Эфект адной афішы

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

“К” пільна сочыць за тым, як адбываецца рэалізацыя “Скарбніца”. Напярэдадні выхаду чарговага нумара газеты наш карэспандэнт наведаў дзесяць сталічных пунктаў продажу латарэі “Скарбніца”, сярод якіх — аддзяленні “Беларусбанка”, кіёскі “Белсаюздруку”, а таксама распаўсюджвальнікі РУП “Беларускія латарэі”.

У палове з наведаных пунктаў латарэйных білетаў "Скарбніца" не было ўвогуле. Не, іх не "размялі" пакупнікі, ахвотныя дапамагчы аднаўленню гістарычнай каштоўнасці: білеты проста не паступалі ў продаж і, па словах, прадаўцоў, не паступяць. А вось у адным з кіёскаў "Белсаюздруку" прадаўшчыца паведаміла, што ўсе білеты гэтай латарэі прададзены, і трэба заказваць яшчэ. Маўляў, попыт ёсць - і неблагі. Яшчэ чатыры пункты продажу, хоць і мелі ў наяўнасці білеты "Скарбніцы", але пахваліцца тым, што яны карыстаюцца попытам, не змаглі: у адным з гэтых кіёскаў амаль за месяц не набылі ніводнага. "У нас яшчэ не было выпадку, каб куплялі гэтую латарэю, - распавядае прадаўшчыца.
- Яна ў нас павісіць-павісіць, і мы здаём на зварот". "Бяруць вельмі рэдка, - прызнаецца распаўсюджвальнік латарэй у падземным пераходзе. - У асноўным - пенсіянеры. Моладзь нават і не цікавіцца". Супрацоўнікі "Беларусбанка" больш актыўна рэкламуюць-прапаноўваюць "Скарбніцу". "Некаторыя кліенты цікавяцца самі: маўляў, што гэта за новая "латарэя з замкам"? - распавядае супрацоўнік аддзялення банка. - Да мяне асабіста падыходзіла адна бабуля. Але ў асноўным набыць "Скарбніцу" прапаноўваюць касіры". Як тут зноў не згадаць пра рэкламу? Скажам, афіша, якая паведамляе пра новую латарэю з "высакароднай" мэтай, была толькі ля аднаго з сямі банкаўскіх акенцаў - і, да таго ж, адна на ўсе дзесяць наведаных пунктаў продажу...