Знайсці пару парнай дудцы

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Прамысловая вытворчасць народных музычных інструментаў у Беларусі шукае сёння новыя формы гаспадарання. Менавіта пра гэтую праблему ішла гаворка на сустрэчы, у якой бралі ўдзел намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз музычных дзеячаў” Наталля Вітчанка, старшыня Асацыяцыі кіраўнікоў духавых аркестраў, прафесар Аляксандр Карацееў, навукоўцы, кіраўнікі і ўдзельнікі шэрагу вядучых фальклорных калектываў краіны.

 

Сустрэча адбылася ў сталічнай дзіцячай харэаграфічнай школе № 1 пад час прэзентацыі майстэрні беларускіх народных інструментаў кандыдата філасофскіх навук Віктара Кульпіна. Калектыў майстроў, які ён збірае не першы год, у свой час спрычыніўся да рэвіталізацыі (вяртання ў побыт) на мяжы ХХ - ХХІ стагоддзяў такіх каранёвых інструментаў беларусаў, як дуда, чаротка, саломка, жалейка, а таксама зрабіў паспяховыя спробы рэканструяваць тэхналогію вытворчасці парных дудак, трубы (сурмы), гуслей, гудка. У планах майстроў - удасканаленне тэхналогій прамысловай (масавай) вытворчасці дуды, дыятанічных цымбалаў, жалеек.

Адзінкавыя штучныя інструменты, якія вырабляюць некалькі майстроў-энтузіястаў, сканцэнтраваных збольшага паблізу ад сталіцы, не забяспечваюць перманентную патрэбу ў інструментах, што існуе па ўсёй краіне. Асабліва гэты недахоп адбіваецца на дзейнасці навучальных устаноў (каледжаў і ВНУ). Таму Віктар Кульпін бачыць майстэрню як навукова-вытворчую лабараторыю тэорыі і практыкі інструментазнаўства, што пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях будзе мэтанакіравана забяспечваць музычныя калектывы навучальных устаноў народна-музычным інструментарыем, удзельнічаць у падрыхтоўцы спецыялістаў па фальклорных інструментах, рэвіталізаваць тыя з іх, чыё існаванне сёння знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Энгельс ДАРАШЭВІЧ, доктар філасофскіх навук, прафесар БДУКіМ