Актуальная сцэна для моладзі

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў мастацкага кіраўніка Маладзёжнага тэатра эстрады, народнага артыста Беларусі Васіля Раінчыка з 60-годдзем. “Створаныя Вамі цудоўныя, мілагучныя вакальныя творы ўпрыгожваюць рэпертуар спевакоў розных пакаленняў і па праве ўваходзяць у залаты фонд айчыннага мастацтва”, — гаворыцца ў віншаванні. У самім жа тэатры 8 красавіка адбудзецца праграма “Музыка для ўсіх!”, адна назва якой, пазычаная з песні “Верасоў”, сведчыць, што гэтым канцэртам калектыў адзначыць юбілей Васіля Пятровіча. Дарэчы, з кампазітарскай асобы Васіля Раінчыка і пачалася наша размова з дырэктарам тэатра Мікалаем КАЗЮЛІНЫМ.

 

"Не рабіце з мяне помнік!"

 - Васіль Пятровіч, - натхнёна пачаў Мікалай Казюлін,- гэта не толькі жывая, вечна маладая гісторыя нацыянальнай эстрады: ансамбль "Верасы", заўважце, усё маладзее ды маладзее, літаральна летась у ім з'явіліся новыя салісты. Васіль Раінчык - гэта, можна сказаць, наш творчы матор. Ягоны талент мастацкага прадбачання, ягоны кампазітарскі дар, шыкоўнасць мелодый, іх актуальнасць для ўсіх пакаленняў - усё гэта тыя рысы, якія сталі творчым лозунгам нашага калектыву: увесь час імкнуцца да новых вяршынь. А вось юбілеі наш мастацкі кіраўнік адзначаць не любіць. Кажа: "Не рабіце з мяне помнік!"

Не хавайце смех у мех

- "Музыка для ўсіх!" - адна з вашых бліжэйшых прэм'ер. Апошнім часам вы ўвогуле пачалі рабіць не толькі канцэртныя праграмы, але і цэлыя спектаклі...

- Так, гэта была ідэя нашага тэатра: музычнаэстрадныя спектаклі як своеасаблівы "антыкрызісны варыянт". За апошнія паўтара года мы зрабілі чатыры такія пастаноўкі. У афішах называем іх па-рознаму: і музычная шоу-праграма, і мюзікл, і гісторыя на эстрадны манер. Галоўнае - не назва, а сутнасць, бо гэта не проста набор асобных канцэртных нумароў, а яднанне іх у адзіную дзею. Першым такім спектаклем, своеасаблівым эксперыментам, стала "Свадьба", потым з'явілася жартоўная гісторыя на курортныя тэмы "За буйки не заплывать!". Не забыліся мы і на дзятву, бо прысвяцілі школьнікам спектакль "Учение - свет, но учебников - тьма". А 27га сакавіка прэзентуем мюзікл "Не ходите, дети, в Африку гулять!". Заснавальнікам усіх гэтых праектаў выступае рэжысёр Вячаслаў Панін са сваёй комік-шоу-групай "Доктор Ю.М.О.Р.", ва ўсіх такіх спектаклях удзельнічаюць балет тэатра (ён у нас, як вы маглі заўважыць, мае сваё ўласнае харэаграфічнае аблічча) і, вядома, нашы салісты і калектывы. Маладзёжны тэатр эстрады, дарэчы, - адзіны падобнага тыпу на тэрыторыі СНД. Бо іншыя тэатры эстрады бліжэйшыя да драматычных, а ў нас на першым плане - вакалісты. Пры гэтым кожны з нашых выканаўцаў выступае не толькі як вакаліст, але і як персанаж, напоўніцу дэманструючы сваё акцёрскае майстэрства. І на кожным спектаклі- смех у зале не сціхае! Але гэта не значыць, што мы толькі забаўляем. Мы імкнёмся зрабіць праграмы максімальна разнастайнымі. Зірніце: у красавіцкай афішы - нават выступленне Мінскага струннага квартэта. Супрацоўнічаем з пасольствамі, таму выступаюць у нас і замежныя артысты. Сярод гасцявых калектываў бываюць і тэатральныя, і танцавальныя, і джазавыя. Дбаем і пра беларускамоўны рэпертуар, уключаючы яго ў праграмы. Плануем падрыхтаваць асобную праграму на аснове выключна беларускай паэзіі, сабраць туды лепшыя творы. Вядома, ахопліваем і маладзёжную культуру, ладзім разнастайныя фэсты. Словам, імкнёмся зрабіць пляцоўку адкрытай для ўсіх мастацкіх напрамкаў і жанраў.

 Ад разбітага парога

- Як вядома, тэатр пачынаецца з вешалкі...

- У нас ён пачаўся - з парога. Калі ўлетку 2008-га мяне прызначылі дырэктарам, парог быў папросту разбіты. Вось я і вырашыў: пачну з увахода ў тэатр - ва ўсіх сэнсах. З дапамогай будаўнікоў мы добраўпарадкавалі не толькі сам уваход, але і тэрыторыю перад ім, а па-над казырком усталявалі добра бачную шыльду з назвай тэатра. Плануем, дарэчы, размясціць назву тэатра і на тарцы дома, каб аўтамабілісты адразу бачылі, куды збочваць. А яшчэ хочам усталяваць афішную тумбу, зрабіць указальнікі ў метро, каб людзі не блукалі і не запытваліся, як дайсці да тэатра. Але зрухі ёсць ужо цяпер. Я заўважыў: мінчане пачалі гаварыць не "тэатр знаходзіцца каля Дома быту", а "Дом быту каля тэатра".

 - А як з інтэр'ерам тэатра? Цяперашні глядач - пераборлівы, любіць утульнасць, стыльнае абсталяванне, што стварае саму атмасферу будынка. Іншымі словамі, публіка звяртае ўвагу не толькі на тое, што будуць паказваць, але і на тое, дзе адбудзецца "сустрэча з мастацтвам".

 - Мы клапоцімся пра гледачоў. Усталявалі новыя крэслы ў зале, пафарбавалі сцены, зрабілі новае сцэнічнае "адзенне", набылі мультымедыйны праектар, з дапамогай якога можна рабіць відэазастаўкі, сцэнаграфічныя эфекты. У нас добрая светлавая, гукавая апаратура. Адрадзілі мы і эмблему тэатра: яна з'явілася на афішах і білетах. Здавалася б, дробязь, але гэта - таксама частка тэатральнага іміджа. Плануем адкрыць буфет, набыць вадкакрышталічны тэлевізар, каб гледачы не сумавалі ў антракце. Марым пра уніформу для персаналу, пачынаючы з вахцёраў, пра выпуск разнастайнай сувенірнай прадукцыі, рыхтуем да друку буклет, дыскі, робім сумесныя праекты з тэлебачаннем - з рознымі каналамі. Хочам нават распачаць тэлевізійны цыкл штотыднёвых праграм, дзе гледачы сустракаліся б з нашымі артыстамі і калектывамі.

Лічбаў хуткі карагод

 - Тэлебачанне - выдатная рэклама для артыстаў, бо сёння публіка імкнецца патрапіць на выступленні тых, каго ўбачыла на экране...

- Сёння мы не можам скардзіцца: публіка да нас ходзіць, прычым сярод заўсёднікаў - людзі розных узростаў. Мы адкрытыя для ўсіх - ад дзятвы і юнакоў да людзей сталага ўзросту: кожны з іх можа знайсці штосьці для душы. Заўважылі: многія з тых, хто аднойчы нават выпадкова завітае ў наш тэатр, часта становяцца потым пастаяннымі гледачамі.

- Сёння многія скардзяцца: маўляў, цяжка спраўляцца з планам па платных паслугах.

 - А хіба не так? Але я адзначу, што планы мы выконваем і нават перавыконваем. Калі ў 2008 годзе мы зарабілі 300 мільёнаў беларускіх рублёў, дык план на 2010-ы складае ўжо 560 мільёнаў. У адной нашай зале гэта зрабіць нерэальна, бо яна змяшчае ўсяго 256 гледачоў. Гэта яе мінус, але ж у такой камернасці абстаноўкі ёсць і свой плюс: гледачы атрымліваюць магчымасць літаральна дакрануцца да любімых артыстаў - і вельмі цэняць гэта. Але нам не перашкодзіў бы, да прыкладу, уласны аўтобус. Таму плануем яго набыць: для большай мабільнасці, каб не было праблем з выступленнем у рэгіёнах. Апошнім часам сталі асвойваць і такія вялікія пляцоўкі, як Канцэртная зала "Мінск" і нават Палац спорту. Летась у лютым у апошнім выступала цыганскае шоу "Алюр": там нават коні жывыя былі, цыгане на іх выязджалі. А які аншлаг быў на нядаўнім сольніку Іны Афанасьевай у Канцэртнай зале "Мінск"!

Перадавы атрад

- Аншлагі - не толькі сведчанне папулярнасці артыстаў, але і вынік добра зладжанай рэкламы канцэртаў. Пагадзіцеся, якой "раскручанай" ні была б зорка, на яе канцэрт можа ніхто не прыйсці, калі не будзе пра яго ніякай інфармацыі: публіка проста не даведаецца!

- Згодны: зрабіць, як сёння модна казаць, прадукт - толькі частка справы. Трэба яго яшчэ прадаць. Увесь цяжар па наладжванні гэтай працы лёг на майго намесніка па арганізацыі канцэртнай дзейнасці Анатоля Каралёва і на канцэртны аддзел тэатра, дзе ўсяго чатыры супрацоўнікі. Я невыпадкова называю іх і "нашым авангардам", і "перадавым атрадам", і "аддзелам продажу". Узрост спецыялістаў - 20- 27 гадоў. А ўзначальвае аддзел Ірына Пазнякова. Дый увогуле ўвесь наш калектыў - вельмі добразычлівы і прафесійны. Гэта каманда аднадумцаў. У тых жа касах працуюць выхаваныя, тактоўныя людзі, здольныя давесці да зацікаўленых, нават па тэлефоне, максімум інфармацыі пра кожны са спектакляў і канцэртаў. Я жартам кажу: маўляў, давайце жыць "паводле Леніна". Калі ён зрабіў рэвалюцыю ў адной асобна ўзятай краіне, дык мы - будуем добрую атмасферу ў адным асобна ўзятым тэатры.

Усе - на "STAR-T"!

- Ды ўсё ж галоўнае ў любым тэатры - яго артысты. Эстрадныя салісты - з'ява ўвогуле асаблівая, адрозная ад "проста акцёраў"...

- Гэта добра, калі артыст пачувае сябе зоркай. А да "зорнай хваробы" ў нас не даходзіць. Знаныя салісты запрашаюць на свае сольнікі моладзь, рэкламуюць сваіх калег. Наш тэатр папраўдзе становіцца стартавай пляцоўкай для многіх адораных пачаткоўцаў. У 2000 годзе, як вядома, ён быў перададзены Універсітэту культуры, у 2006-м - зноў стаў не студэнцкім, а прафесійным. Гэта ўзняло творчую планку, вярнула ў тэатр публіку, гатовую набыць білеты. Але сцэна засталася адкрытай не толькі для "штатных" артыстаў (дарэчы, добрая палова іх - выпускнікі БДУКіМ), не толькі для ўжо прызнаных прафесіяналаў, але і для ўсіх адораных выхаванцаў творчых навучальных устаноў. Мы нават звычайныя конкурсныя адборы імкнёмся ператварыць у канцэртна-сцэнічнае дзеянне. Так, рашэннем Міністэрства культуры нашай краіны на снежань быў запланаваны адбор моладзі для далейшага ўдзелу ў прафесійных конкурсах. Мы самі шукалі таленты: не толькі па рэспубліцы, але нават у замежжы - сярод тых ураджэнцаў Беларусі, хто працягвае там навучанне. І зрабілі творчы праект з красамоўнай назвай "STAR-T". Атрымалася паўнавартасная, добра зрэжысіраваная праграма на дзве гадзіны, кожны з удзельнікаў выканаў па дзве разнапланавыя песні. А перамагла 18-гадовая Іна Бейліна, адна з фіналістак "Фабрыкі зорак". Гэта толькі даказвае, што ў нас багата талентаў, іх трэба спачатку заўважыць, разглядзець, а потым ім дапамагчы. Уся дзейнасць нашага тэатра - гэта імкненне даказаць, што ў нас ёсць свае цудоўныя беларускія выканаўцы і калектывы, што мы сапраўды ў цэнтры Еўропы. І мы - еўрапейцы. Краіна павінна вылучацца сваёй адметнай, а не уніфікаванай, культурай. Чым больш разнастайнасці будзе паміж культурамі - тым больш адзінства паміж народамі.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"