Інтэлігентнае... стаянне на галаве

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

У сталіцы, дзякуючы намаганням Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, адбыўся фінал Адкрытага чэмпіянату краіны па брэйк-дансу “Сіла двух-2010”. Чэмпіянат сабраў амаль 300 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі, бо яго адборачныя туры прайшлі ва ўсіх абласных цэнтрах і Слуцку. А сярод танцораў былі не толькі “гарадскія”, але і “вяскова-пасялковыя” прадстаўнікі больш як 30 населеных пунктаў.

Кожны з трох суддзяў, якія прадстаўлялі Беларусь, Расію, Украіну, даказаў сваё "права голасу" сольным выступленнем. Калі ж у іх узнікалі сумневы, канкурсантам прадастаўляліся дадатковыя выхады - для вызначэння пераможцаў, а на адборачных турах "вердыкт" можна было нават "аспрэчыць". За дзве гадзіны да фінальнага брэйк-рынгу на той жа сталічнай пляцоўцы быў праведзены так званы "суцяшальны тур". У выніку да 21 раней адабранага дуэта далучыліся яшчэ 6, што перамаглі пад час "суцяшэння".
 Арганізатары прыклалі ўсе намаганні, каб зрабіць спаборніцтва максімальна відовішчным, бяспечным і карысным. На мармуровую падлогу паклалі спецыяльнае пакрыццё, размалявала яго каманда мастакоў графіці з БНТУ. А цырымонія афіцыйнага адкрыцця ўключала гістарычны экскурс у паходжанне брэйка і суквецце яго стыляў. Дый традыцыйнае "разразанне стужачкі", якім завяршыў сваё сціслае прывітанне першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Бузоўскі, суправаджалася інтэлігентным "стаяннем на галаве" двух танцораў, да ног якіх і была прымацавана тая стужка. Пераможцам стала мінская каманда ў складзе Дзмітрыя Зінкевіча і Яўгена Чарняўскага (абодва яны - удзельнікі зборнай Беларусі па брэйк-дансу), на другое месца выйшлі "Два ствалы" (Жодзіна, Слуцк), на трэцяе - "дуэт" магіляўчан.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"