Калі адкрыюцца “ўнутраныя вароты”?

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

У чарговай “серыі” дыскусіі “К” аб стане і перспектывах сучаснай беларускай драматургіі, нягледзячы на ўсю “філасафічнасць” пытання адносна яе ўзроўню і якасці, мы не стамляемся высвятляць у нашых рэжысёраў: што ж патрэбна зрабіць для таго, каб яна з’явілася на айчыннай сцэне? Сёння сваю версію “выхаду ў свет” для айчынных драматургаў агучвае галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргей КАВАЛЬЧЫК і робіць гэта акурат напярэдадні сваёй прэм’еры ў Рускім тэатры — спектакля “Пане Каханку” па п’есе сучаснага беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка.

 

/i/content/pi/cult/255/3790/6-1.jpg- На старонках "К" ты неаднойчы выказваўся адносна свайго стаўлення да беларускай драматургіі. Таму спытаць я хачу цябе пра тое, чаму ў нас да гэтага часу не аджыў той парадокс, што яны, сучасныя п'есы, нібыта ёсць, але, у той жа час, іх нібыта і няма?

 - Мая маці, чалавек тэатральны, і па сёння пытаецца: "Як ты ўмудрыўся паставіць "Адвечную песню"? Што ты "такога" ў ёй знайшоў?" А ў мяне атрымаўся нядрэнны спектакль. І гэтае пытанне можна аднесці да ўсёй беларускай драматургіі: справа не ў тым, дрэнная яна ці добрая, а ў тым, наколькі творца запальваецца, прачытаўшы тую ці іншую п'есу, і што ён знаходзіць у ёй для сябе. Гэта ўжо залежыць, на мой погляд, ад ідэі творцы: калі ў яго ёсць жаданне сказаць штосьці ў нацыянальным праекце пра сённяшняе жыццё сучаснага беларуса, тады, упэўнены, няма іншай лепшай драматургіі, чым айчынная. Проста, трэба знайсці "сваю" п'есу. І калі рэжысёры кажуць, што ў нас няма добрай драматургіі, я лічу, што ў іх проста фантазія на беларускія п'есы не спрацоўвае

 - Ці ж так бывае, што на Гогаля з Шэкспірам фантазія "спрацоўвае", а на беларускія п'есы - не?

 - Мне думаецца, у кожнага творцы ўзнікае момант, калі хочацца выказацца для свайго народа. І якую б добрую п'есу ты ні ўзяў, ніколі нішто не зачэпіць больш, чым беларуская драматургія: існуе нейкі няўлоўны "набор пачуццяў беларускага характару", якія мы адчуваем на падсвядомым узроўні. Вось у свой час я знайшоў п'есу Андрэя Курэйчыка "Выканаўца жаданняў" - і яна да сённяшняга дня ідзе на сцэне і збірае гледачоў.

- І якая тут нацыянальная ідэя? Гэта ж "прататып" "Любови-моркови".

- Ды пра "Любовь-морковь" усе ўжо даўно забыліся! І потым, п'еса першапачаткова пісалася менавіта пра беларусаў і з улікам нашых рэалій. Гэта ўжо потым, у кінаверсіі, Гоша Куцэнка з Крысцінай Арбакайтэ "выкруцілі" яе на маскоўскі гламур. Ды ўся гісторыя тэатра будавалася на сучаснай драматургіі: не было б Чэхава з Горкім- не было б і МХАТа, не выехалі б яны на адным Шэкспіры з Ібсенам. Мой варыянт такі: ужо другі спектакль я ствараю шляхам замаўлення канкрэтнаму аўтару канкрэтнай п'есы. Першы вопыт - "Шлях у Царград" - праца з сербскім драматургам Зоранам Косцічам, якому я прапанаваў напісаць п'есу пра сучаснага беларуса і пра тое, як яго ўспрымаюць у Еўропе. Атрымаўся цікавы праект. Цяпер у новым спектаклі "Пане Каханку", карыстаючыся гістарычнымі фактамі, я таксама паспрабую разам з драматургам закрануць сучасныя пытанні. У прыватнасці, усведамленне таго факта, што мы - горды і самастойны народ. Я зразумеў: неабходна правакаваць з'яўленне п'ес. Таму што пра беларускіх драматургаў так і хочацца сказаць ленінскай фразай: "Страшно далеки они от народа". У дадзеным выпадку - ад тэатра. Нярэдка адкрываю п'есу і ўжо з першых старонак разумею, што не хачу яе чытаць.

- Чаму?

- Таму што гэта "недароблены Розаў, недаўцямлены Рошчын". П'еса павінна інтрыгаваць з самага пачатку, а драматург часта забывае пра тое, што ён стварае спектакль. Калі чытаеш гогалеўскія рэмаркі для акцёраў, ужо цягне ставіць спектакль, яшчэ не пазнаёміўшыся з самой п'есай.

- Ты хочаш, каб пэўная вобразнасць узнікала ўжо ў пераліку дзейных асоб? Але ці ж не рэжысёрская гэта задача - ствараць вобразнасць спектакля?

 - Рэжысёр - другасны, бо ідэю дае драматург. Не было б задумы "Гамлета" ў галаве ў Шэкспіра - не было б і спектакляў. А так з'явілася п'еса, і ўвесь тэатральны свет вось ужо не адно стагоддзе не можа "наставіцца". Пад час апошняй "Панарамы" вельмі востра адчуў на "Сне ў летнюю ноч" Аскараса Каршуноваса, што бачу, як падзяляецца дзея: чаго хоча на сцэне драматург, чаго- рэжысёр, а чаго - акцёры. І гэта было так, нібыта перада мной на прэпаратарскім стале ляжалі асобныя часткі некалі цэлага цела. Я бачыў нямала правалаў, у тым ліку вядомых майстроў, калі яны спрабавалі ісці ўразрэз з аўтарам, прапаноўваючы часам вельмі цікавую рэжысёрскую ідэю. Але ў фінале ў іх не сыходзіліся канцы з канцамі: аўтар не пускаў! Перакананы: рэжысёр павінен знаходзіць сваю ідэю, "выцягваючы" яе з аўтара. І калі мы бяром да пастаноўкі беларускую п'есу сучаснага творцы, амаль пачынаем з таго, што спрабуем яе перарабляць, матывуючы гэта яе недасканаласцю. А можа, варта паслухаць аўтара, удумацца, што ён хоча сказаць, паспрабаваць зразумець яго ў гэткай форме? Калі ж ты не можаш як рэжысёр злучыць ланцужок падзей у скразное дзеянне і пачынаеш "дапісваць" за драматурга, трэба проста ствараць уласныя п'есы, як гэта робяць у Расіі Іван Вырыпаеў, Яўгеній Грышкавец... Гэтак жа, як многія кінарэжысёры, што з'яўляюцца сёння і сцэнарыстамі. Самае галоўнае - нельга ставіцца да беларускіх п'ес як да п'ес "мясцовых аўтараў": гэта адразу іх "забівае", і атрымліваюцца шэрыя, нікому не цікавыя пастаноўкі. І ніякі абавязковы працэнт не дапаможа...

- Дарэчы, а які рэальны працэнт беларускіх аўтараў у рэпертуарнай афішы можа прысутнічаць для таго, каб глядач мог яго "пераварыць"?

 - Па-рознаму. У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, калі не памыляюся, - 80 працэнтаў. Але там зала - маленькая, і гэта цалкам магчыма. А вось ці можна такую залу, як у нас - на 600 месцаў,- трыццаць разоў на месяц сабраць на беларускіх драматургаў - не ведаю. Людзі бачаць у афішы знаёмыя прозвішчы- Шэкспір, Астроўскі - на іх і ідуць.

- А чаму б не паспрабаваць раскруціць беларускіх аўтараў, каб па ўзроўні пазнавальнасці яны былі нароўні з тымі ж Шэкспірам і Астроўскім?

- У нас, між іншым, такі прыклад ёсць: Аляксей Дудараў. Колькі ягоных п'ес у афішы Купалаўскага тэатра - і гледачы ідуць. Але гэта - Дудараў, і ён адзіны!

- Хто ж замінае іншым сучасным драматургам пісаць і пазіцыянаваць у сучасным мастацтве так, як гэта робіць ён?

- Калі атрымліваецца - гэта вельмі добра. І- смялей трэба быць. А можа, драматургам паспрабаваць настройвацца на тое, што першапачаткова існуе пэўная сцэнічная ідэя, якую неабходна знайсці ў тэатры і разам з ім, і толькі потым, пры агульных "энергетычных пазіцыях", пачынаць пісаць п'есу?

- Або яшчэ лепш: увесці драматургаў у штат тэатраў...

- А гэта быў бы цікавы эксперымент. Для пачатку, як варыянт,- паспрабаваць на адным тэатры. Каб Міністэрства культуры выдзеліла штатную адзінку драматурга, які б працаваў у канкрэтным тэатры і ствараў п'есы на заказ, а тэатр быў абавязаны хаця б раз на два гады ставіць гэтыя яго творы.

- Думаю, тут ёсць момант унутранага канфлікту. З аднаго боку, праца ў штаце дзяржаўнай установы прадугледжвае рэгулярную выдачу пэўнага "прадукту". А гэта вельмі часта ўступае ў супярэчнасць з уяўленнямі саміх аўтараў адносна таго, што драматургія - гэта творчасць...

- Калі так ставіць пытанне, атрымліваецца, што работа рэжысёра ў штаце - гэта не творчасць? А гэта якраз сумесь творчасці і вытворчасці, і нікуды ад гэтага не падзенешся: да рэпетыцыі і пасля яе я займаюся творчасцю - прыдумваю спектакль, а на рэпетыцыі - увасабляю ўласныя прыдумкі, спалучаючы іх з акцёрскім бачаннем матэрыялу.

- Раскажы, чаго асабіста табе як рэжысёру не хапае ў сучаснай беларускай драматургіі?

- Напрыклад, не хапае камедыі, але такой, каб жываты можна было падарваць. Не хапае трагедыі, але такой, каб гаручымі слязьмі заліцца. Не хапае вострых эмоцый, чыстых сюжэтаў, зробленых дакладна і ў развіцці ад пачатку да канца. Скажам, каб сюжэт працаваў не толькі на знешнім узроўні, а каб побач з ім ішло ўнутранае развіццё і дзеяння, і саміх персанажаў. Але гэта - ювелірнае драматургічнае майстэрства. Сённяшняй літаратуры, якая прэтэндуе называцца драматургіяй, вельмі часта не хапае менавіта тэатральнасці. Акцёр у мяне першым чынам пытаецца: "А што я ў гэтай сцэне і ў гэтай ролі ўвогуле буду рабіць?" Бо іграць адзін сюжэт і проста прагаворваць тэкст не цікава ні яму, ні гледачу. Наша драматургія вельмі рэдка вызначаецца дакладным, граматн пабудаваным тэатральным канфліктам. Нашмат часцей у ёй адбываюцца лабавыя, фармальныя сутыкненні на ўзроўні моўных сварак і перабрэхаў. Унутраных жа супярэчнасцей, сур'ёзных, вялікіх, замяшаных на жарсцях і абгрунтаваных прапануемых абставінах, на гісторыі, у якую я магу паверыць, днём з агнём не адшукаеш.

- Нягледзячы на пэўную рытарычнасць, я ўсё ж запытаю ў цябе: што ж можна і патрэбна зрабіць для таго, каб нашы драматургі не былі такімі "далёкімі ад тэатра"?

- Гэта цяжкі крыж сучаснай драматургіі ў любой краіне: яна мусіць заваяваць тэатр. Яна павінна быць настолькі пераканаўчая, каб тэатр не меў шанцаў адмовіцца ад падобнай прапановы.

- Наколькі дыялектычны закон пераходу колькасці ў якасць мэтазгодны ў тэатры ў дачыненні да сучаснай драматургіі?

- Правяду паралелі з беларускай музыкай, якой напаўняецца 75 працэнтаў радыёэфіру. Слухаю я яе, разумею, што і колькасць павялічылася, і якасць выйшла на сусветныя стандарты: кажу пра музычныя інструменты, добрую гуказапісваючую апаратуру. Урэшце, і ноты адны і тыя ж спяваем, і галасы гучаць падобным чынам: усё ёсць - музыкі няма. Хаця час ад часу з'яўляюцца песні, за якія не сорамна, але такой, як некалі была "Малінаўка", - не адшукаць. І хаця мне асабіста яна не падабаецца, не магу адмаўляць таго факта, што ў свой час яна была ўсенародна любімай. Такая ж сітуацыя - і з драматургіяй: ёсць феномен усенародна любімых п'ес, але іх - адзінкі.

 - І ўсё ж, калі вярнуцца да пытанняў "Хто вінаваты?" і "Што рабіць?"?..

- Я думаю, варта пачынаць з прафесійнай падрыхтоўкі ў ВНУ і яе прынцыповай карэкціроўкі. Калі мы пачнём выхоўваць рэжысёраў на раскрыцці ў спектаклі аўтара і яго думкі, а не на пошуку яркіх і вобразных прыёмаў, тады ў іх не будзе першапачатковага адмаўлення драматургічнага матэрыялу. І як толькі адкрыюцца "ўнутраныя вароты", тады адразу ж з'явяцца і цікавыя ідэі "звонку" - ад нашых беларускіх драматургаў.

Фота Юрыя ІВАНОВА