Тэматыка яе работ вельмі разнастайная: гісторыя роднай Беларусі, матывы купалаўскіх вершаў, прыродныя з'явы, стан душы чалавека... Прытрымліванне традыцый народнага мастацтва, глыбокае і эмацыйнае бачанне свету, выкарыстанне вобразных рашэнняў, тонкае адчуванне колеру, спалучэнне гладкага ткацтва з фактурай - усё гэта прываблівае гледача да твораў майстра... Яе манументальнае мастацкае ткацтва ўпрыгожвае інтэр'еры і залы шматлікіх устаноў сталіцы, гарадоў і паселішчаў Беларусі, знаходзіцца ў палацах культуры, Канцэртнай зале "Мінск", ёсць яно і ў Расіі, а створаны габелены як у сааўтарстве, так і самастойна. Значнай падзеяй у творчым жыцці Наталлі стала адна з апошніх яе манументальных аўтарскіх работ для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі - габелен "Рагнеда". Выставачныя габелены Н.Сухаверхавай "Сонечная сюіта", "Цвіценне", "Летнія навальніцы", "Сонтрава", "Змрок" і іншыя - някідкія на першы погляд, прасякнутыя светлым пранізлівым пачуццём і ўзнёсласцю. Купалаўскія радкі "Святло сонца пануе на зямлі..." вельмі ўдала абраны эпіграфам да выстаўкі рамантычных і жыццесцвярджальных твораў Наталлі Сухаверхавай.