“Магістраль” для вялікага князя

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

У часы першабытнага грамадства ў сувязі з развіццём жывёлагадоўлі і земляробства нашы продкі актыўна наладжвалі разнастайныя стасункі паміж плямёнамі, дзякуючы чаму ствараліся гандлёвыя шляхі. Яшчэ з перыяду позняга неаліту ў другой палове трэцяга тысячагоддзя да н.э. былі вядомы бурштынавыя шляхі, што праходзілі з Балтыйскага ўзбярэжжа праз тэрыторыю Паўночнай Беларусі па Заходняй Дзвіне. Пазней па гэтай ды шэрагу іншых буйных рэк Беларусі пралягаў знакаміты шлях з “варагаў у грэкі”.

 

/i/content/pi/cult/254/3767/14-1.jpgАле, апрача водных гандлёвых шляхоў, у даўніну на тэрыторыі нашай краіны існавалі і звычайныя грунтавыя ды брукаваныя дарогі, некаторыя з якіх мелі надзвычай важнае стратэгічнае значэнне. Больш за тое: з развіццём гаспадарчай дзейнасці паступова павялічвалася сетка прасёлачных шляхоў, што пракладваліся па найбольш даступнай мясцовасці. Пралягаючы між балот і ўзбярэжжаў рэк, яны часта ўяўлялі з сябе лясныя сцяжыны. Пры гэтым, сказаць, што шляхі гэтыя былі зусім бязлюднымі, нельга. Як паведамляюць гістарычныя крыніцы, у Х - ХІІ стст. існавала асобная "падарожная" павіннасць мясцовага насельніцтва: дапамагаць праезджым княжацкім прадстаўнікам. Відавочна, што сяляне займаліся і падтрыманнем у належным стане асноўных тагачасных "магістралей". Да прыкладу, у часы Сярэднявечча Полацк быў звязаны дарожнымі шляхамі з Віцебскам, Мінскам, Друцкам, Рыгай, Ноўгарадам, Псковам, а пазней - і з Вільняй. На жаль, уявіць, як выглядалі буйныя дарогі стагоддзі таму, даволі складана. У прыватнасці, Генрых Татур у кнізе "Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне", выдадзенай у Мінску ў 1892 г., зазначаў, што "плаціны (грэблі) для дарог на балотах былі даволі шырокія і ўладкоўваліся, відаць, з зямлі, камянёў і бярвення". Зразумела, што не выпадала чакаць ад тагачаснага ўзроўню развіцця тэхналогій высакаякасных і хуткасных дарог, якія доўжыліся б на многія сотні кіламетраў праз лясы і балоты. І тым не менш, яны былі. Прынамсі, вядомы два такія старажытныя шляхі, створаныя ў сувязі са значнымі ваенна-палітычнымі падзеямі.

/i/content/pi/cult/254/3767/14-2.jpgЯк піша Г.Татур, "па Барысаўскім і Ігуменскім (Сёння - Чэрвенскі раён. - К.А.) паветах пралягае так званая "Вітаўтава дарога" - шлях вялікага князя Вітаўта". Па звестках гісторыка, граф Яўстафій Тышкевіч у адным са сваіх сачыненняў апісаў гэты шлях па Барысаўскім павеце да мяжы з Ігуменскім. Вядома, што Вітаўт праз гэтую дарогу скіроўваў ваенныя паходы на поўдзень. І менавіта ёю ў накірунку Вільні праязджалі татарскія прэтэндэнты на ханскі пасад для зацвярджэння іх Вітаўтам, а таксама ўсе пасольствы з поўдня. "Выдатныя паходы вялікага князя, яго магутнасць настолькі замацаваліся ў памяці народа, што шлях, якім ён ішоў, завецца дагэтуль яго імем", - адзначаў Г.Татур. Але ёсць меркаванне, што Вітаўт праходзіў па дарогах, якія існавалі спрадвеку. Мяркуючы па хуткасці перамяшчэння яго ваенных злучэнняў, можна сказаць дакладна, што будаваць новыя дарогі яго падначаленым было няма калі, ды і значна раней, у глыбокай старажытнасці, актыўныя зносіны з поўднем абумоўлівалі існаванне гэтага шляху. Магчыма, ім карысталіся нават старажытныя скандынавы. Таксама з глыбокай даўніны праз паўночную частку Барысаўскага павета, у накірунку ад захаду да ўсходу, праходзіў "шлях Батурынскі", ці, як яго яшчэ называлі, "Баторыя". Вядома, што звыклых нам сёння шыльдачак-указальнікаў на гэтых старажытных дарогах не было.

/i/content/pi/cult/254/3767/14-3.jpgШто ж дапамагала арыентавацца на мясцовасці і не збочыць з абранага шляху? Па меркаванні Г.Татура, дарогі пазначаліся камянямі з высечанымі на іх умоўнымі знакамі крыжа, круга, падковы, чалавечых ступняў. З летапісных часоў дарогі ў пэўных месцах суправаджаюцца курганамі, узведзенымі для пахавання людзей, памерлых у дарозе. Пра некаторыя з апошніх курганоў існуюць паданні, дзе гаворыцца, што ў іх пахавана якая-небудзь князёўна, падарожны купец, воін. Акрамя гэтага, гісторык згадвае, што каля буйных шляхоў часам знаходзіліся камяні, названыя ў народзе "сталамі", якім таксама прысвойваліся назвы, як і самім дарогам. Гэтыя валуны былі звычайна вялікія па памерах, чатырохвугольнай ці авальнай формы і пры гэтым плоскія зверху. Па версіі Г.Татура, у дахрысціянскія часы яны маглі выкарыстоўвацца для язычніцкіх ахвярапрынашэнняў. Таксама для патрэб вандроўнікаў пры старажытных дарогах ствараліся адмысловыя паглыбленні, што зваліся калодзежамі, круглай ці чатырохвугольнай формы, якія ўсярэдзіне былі абкладзены каменем. Ужо ў ХІХ стагоддзі многія такія калодзежы былі засыпаны зямлёй.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"