Срэбра і вохра аднаго сола

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

У галерэі “Мастацтва” адбылася выстаўка жывапісу Алены Бараноўскай “Сола на флейце”. Чым жа напоўнены свет краявідаў і нацюрмортаў мастачкі? У чым адметнасць яе стылю?

 

/i/content/pi/cult/255/3795/9-4.jpgСпачатку глядзіш на серабрыста-халаднаватую гаму па-майстэрску створаных палотнаў і прыгадваеш творы вядомага жывапісца і педагога Анатоля Бараноўскага, бацькі мастачкі: той жа стрыманы, пабудаваны на нюансных адценнях каларыт, лірычнасць, далікатнасць вобразаў. Але пасля больш пільнага прагляду заўважаеш жаноцкасць, палымянасць і ўсеабдымную абаяльнасць яе ўнутранага свету, дзе адчуваюцца ўзаемная любоў душы і розуму, паўната і цэласнасць ідэалаў. Творы выпраменьваюць яшчэ большую энергетыку пазітыву і гармоніі. У пейзажах А.Бараноўскай "Абуджэнне", "Раніца", у нацюрмортах з ружамі побач з паўтонам можа прысутнічаць не прыглушаная, а адкрытая лакальная нітка жывога чырвонага колеру.

У нацюрморце з архідэяй, як тлумачыць сама аўтар, на фоне роднага беларускага зімовага краявіду, што за акном, экзатычная белая кветка не выглядае адчужана: белы колер снегу і яго адценні сугучныя халаднаватаму колеру пялёсткаў архідэі. Такім чынам, кантраст сутнасцей "роднае" і "чужое" ўраўнаважаны, згарманізаваны колерам ды ўнутраным спакоем. У карціне "Мірскі замак" мастачка прапаноўвае нечаканы ракурс: глядач знаходзіцца не звонку, а на другім паверсе замка, можна сказаць, унутры яго ауры. І аура гэтая вельмі цёплая, родная, блізкая. З тым пагодзіцца кожны, хто хоць раз наведаў старажытныя муры. Камяні саграваюць вохрыста-цаглянымі адценнямі, абараняюць нябачнай заслонай. "Май", "Рададэндраны", "Вячэрняе хараство" - гэта ўсхваляваны гімн жыццю. Пранікнёна, узнёсла гучыць у жывапісе Алены мелодыя нябачнай флейты, поўная святла і дабрыні. "Кожны мастак незалежна ад падораных яму прыродай здольнасцей, з'яўляецца добрасумленным аналітыкам або вольным, смелым і ўзвышаным паэтам.

 Ён павінен рэўнасна аберагаць сваё асабістае бачанне формы, колеру і гармоніі", - лічыць Алена Анатольеўна.

 Святлана РАМАНАВА