“Маршрут па азімуце” Караткевіча

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Канстанцін СЕЛІХАНАЎ і Алег ВАРВАШЭНЯ — мастакі вядомыя ў нашай краіне. Сэнс сваёй працы яны бачаць у развіцці сучаснага грамадска-духоўнага працэсу, у пошуках новых форм, яму адэкватных. Іхні шлях у творчасці не параўнаць з прагулкай па горадзе — хутчэй, гэта “маршрут па азімуце”, што не так часта выводзіць на ўжо пратаптаныя сцяжынкі. Але затое ў час гэтых падарожжаў яны назіраюць такія карціны, якія ніколі не бачны са шматлюдных трас. Дастаткова ўспомніць хаця б вядомыя скульптурныя серыі Селіханава — “Гісторыя аднаго міфа”, “Праект”, “Знакі свету”, альбо кампазіцыі Варвашэні — “Нёман і Прыпяць”, “Сон”, “Свабода”, “Мой сусед”, каб зразумець, што ўсе пошукі звязаны з уменнем мысліць і разважаць далёка не спрошчанымі і не стэрэатыпнымі кампазіцыйнымі і пластычнымі катэгорыямі. Сёння ў майстэрні гэтых хлопцаў я знайшоў яшчэ адзін доказ маёй думкі: убачыў, як Селіханаў творыць вялікую серыю “Атланты” (пра месца Асобы сярод сабе падобных), а Варвашэня — цыкл ню, дзе яму, па ягоных словах, важна паказаць не што ён адлюстроўвае, а — як. Я хацеў бы ўдакладніць: мабыць, важна нават не столькі “як”, а — “хто” ёсць стваральнік новай рэальнасці.

 

/i/content/pi/cult/254/3762/13-1.jpgДык вось, хто гэтыя маладыя людзі - пераможцы Рэспубліканскага конкурсу эскізных праектаў помніка Уладзіміру Караткевічу ў г. Кіеве? Мы ўжо паведамлялі аб выніках першага тура конкурсу і рашэнні журы прадоўжыць яго на паўтара месяца - да 1 сакавіка 2010 года. Гэтым разам у другім, заключным, туры былі прадстаўлены 19 праектаў 13-ці аўтараў. Журы (старшыня - міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка) у выніку абмеркавання большасцю галасоў прызнала лепшым праект пад нумарам "3678". Аўтарамі твора аказаліся Канстанцін Селіханаў і Алег Варвашэня, якім і належыць увасобіць помнік для сталіцы Украіны, што размесціцца побач з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у гэтай краіне. Кіеў - не выпадковы горад для Уладзіміра Караткевіча: тут ён жыў разам з маці летам 1944 года, тут з 1949 па 1954 гг. вучыўся ва універсітэце імя Т.Р. Шаўчэнкі... Дарэчы, студэнцкі час пісьменнік згадаў у першай сваёй аповесці - "У снягах драмае вясна". Пасля вучобы ён яшчэ два гады настаўнічаў у вёсцы Лесавічы Тарашчынскага раёна Кіеўскай вобласці. Так што імя нашага класіка на Украіне шырока вядомае. Сёння яшчэ зарана падрабязна казаць пра тое, якім будзе помнік у канчатковым варыянце: наперадзе - работа над прамежкавай метровай мадэллю фігуры, зацвярджэнне яе Рэспубліканскім саветам па манументальным мастацтве, перавод помніка ў зададзены памер, удакладненне архітэктурна-прасторавай сітуацыі, упарадкаванасць тэрыторыі вакол помніка і г. д. Але, у прынцыпе, мы можам пагутарыць пра тое, як нараджалася сама ідэя, і які вынік творцы хацелі б пабачыць напрыканцы гэтага года.

- Калі вы ўпершыню "сустрэліся" з Уладзімірам Караткевічам?

Канстанцін СЕЛІХАНАЎ: - У класе шостым, калі пачаў непасрэдна, па-сапраўднаму цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі. І маёй першай кнігай Уладзіміра Сямёнавіча ў гэтым сэнсе быў "Чорны замак Альшанскі".

Алег ВАРВАШЭНЯ: - Таксама - у школе. Я нарадзіўся ў Баранавічах, шмат часу праводзіў у вёсцы ў сваякоў, і праблем з беларускай мовай у мяне не было. Першай настольнай кнігай была "Новая зямля" Якуба Коласа, а наступнай стаў двухтомнік Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім", які я пасля чытання доўга асэнсоўваў: такое гэты раман зрабіў уражанне...

 - Калі Міністэрства культуры аб'явіла конкурс, ці адразу вы згадзіліся прыняць у ім удзел? Або былі якіясьці сумненні?

 К.С.: - Спачатку не збіраўся ўдзельнічаць, разумеў, што гэта не проста: сярод аўтараў праектаў такія былі асы ў галіне манументальнай скульптуры, што думаў - не здолею. Аднак, калі мой сябра і аднадумца Алег прапанаваў супрацоўніцтва ў рабоце над праектам, я падумаўпадумаў - і пагадзіўся.

А.В.: - Я таксама не адразу вырашыў "увязацца ў бой", але, калі мы пабачылі на фотаздымках архітэктурна-прасторавую сітуацыю, дзе павінен "жыць" помнік, даў згоду. А сітуацыя, павінен сказаць, не надта спрыяльная для ўстаноўкі скульптуры, аднак менавіта гэта ("чым горш - тым лепш") і падштурхнула нас паспрабаваць пашукаць у ёй тое адзінае пластычнае зерне, з якога можа прарасці "дрэва жыцця".

 К.С.: - Натуральна, мы перачыталі ўсяго Караткевіча і тое, што было напісана пра яго жыццё. А першым штуршком у нашай працы з'явіліся вось гэтыя радкі пісьменніка: Калі развітання апошняга прыйдзе пара, Ладдзя на апошні, світанкавы выплыве плёс, І прыйме мяне валявокая цемра Дняпра, Як месячны серп з залацістых дняпроўскіх нябёс.

 - Я так разумею, што перамога ў конкурсе была для вас нечаканай...

 К.С.: - Абсалютна нечаканай...

А.В.: - Больш за тое: яна прымусіла ўзяць на сябе вялікую адказнасць, якой, магчыма, ніколі і не было ў нашым творчым жыцці.

- І ў чым жа заключаецца тая адказнасць? Ва ўвасабленні вобраза такой неардынарнай асобы, як Караткевіч? У кароткіх тэрмінах выканання дзяржаўнага заказу? У адсутнасці ў вас адпаведнага вопыту работы ў галіне манументальнай скульптуры?

 К.С.: - І ў тым, і ў другім, і ў трэцім, аднак усё залежыць ад нас саміх. І мы зробім усё, каб помнік быў якасным. Было б крыўдна выканаць гэты твор кепска, у сэнсе - абы-як!

А.В.: - Караткевіч - пісьменнік і асоба драматычнага лёсу - як вядома, стварыў сябе сам. Для нас і для тых, хто будзе жыць пасля нас, ён - свабодны, вольны чалавек. Менавіта такім мы яго бачым у помніку.

 - Не сакрэт: аблічча вядомага чалавека бывае так кананізавана, што звычайны глядач балюча рэагуе на ўсялякую спробу мастака вар'іраваць яго вобраз, прыдаць знаёмаму твару нязвыклы для яго псіхалагічны стан і г. д. Прыгадайма, як цяжка ў свой час быў прыняты і "спазнаны" гледачом "Пушкін" Матвеева альбо андрэеўскі "Гогаль"... Ды і Пётр І Шэмякіна ў Пецярбургу...

К.С.: - Гэта сапраўды так. Таму наша звышзадача - паказаць вобраз беларускага класіка ў максімальнай паўнаце як чалавека Зямлі, складанага ў сваёй уяўнай прастаце, не забранзавелага, не аддаленага ад гледача высокім пастаментам, але, адначасова, каб у ім адчувалася нейкая энергетыка дэміурга часу і пранізлівай рэальнасці...

А.В.: - І - адысці ад банальных стэрэатыпаў, празаічнага бытапісу, натуралістычнай безаблічнасці і, з іншага боку, - ад умоўнай сімволікі і павярхоўнага алегарызму.

- Пасыл цудоўны... А хто будзе ў вас архітэктарам?

 К.С.: - Ёсць у нас на прыкмеце адзін цудоўны архітэктар. Цяпер праводзім перамовы. І калі мы знойдзем з ім кансенсус, адразу ж - у Кіеў, каб на месцы дэталёва акрэсліць архітэктурна-прасторавую сітуацыю. Хаця, у цэлым, прынцыповая кампазіцыя ў нас ужо ёсць: гэта вертыкальная фігура, а за ёй - архітэктурна-пластычная манументальная плоскасць (з алюмінію альбо стальнога ліста) у выглядзе адкрытай кнігі-хвалі, на старонках якой, магчыма, і будзе фрагмент паэтычнага тэксту Караткевіча, што мае сэнсавае дачыненне і да Беларусі, і да Украіны, скажам, праз раку Днепр...

 А.В.: - Але гэта яшчэ не канчатковы варыянт. Будзем думаць наконт тэкставага зместу.

 - Які памер помніка?

К.С.: - Фігура - прыкладна натура з чвэрцю; уся плоскасць развароту "кнігі" па вышыні - не больш за 3,5 метра. Гэта дазволіць "схаваць" не вельмі выйгрышны фасад будынка...

А.В.: - Такім чынам, фігура і "кніжная" плоскасць, якія будуць пастаўлены на нізкі п'едэстал, арганічна ўвойдуць у моцнае эмацыянальнае рэчышча глядацкага ўспрыняцця з вуліцы.

- Я так разумею, што помнік павінен стаць канцэнтратам адухоўленага асяроддзя і з'явіцца своеасаблівым сімвалам вяртання Уладзіміра Караткевіча ў ягонае юнацтва, у той Кіеў, які ён заўсёды любіў і ніколі не забываў...

К.С.: - Я хацеў бы сказаць вось што. Караткевіч не быў народным пісьменнікам па званні, але быў па-сапраўднаму народны па духу і прызванні, а таксама па той папулярнасці, якую меў не толькі сярод беларусаў. Такім нам і хацелася б яго паказаць: Рыцара свету, чараўніка слова і проста добрага чалавека. У гэтым - наша звышзадача...

- Дай Божа, каб у вас усё атрымалася.

На здымку: К.Селіханаў і А.Варвашэня каля свайго праекта.

Фота Юрыя ІВАНОВА