Партрэт на фоне майстэрні

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

У Мемарыяльным музеі-майстэрні народнага мастака СССР, народнага мастака БССР Заіра Азгура адкрылася першая выстаўка-інсталяцыя “Партрэт на фоне майстэрні” — частка выставачнага рэтраспектыўнага праекта “Месца памяці”, прысвечанага знамянальным старонкам — імёнам, датам, падзеям — гістарычнага мінулага Беларусі.

 

/i/content/pi/cult/256/3823/13-1.jpg"...Мяне ўзрадавала мая цяперашняя майстэрня. Тры гады таму я пачаў яе абжываць і зрабіў тут ужо 17 новых работ і адзін помнік (для Гродна). У мяне ўзнікае адчуванне роднага дому ў гэтай майстэрні... І ёсць мара ў адведзены мне тэрмін працягваць актыўную творчую работу..." - пісаў Заір Ісакавіч неўзабаве пасля атрымання гэтай майстэрні. "Пілотная" экспазіцыя - даніна памяці скульптару, які пятнаццаць гадоў таму назаўсёды пакінуў прастору сваёй студыі. Творчая майстэрня Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску па вуліцы Трактарнай, 4 (сёння - вуліца З.Азгура) - апошняя, самая любімая, вартая таленту скульптара студыя. Тут, у штодзённай працы і клопатах, стваральнік правёў 11 гадоў. У гэтых сценах ім было створана больш за 50 твораў, лепшыя з якіх склалі "залаты фонд" беларускай скульптуры ХХ стагоддзя.

У выставачнай прасторы прадстаўлены дакументальныя сведчанні, на аснове чаго можна часткова рэканструяваць падзеі 1980-х - 1990-х гадоў, якія маюць непасрэдныя адносіны да гісторыі стварэння, жыццядзейнасці і музеефікацыі азгураўскай майстэрні. У архіўных дакументах таксама адлюстраваны этапы будаўніцтва, абсталявання і эксплуатацыі будынка: перапіска скульптара з прадстаўнікамі органаў улады і творчых арганізацый, фотаздымкі і г. д. Канцэпцыя дадзенага выставачнага праекта - "вяртанне" Заіра Азгура ў прастору яго творчай майстэрні. Менавіта таму ў графічнае і візуальнае поле экспазіцыі ўключаны асабістыя рэчы майстра: станок, на якім ён ствараў свае скульптуры, рабочыя інструменты і роба, крэсла, дзе мастак размяшчаўся для сузірання выстаўленых у Скульптурнай зале твораў; прадметы, "атрыбуты", добра вядомыя яго сучаснікам, што суправаджалі Азгура на працягу яго творчага шляху: кіёк, люлькі, чорны бант і берэт.