“Спеў дубраў” у вясковай філармоніі

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Музычны фестываль, аб якім пойдзе гутарка, не з’яўляецца ні буйнамаштабным, ні шырокавядомым. Але, дзякуючы цікавай канцэпцыі, вялікай адказнасці і любові да сваёй справы з боку яго арганізатараў, мерапрыемства гэтае, бясспрэчна, вартае ўвагі

 /i/content/pi/cult/117/382/Krupicy.jpg
Такім чынам, знаёмцеся: “Спеў дубраў”! Каля 100 навучэнцаў мае школа мастацтваў у вёсцы Крупіца Мінскага раёна і школа гэтая разам з аддзелам культуры райвыканкама выступіла ініцыятарам раённага фестывалю юных цымбалістаў, скіраванага найперш на навучэнцаў школ мастацтваў.

Праводзіцца фестываль раз у два гады. Такім чынам, сёлетні, пяты, фестываль, які нядаўна прайшоў у Крупіцы, азначае юбілейны — дзесяты год правядзення гэтага цымбальнага свята. На кожным з крупіцкіх фестываляў абавязкова прысутнічаюць вядомыя ў краіне музыканты. І, па сутнасці, рыхтуючыся да фестывалю, навучэнцы школ мастацтваў спаборнічаюць за права выступіць у адным канцэрце са знакамітасцямі.

Сёлета, калі адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння стваральніка беларускіх канцэртных цымбалаў, народнага артыста СССР, прафесара Іосіфа Жыновіча, імя гэтае шырока гучыць па ўсёй краіне, Майстру прысвячаюцца самыя розныя імпрэзы. Крупіцкі музычны фестываль прапагандуе творчасць гэтага выбітнага дзеяча айчыннай культуры цягам усіх 10 гадоў.

Аб тым, як узнікла гэтая ідэя, я папрасіла распавесці дырэктара Крупіцкай школы мастацтваў Зою Гром.

— 10 гадоў таму, — гаворыць Зоя Макараўна, — мы правялі рэформу сваёй музычнай школы, ператварыўшы яе ў школу мастацтваў, скіраваную найперш на вывучэнне беларускага народнага мастацтва. Адпаведна, больш зацікавіліся і народнымі інструментамі, задумаліся аб правядзенні адметнага цымбальнага свята ў Крупіцы ў гонар самага вялікага рыцара цымбалаў Іосіфа Жыновіча. Разам з Цэнтрам культуры і баўлення вольнага часу вырашылі адрадзіць цымбальны ансамбль, які некалі існаваў у вёсцы.

Сёння гэты калектыў называецца “Пралескі” і мае найменне “народны”. Ідэя ж правядзення не проста цымбальнага свята, а раённага фестывалю ў Крупіцы належала тагачаснаму начальніку аддзела культуры райвыканкама Руслане Рэут.

У кожнага з крупіцкіх музычных фестываляў была свая адметная праграма. На першым з іх дэманстраваўся дакументальны фільм пра жыццёвы шлях Іосіфа Жыновіча, пра тое, як малады Жыновіч з вясковымі цымбаламі пад пахай прыйшоў у Тэатр Янкі Купалы і быў прыняты на працу ў спектакль“Паўлінка”. На першым фестывалі сваімі ўспамінамі пра Жыновіча дзяліліся яго жонка Галіна, дочкі Ліляна і Антаніна. Падчас аднаго з наступных фестываляў Крупіца сабрала вядомых цымбалістаў — вучняў Жыновіча. Потым была сустрэча з дзецьмі вучняў, так бы мовіць, унукамі Жыновіча…

У дзень правядзення V раённага фестывалю юных цымбалістаў “Спеў дубраў” у Крупіцу ўпершыню прыехалі народны артыст Беларусі Міхась Казінец, удзельнікі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча, яго вучні — вядомы цымбаліст Алесь Лявончык — бацька сусветнавядомага цымбаліста Міхаіла Лявончыка, выкладчыца БДУ культуры і мастацтваў Марыя Міцуль.

Аказваецца, людзей гэтых звязвае з Крупіцай не толькі імя іх настаўніка: маэстра Казінец у студэнцкія гады працаваў у Крупіцы на ўзвядзенні помніка загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне, а Алесь Лявончык на працягу 10 гадоў выкладаў цымбалы ў тутэйшай школе мастацтваў.

Літаральна затаіўшы дыханне знаёміліся юныя цымбалісты з фрагментамі дакументальнага фільма — на гэты раз пра маладога Міхася Казінца, якому Іосіф Жыновіч перадаў кіраванне сваім аркестрам. З захапленнем глядзелі яны і на ўзнагароды Алеся Лявончыка за музычную працу — ордэн працоўнага Чырвонага Сцяга і тры медалі.

Перад выступленнямі навучэнцы школ мастацтваў хваляваліся. Але не адзін з іх не разгубіўся на сцэне. Пэўна, такія мерапрыемствы і вучаць заўсёды трымаць сябе на вышыні.

У цымбальным выкананні гучала самая разнастайная музыка: “Дзве ўкраінскія песні” Жыновіча, “Анна-полька” Штрауса, “Тарантэла” Расіні, “Гордая краса паставы” Чыары, “Пасадобль” Лепіна. Удалымі былі выступленні і ўзорнага ансамбля “Глорыя” Заслаўскай ДМШ, і выхаванцаў Сенніцкай ДМШ, якая прадставіла на фестываль аж два цымбальныя ансамблі, і юных выхаванцаў Заслаўскай, Міханавіцкай і, вядома, Крупіцкай школ мастацтваў. Яшчэ больш шырокія магчымасці інструмента дэманстравалі артысты аркестра імя І.Жыновіча — заслужаная артыстка Беларусі Ларыса Рыдлеўская і лаўрэат міжнародных конкурсаў Юлія Высоцкая.

Гукі музыкі ліліся прыгожа, узвышана і годна. Дый увогуле імпрэза ў абноўленай у класічным стылі — з драпіраванымі парцьерамі, крыштальнымі люстрамі — зале Крупіцкага цэнтра культуры і баўлення вольнага часу была сапраўдным філарманічным канцэртам.

Дарэчы, юныя крупіцкія цымбалісты прапагандуюць гэты інструмент і за межамі краіны. Сёлета ўдзельніцы фестывалю “Спеў дубраў” Кацярына Бадытчык, Хрысціна Гацко, Таццяна Грамовіч ужо другі раз прымуць удзел у міжнародным фестывалі юных музыкаў у Германіі.


Наталля РУСАК
Мінск — Крупіца — Мінск
Фота аўтара