Колькі кніг на далоні Напалеона?

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Упершыню кнігі мініяцюрнага фармату з’явіліся яшчэ ў Сярэднявеччы. У той час іх стварэнне займала месяцы працы манахаў у скрыпторыях, дзе старанна, каліграфічным почыркам перапісваліся рэлігійныя тэксты на тонкіх лістах пергаменту. Новым штуршком пашырэння такіх кніг стала вынаходніцтва друкаванага станка… І сёння падобныя выданні маюць сваю гісторыю.

 

/i/content/pi/cult/254/3765/14-5.jpgМы ведаем, што ці не самым вялікім прыхільнікам мініяцюрных кніг быў Напалеон Банапарт. Пад час сваіх ваенных кампаній ён вазіў з сабой так званую "Партатыўную бібліятэку падарожніка", куды ўваходзілі 49 мініяцюрных кніг у адмысловым скураным футарале. Пры гэтым, у складзеным стане бібліятэка выглядала як адзін фаліянт. Першыя мініяцюрныя кнігі з'явіліся на Беларусі ў XVII- XVIII стст. Гэта былі Малітваслоў і Святцы, выдадзеныя, адпаведна, у Магілёве і Супраслі. У сваю чаргу, першая айчынная кніга-мініяцюра на беларускай мове - песні і вершы Адама Русака "Звонкія крыніцы" - выйшла з друку ў выдавецтве "Беларусь" у 1965 г. Яна, а таксама шэраг іншых выданняў такога кшталту прадстаўлены ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, дзе цяпер працуе арыгінальная выстаўка мініяцюрных выданняў "Дзівосы на далонях", прысвечаная 520-годдзю з дня нараджэння Францыска Скарыны. Экспазіцыю склалі каля 400 міні-кніг з асабістай калекцыі Яўгена Ксяневіча і фондаў музея. Маленькая кніга заўжды выклікае захапленне сваім памерам: у сярэднім гэта 7х9 см.

У любую дарогу можна лёгка ўзяць такую кніжку, і яна зусім не абцяжарыць падарожніка. Творы Агаты Крысці, Уільяма Шэкспіра, Франчэска Пятраркі, Генрыха Гейнэ можна пабачыць у выданнях памерам з далонь. У "мініяцюрнай" калекцыі Яўгена Ксяневіча - творы амаль усіх паэтаў Сярэбранага стагоддзя. Асобная палічка прысвечана міні-выданням твораў Сяргея Ясеніна. За трыццаць гадоў збіральніцтва калекцыянер займеў кулінарныя кнігі, падручнікі па шахматах, слоўнікі і дапаможнікі, навукова-пазнаваўчыя выданні, стракатыя дзіцячыя кніжачкі ў мініяцюрным выглядзе. Беларуская літаратура досыць багата прадстаўлена на экспазіцыі. У так званым падарожным фармаце паўстаюць творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Максіма Танка, Янкі Брыля, Васіля Быкава... У зборы Я.Ксяневіча ёсць кнігі на розных мовах, у прыватнасці, шмат украінскіх і польскіх выданняў. Па словах калекцыянера, мініяцюрныя выданні былі сабраны на прасцягу ад Будапешта да Магадана.

 Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ