Партрэты... публікі

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

Ва ўсіх тэатрах у фае — партрэтныя галерэі акцёраў, рэжысёраў, зрэдчас бачым партрэты дырэктараў, мастакоў. У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, акрамя пералічанага, — партрэты ўсіх прадстаўнікоў адміністрацыі, загадчыкаў цэхаў трупы!

 

Што іх аб'ядноўвае?..

 Лучыць гэтых людзей удзел у грамадскім жыцці тэатра. А некаторыя з іх проста дапамагаюць калектыву: можа, з-за любові да тэатра, а можа, з-за павагі да яго кіраўніка. Толькі - не па абавязку. Валерый Будзько, раней - намеснік кіраўніка спецтрэста № 15, цяпер - кіраўнік трэста "Спецбетон". Шэфствуе над тэатрам 18 гадоў. Вядомы будаўнік - наведвальнік усіх прэм'ер, а пасля работы часцяком завітвае да дырэктара - мастацкага кіраўніка РТБД Валерыя Анісенкі, каб падзяліцца вопытам кіраўніцтва вялікім калектывам. І - запытацца: чым дапамагчы? Яшчэ адзін будаўнік - ды не проста па прафесіі, а заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь! - Мікалай Шарамет, кіраўнік будтрэста № 9. Яго знаёмства з Анісенкам пачалося з таго, што апошні, прыхапіўшы пад паху макет да свайго будучага спектакля "Макбет", рушыў у бліжэйшы будтрэст з адным-адзіным пытаннем: як прапілаваць у планшэце сцэны люкі для таго, каб усталяваць там асвятляльныя прыборы? Трапіў да Шарамета, і той склікаў добраахвотнікаў, якія і зладзілі тыя люкі. Спектакль даўно сышоў са сцэны, сама падзея ўжо амаль забылася, а сяброўства з тэатрам у Шарамета засталося. Маладыя ж рабочыя трэста і па сёння з ахвотай дапамагаюць установе. Наступны герой галерэі "будуе" лёсы творцаў - рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства Рычард Смольскі.

Частка маладой акцёрскай трупы - выпускнікі Акадэміі. Рэктар наведвае спектаклі, вучэбныя прагляды: справа ў тым, што ў Цэнтры беларускай драматургіі пра РТБД ладзіцца шмат сумесных з Акадэміяй мерапрыемстваў і майстар-класаў. Драматург Сяргей Кавалёў - аўтар самай "доўгайграючай" п'есы на сцэне РТБД. Яго "Стомлены д'ябал" у рэпертуары - больш за 10 гадоў! Тут жа ўпершыню ўбачылі свет рампы і такія яго работы, як "Дзённік паэта", "Сёстры Псіхеі" (спектакль атрымаў Гран-пры фестывалю "Баспорскія Агоны" ў Еўпаторыі). З'яўляючыся прафесарам Люблінскага універсітэта, Кавалёў ужо тройчы спрыяў гастролям РТБД у Польшчы. Пераклады з польскага п'ес Тадэвуша Ружэвіча "Галадар" і "Вяртанне галадара" для тэатра таксама зроблены ім. І яшчэ раз пра Цэнтр беларускай драматургіі. Менавіта тут быў адкрыты талент Дзіяны Балыка. Дэбютавала яна п'есай "Чорны анёл з белымі крыламі" ў пастаноўцы рэжысёра Венедыкта Расстрыжэнкава. Дэбют Балыка-драматурга прыцягнуў да тэатра сучасную моладзь: спектакль з'яўляецца адным з лідэраў рэпертуару. Пазней Балыка, па замове тэатра, напісала п'есу ў вершах "Раман і Юлія", якую ўвасобіла з дапамогай кіраўніка ўстановы рэжысёр - Кацярына Тарасава. Сёння "ў рабоце" новы твор Балыка - "Жыццё ў Бога". Хто ж не пазнае на партрэце класіка айчыннай драматургіі Анатоля Дзялендзіка! Яму падуладны і камедыі, і драмы. Вось і цяпер В.Расстрыжэнкаў рэпеціруе п'есу Анатоля Андрэевіча "Лета". І наступны твар вядомы: Андрэй Курэйчык - безумоўна, ужо з'ява ў сучаснай беларускай драматургіі. У п'есе "Понцій Пілат", што ўбачыла свет на сцэне РТБД, быў незвычайны паварот у трактоўцы вобраза галоўнага героя. Пілат, сталы чалавек, усё раздумвае: чаму яго, поўнага сіл, адважнага героя бітваў, адданага кесару, законапаслухмянага, саслалі ў заняпалую правінцыю? З поспехам ідзе ў РТБД і "П'емонцкі звер" Курэйчыка. Цяпер тэатр спрабуе "збіць" маладога і таленавітага майстра з жанру трагедыі, заказаўшы Андрэю камедыю.

 ...Любоў да тэатра!

 Перад маімі вачыма - надпіс буйнымі літарамі: "Ганаровыя гледачы тэатра". І першы тут - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, журналіст Анатоль Мяснікоў. Ён - дарадца, мудры чалавек, чые меркаванні дапамагаюць дакладна і больш вобразна ўвасобіць задуму. А прозвішча гэтага чалавека Валерый Анісенка не змог назваць, бо... і не ведаў: - Гэта Алег, шафёр. Неяк загітаваў нас - і мае артысты ўсталі на канькі: адбыўся хакейны матч артыстаў з юнымі хакеістамі! Некаторыя з маіх "дзяцей" з таго матчу прызвычаіліся да спорту, і ў вольны ад рэпетыцый час хто-ніхто з іх займаецца на трэнажорах у нашай спартыўнай зале. Так што, дзякуй Алегу! А вось як клічуць гэтага чалавека - нават і не ведаю, - працягвае Анісенка, паказваючы на іншы здымак. - У тэатры ён абавязкова з'яўляецца раз на тыдзень, з кветкамі для артыстаў. Сам ён і прынёс сваё фота... Дарэчы, ён яшчэ прыводзіць з сабой штораз па тры-пяць чалавек! Побач - здымак намесніка міністра аховы здароўя Віктара Рудэнкі з жонкай- прафесарам, доктарам медыцынскіх навук - Эмай Уладзіміраўнай і дачкой Аленай, кандыдатам навук. Яны наведваюць усе прэм'еры. Працягвае шэраг прарэктар па навуцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, прафесар Марына Мажэйка. Яна разам з Валерыем Анісенкам выхоўвае студэнтаў у БДУКіМ. "Калі чалавек прачытае хаця б некалькі "разумных" кніжак, гэта ўжо назаўсёды адбіваецца на ягоным твары", - у гэтай думцы сыходзяцца абодва выкладчыкі.

 Наступны твар, хоць чалавек гэты заўсёды стаіць на сцэне спінай да глядзельнай залы, таксама пазнавальны: загадчык кафедры дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Пётр Вандзілоўскі з жонкай Дзінай. Яны прызнаюцца, што ў нячастыя вольныя гадзіны абавязкова тэлефануюць у РТБД, каб запытацца: "А што ў вас ідзе сёння ўвечары?" Карацей: партрэты ў фае падабраліся не па пасадах людзей, а, так бы мовіць, па сэрцы. Усім ім кіраўнік тэатра прапанаваў пажыццёвы пропуск на які заўгодна дзень. "Не, - адказваюць сябры тэатра, - набываем квіткі, і рады будзем, калі пабачым шыльду: "На сёння ўсе білеты прададзены". Дарэчы, Валерый Анісенка не стамляецца казаць сваім акцёрам: - Трэба навучацца не толькі сцэнічнаму майстэрству, а мець вакол сябе сяброў, прыхільнікаў менавіта нашага тэатра, не жыць у ізаляцыі ад грамадства. Памнажайце колькасць стэндаў, павялічвайце кола сяброў! З імі лягчэй жыць і працаваць: самі ж бачыце іхні ўнёсак у нашу працу.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр