Кансервацыя магчымая ўжо сёлета

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі паведамляе “К”, што 17 сакавіка адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады. Яе члены ўхвалілі канцэпцыю кансервацыі Навагрудскага замка.

Як падкрэсліў Ігар Чарняўскі, сёлета, пасля складання адпаведнай праектнай дакументацыі, можна прыступаць да папярэдніх работ па наступнай кансервацыі навагрудскіх муроў. Навуковы кіраўнік работ на аб'екце Сяргей Друшчыц мяркуе, што ў перспектыве магчыма стварыць музейную экспазіцыю ў падвальнай частцы замка. Цэглу для ўзнаўлення замкавых сцен мяркуецца вырабляць у Беларусі. На рэканструкцыю замка спатрэбіцца каля 5 гадоў. Як паведамляе Ігар Чарняўскі, на работы з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана 41,5 мільёна рублёў, а ад тыражоў "Скарбніцы" плануюць атрымаць больш за 60 мільёнаў.