Узоры паясоў… на марках

№ 13 (933) 27.03.2010 - 02.04.2010 г

Урачыстая прэзентацыя канвертаў з эксклюзіўнай маркай, дзе змешчана выява слуцкіх паясоў, адбылася 26 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Наведвальнікі мелі магчымасць набыць канверт, на якім стаіць штэмпель Першага дня, і стаць уладальнікамі маркі, што была выдадзена тыражом толькі 1000 экземпляраў. Падзея стала нагодай яшчэ раз звярнуць увагу на выдатны ўзор беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - слуцкі пояс. Нагадаем, дзякуючы ініцыятыве дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова цягам ужо двух гадоў у нас выстаўлены экспанаты з калекцыі маскоўскага Дзяржаўнага гістарычнага музея - восем слуцкіх паясоў. А на фасадзе ўстановы размешчаны вялікія банеры з іх выявамі, якія прыцягваюць увагу да гэтай нацыянальнай каштоўнасці ўжо здалёк. Змясціць выяву пояса на марцы - таксама ідэя дырэктара, і яе ахвотна падтрымала Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь. У час прэзентацыі са спецыяльна прымеркаванай да мерапрыемства музычна-тэатралізаванай праграмай выступіў харэаграфічны ансамбль "Харошкі".