыі. У прыватнасці, фасад царквы ўпрыгожвае мазаічнае пано з выявай Ісуса Хрыста, выкладзенае з кавалачкаў каляровага шкла - смальты. Паводле адной з версій, яно было выканана ў прыватнай мазаічнай майстэрні Фралова ў Санкт-Пецярбургу, паводле іншай - спецыялістам з Познані, у пары з якім працаваў мясцовы майстар Іван Панько. На жаль, ні першая, ні другая версіі дагэтуль дакументальна не пацверджаны. А мазаічнае пано і сёння працягвае ўражваць кожнага чалавека, дзякуючы спалучэнню насычаных колераў, эфектнаму залатому фону і пранізліваму погляду Хрыста.

/i/content/pi/cult/256/3825/22-2.jpgСёння побач з пано прымацавана копія картуша Святаполк-Мірскіх з гербамі двух гарадоў: Кіева і Масквы. Картуш і пано з'яўляюцца, фактычна, самастойнымі элементамі архітэктурнай кампазіцыі царквы. У структуры гэтага аб'екта былі прадугледжаны два самастойныя ўзроўні. Верхні- царква, разлічаная на абмежаваную колькасць вернікаў, ніжні- прастора самой спачывальні. У інтэр'еры царквы былі абраны спакойныя тэракотавыя тоны, строгі геаметрычны арнамент, фіялетавая размалёўка. Адноўлены летась іканастас дапоўніў унутраную прастору царквы. У наш час у магільным склепе знаходзіцца шэсць магіл, хоць, паводле праекта Марфельда, крыпта была разлічана на дваццаць пахаванняў. Калі быў перапахаваны там князь Мікалай Святаполк-Мірскі, невядома (па некаторых звестках, яго пахавалі каля сцен Мікалаеўскай царквы). У лютым 1910 г. у царкве была пахавана княгіня Клеапатра Міхайлаўна. А праз тры гады, 3га мая, у родавым склепе спачыла іх унучка Сонечка Святаполк-Мірская.

 Гэты факт быў зафіксаваны ў дзённіку богаслужэнняў за 1899 - 1914 гг., які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь. "3 мая 1913 года - утренняя Литургия и панихида священника Хлебцевича с дьяконом Занцевичем. Провод со станции Замирье в Мир княжны СвятополкМирской. Панихиды и погребение в склепе имения Замирье. Протоиерей Ф.Степуро, священники М.Русецкий, И.Хлебцевич". Пазней, у 1922 і 1938 гг., у царкве былі пахаваны двое сыноў князя Мікалая і княгіні Клеапатры - Іван і Міхаіл. Пахаванне князя Міхаіла Мікалаевіча засталося ў памяці многіх старажылаў Міра. Яны памятаюць, як памінальная служба па князю была праведзена ў Мікалаеўскім касцёле (у 30я гады ХХ стагоддзя ён стаў каталіком), як труну з целам неслі па вуліцы Нясвіжскай у царкву ў суправаджэнні аркестра гарадской пажарнай каманды, памятаюць натоўпы людзей, што прыйшлі правесці ў апошні шлях князя, якога так паважалі і пра якога дагэтуль выказвалі толькі добрыя водгукі. Аднак толькі некаторыя з прысутных на пахаванні змаглі трапіць унутр склепа. Па сённяшні дзень гэты гістарычны помнік захоўвае шэраг таямніц. У прыватнасці, даследчыкі не могуць адказаць на пытанне, хто ў царкве СвятаполкМірскіх пахаваны шостым. Існуе некалькі версій. Паводле адной з іх, - князь Уладзімір Мікалаевіч Святаполк-Мірскі, які памёр у Егіпце ў 1906 г., паводле другой, - князь Мікалай Сямёнавіч Святаполк-Мірскі (унук князя Мікалая і княгіні Клеапатры), і, нарэшце, па трэцяй версіі, - адна з цётак князя Міхаіла.

Вольга НАВІЦКАЯ, Людміла ПРАКАПЕНКА,

навуковыя супрацоўнікі філіяла "Замкавы комплекс "Мір" Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь