ДА ЦЯБЕ, З НАДЗЕЯЙ І ВЕРАЙ

№ 12 (932) 20.03.2010 - 26.03.2010 г

У гэтым нумары “Культура” зноў звяртаецца да тэмы рэканструкцыі Навагрудскага замка і правядзення Рэспубліканскай грашова-рэчавай латарэі “Скарбніца”. Такая цікавасць з боку нашай газеты зусім не выпадковая. Зноў і зноў паўтараемся: увага да помнікаў мінуўшчыны, іх зберажэння ды аднаўлення была і застаецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры. З’яўляецца яна і адным з вядучых накірункаў на палосах “К”. На гэтым тыдні нашы журналісты даследавалі пытанне наконт продажу білетаў “Скарбніцы” з розных ракурсаў і прыйшлі да высновы: праблем у рэалізацыі латарэі наспела нямала. І найпершыя з іх — рэклама і саміх білетаў, і ўласна аднаўлення Навагрудскага замка. А таксама піар, піар і яшчэ раз піар самога Навагрудка... Неаднойчы мы пісалі: набыўшы адзін білет “Скарбніцы”, вы дадаяце дзве цаглінкі для рэканструкцыі замка. Часу да розыгрышу тыражу засталося не так ужо і шмат. Таму пара запытацца: “А вы ўклалі свае дзве цаглінкі ў падмурак будучыні?” Што ж, пагадзіцеся, перад намі сёння — прыклад ні больш ні менш як агульнанацыянальнай кампаніі. Падтрымаць яе, на нашу думку, — абавязак кожнага. Выдадзена 36 тысяч білетаў “Скарбніцы”. Як рэалізоўваецца тыраж у абласцях? Не нашмат лепш, чым у сталіцы. І ёсць таму шэраг канкрэтных прычын. Мы пацікавіліся сітуацыяй з распаўсюджваннем білетаў у шэрагу абласцей Беларусі.

 

/i/content/pi/cult/255/3774/4-1.jpgМенш за 10 працэнтаў

Сярод распаўсюджвальнікаў-перадавікоў Віцебшчыны, неаспрэчна, знаходзіцца ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама. З'ява цалкам заканамерная: работнікам сферы не патрэбна тлумачыць пра важнасць акцыі, вынікі якой наўпрост паўплываюць на ўзнаўленне Навагрудскага замка. Па словах галоўнага бухгалтара абласнога ўпраўлення культуры Людмілы Ермашкевіч, усе 630 латарэйных білетаў, даведзеныя для рэалізацыі, разышліся па аддзелах культуры Віцебшчыны. А вось праз філіялы "Беларусбанка" ў вобласці "Скарбніца" распаўсюджваецца як мокрае гарыць. З дзвюх тысяч чатырохсот білетаў прададзены толькі 221 (!). Начальнік аддзела рознічнага бізнесу філіяла № 200 Віцебскага абласнога ўпраўлення "Беларусбанка" Галіна Шумарава ўпэўнена, што такія унікальныя па культурным мэтавым прызначэнні тыражы трэба і рэкламаваць адпаведна. Невялічкай прэзентацыйнай афішкай, разасланай па пунктах рэалізацыі, тут відавочна не абысціся. Рэдакцыя цалкам пагаджаецца з пазіцыяй спецыяліста. Унікальная "Скарбніца" вымагае унікальнага піару. А яго ні па радыё, ні па тэлебачанні няма... Між тым, мяркуючы па апытаннях, людзі на Беларусі не надта ведаюць не толькі пра "Скарбніцу", але і пра сам Навагрудскі замак. Выснова адзіная: без рэкламы грашоварэчавыя латарэі проста не акупляюцца... Праз "Віцебскаблсаюздрук", як паведаміла "К" старшы касір прадпрыемства Лілія Ляпёхіна, "Скарбніца" ўвогуле не распаўсюджваецца. 750 білетаў латарэі, па словах спецыяліста Віцебскага аддзела РУП "Беларускія латарэі" Анатоля Цітова, знаходзяцца ў распаўсюджвальнікаў. "Але, як правіла, - дадае ён, - 40-50 працэнтаў грашова-рэчавых латарэй так і застаюцца непрададзенымі". Маўляў, рэкламы - няма, розыгрыш - нецікавы, бо не трансліруецца ў тэлеэфіры, не мае ніякай тэатралізацыі.

Па ўстановах абласнога цэнтра

Па словах начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, упраўленню неабходна рэалізаваць больш за 600 білетаў "Скарбніцы". Латарэя распаўсюджваецца па ўстановах культуры абласнога цэнтра. Свае "латарэйныя" планы - і ў аддзелаў культуры па рэгіёнах Магілёўшчыны. Як паведамляе "К" начальнік аддзела культуры Шклоўскага райвыканкама Галіна Валозіна, гады два таму загадчык Дома-музея Пятра Алейнікава выйграла дзякуючы аднаму з папярэдніх тыражоў "Скарбніцы" халадзільнік. Маўляў, рэклама - больш чым дзейсная, таму білеты ў аддзеле не залежваюцца.

Каму апошні білецік?

 Наш спецыяльны карэспандэнт Юрый Чарнякевіч, які знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Гродне, паведаміў з горада над Нёманам: - 18 сакавіка ў пошуках латарэі "Скарбніца" я прайшоўся па праспекце Касманаўтаў. У двух кіёсках "Белсаюздрука" білетаў не аказалася, бо яны сюды папросту не паступалі. Трэці кіёск прапанаваў толькі адзін білет. Прадаўшчыца паведаміла, што ляжыць гэтая латарэя аж два тыдні, бо пакупнікі цікавяцца: "Ці можна ў "Скарбніцы" выйграць кватэру ці легкавік?", а яна сама, маўляў, адказ на гэтае пытанне не ведае. Вось і не ідзе продаж. У наступным, чацвёртым, кіёску "Белсаюздруку" мне паведамілі, што "Скарбніцы" няма, а білет, між тым, на вітрыне быў. Пабываў і ў двух аддзяленнях "Беларусбанка": у адным на продаж было 60 білетаў, у другім - 70, а рэалізавалі з іх, адпаведна, 5 і 10. Нічога, на дзіва, не ведалі пра "Скарбніцу" і вулічныя распаўсюджвальнікі "Беларускіх латарэй"...

 Чарговы тыраж - пад чарговы фэст

 Начальнік аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандр Карачан паведамляе "К", што 600-годдзе Грунвальдскай бітвы горад адзначыць пад час V Фестывалю сярэднявечнай культуры. Дарэчы, менавіта гэтае адметнае мерапрыемства можа стаць натуральнай нагодай для актыўнага распаўсюджвання чарговага тыражу "Скарбніцы", скіраванага на падтрымку і развіццё замка ў Навагрудку. Аляксандр Карачан нагадвае чытачам "К", што пры аддзеле культуры Навагрудскага райвыканкама дзейнічае пазабюджэтны спецрахунак: 3632000001310 АСБ "Беларусбанк", код - 698, прыпіска - "На рэканструкцыю Навагрудскага замка".