Вербніца і...

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

VIII Духоўна-асветніцкая выстаўка “Вербны кірмаш” адкрылася ўчора ў сталічным Палацы мастацтва.

Наведвальнікаў чакае не толькі вялікі выбар кніг, аўдыёі відэапрадукцыі, упрыгожанняў і прысмакаў, але і насычаная канцэртамі, сустрэчамі, майстар-класамі праграма. Сюды завіталі прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы з Канстанцінопаля, Іерусаліма, Святой гары Афон (Грэцыя). Пра гэта паведаміла дырэктар праваслаўных выставак Таццяна Ярчак. Традыцыйная выстаўка ікон дапоўніцца сучаснай мультымедыйнай прэзентацыяй "Цудадзейныя іконы Божай Маці ў храмах Белай Русі". Тым, каму патрэбна дапамога Царквы, веры, цікава будзе даведацца пра сацыяльную дзейнасць Мінскай епархіі, пра што распавядуць яе супрацоўнікі. Багата будзе цягам тыдня і культурных падзей: адбудуцца творчыя вечары з удзелам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Андрэя Душачкіна, народнай артысткі краіны Марыі Захарэвіч, саліста Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Алега Гардынца, члена Беларускага саюза мастакоў Сяргея Пыжыкава. Адзначым, што кірмаш адбываецца па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта пры падтрымцы Беларускай Праваслаўнай Царквы.