“Неспецыяліст” замест… “неспецыяліста”

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Паводле Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла ва Ушацкім раёне павінна быць 6 аграгарадкоў. Пяць ужо здадзены, на чарзе апошні — у вёсцы Глыбачаны. Але аб пераможных рэляцыях казаць пакуль што зарана: ніводзін аграгарадоцкі СДК, атрымаўшы новы статус, не здолеў пакуль што выйсці на новыя, больш якасныя, паказчыкі працы. Гэта датычыць і выканання плана платных паслуг, і стварэння новых аматарскіх аб’яднанняў. А бібліятэчныя работнікі на сяле толькі падступаюцца да выкарыстання ў паўсядзённай дзейнасці Інтэрнета… Ёсць тут і свае ўшацкія “загадкі”. Установы культуры ў некаторых паселішчах — вёскі Сарочына, Селішча — з года ў год застаюцца лепшымі па аказанні платных паслуг: зарабляюць больш, чым у любых з аграгарадоцкіх СДК. Ёсць у гэтай, з першага погляду, парадаксальнай сітуацыі і досыць лёгкае тлумачэнне: у раёне не стае кваліфікаваных спецыялістаў, і кадравая праблема асабліва востра адчуваецца ў сельскіх клубных установах Ушчачыны.

 

/i/content/pi/cult/254/3761/10-1.jpgСпадзеў на філарманічную пляцоўку

Першае паселешча, дзе пабываў, - аграгарадок "Вяркуды". Жыве тут прыкладна 300 жыхароў, у мясцовай школцы - 53 вучні. У Вяркудскім СДК нядаўна завяршыўся рамонт. З 2007 года гэты аб'ект культуры быў, як кажуць, "пераходным". Нават на гэты год засталіся пэўныя работы па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі, якія мясцовае кіраўніцтва плануе распачаць улетку. Як і многія іншыя аб'екты культуры Ушацкага раёна, Вяркудскі СДК месціцца ў прыстасаваным будынку: раней тут знаходзілася сельская сталоўка. Але месца хапае: ёсць залы - глядзельная (на 150 месцаў) і танцавальная. Праўда, няма пакуль што светлавой апаратуры для дыскатэкі. Але, як запэўніла мяне начальнік аддзела культуры Ушацкага райвыканкама Таццяна Малак, абсталяванне заказана на "Светлоконе" і ў хуткім часе паступіць у сельскі Дом культуры. Дырэктар Вяркудскага СДК Аляксандра Чумак гэтай навіне вельмі рада. - Асноўная наша форма дзейнасці, - кажа яна, - гэта дыскатэка, таму без адпаведнай апаратуры не абысціся. Тады і на танцах будзе больш людзей. А пакуль што масавасцю на танцавальных вечарах пахваліцца не можам: па пятніцах, калі праводзім дыскатэку для тых, каму за трыццаць, бывае ў нас 1015 чалавек, па суботах на маладзёжных вечарах - 20 - 25... Каб нейкім чынам выйсці на планавыя паказчыкі, супрацоўнікі СДК ладзяць летам дзіцячыя дыскатэкі з абавязковымі гульнёвымі праграмамі, вечары адпачынку для розных катэгорый насельніцтва. Вялікія спадзяванні - і на філарманічную пляцоўку, якая запрацавала ў Вяркудскім СДК з канца мінулага года: менавіта з яе дапамогай Аляксандра Чумак мяркуе выйсці на планавы паказчык у чатыры мільёны рублёў па аказанні платных паслугах. А летась установа зарабіла толькі мільён. Словам, год абяцае быць для ўстановы няпростым. Дарэчы тут згадаць, што дырэктар СДК не мае спецыяльнай адукацыі: раней яна працавала загадчыкам сельскай крамы. Дапамогу ёй аказвае як раённы метадычны цэнтр, так і мастацкі кіраўнік Вяркудскага СДК Ірына Мацюшэнка, якая вучылася ў Віцебскім вучылішчы мастацтваў і працавала калісьці загадчыкам клуба ў суседняй вёсцы Слабада. Дапамога, як падаецца, дзейсная, бо ва ўстанове наладжана праца разнастайных гурткоў: вакальных спеваў, фальклорнага, жаночага клуба "Кветка", клуба майстроў "Чароўны куфэрак" і клуба "Міласэрнасць" для пажылых людзей. Асабліва запатрабаваны апошні, бо ў Вяркудах існуе адзіны ў раёне Дом сацыяльных паслуг, і супрацоўнікі Вяркудскага СДК там - частыя госці.

 З Інтэрнетам пакуль "на вы"

Бібліятэка ў аграгарадку "Вяркуды" размешчана ў адным будынку з СДК. Вось ужо два гады на пасадзе бібліятэкара працуе Вера Кладніцкая. У гэтай культработніцы таксама, на жаль, няма спецыяльнай адукацыі: раней Вера Пятроўна была загадчыкам калгаснай фермы. Летась вучылася на абласных курсах павышэння кваліфікацыі. У кніжным фондзе бібліятэкі - 5 тысяч экземпляраў, неблагі падбор перыёдыкі. Ёсць тут і камп'ютэр з усім патрэбным да яго "дадаткам": сканерам, прынтэрам, ксераксам і выхадам у Інтэрнет. Адна бяда: як расказала Вера Кладніцкая, камп'ютэр яна асвоіла не так даўно і самастойна. І калі з наборам тэксту спраўляецца, дык ні з Інтэрнетам, ні з электроннай поштай пакуль што працаваць не ўмее. Няма ў бібліятэцы і аматарскага аб'яднання. Між тым, стварэнне фарміраванняў экалагічнага напрамку, лялечных тэатраў - пашыраная практыка сярод іншых ЦБС Віцебшчыны ды і іншых рэгіёнаў Беларусі, дзе мне даводзілася бываць. І справа тут не толькі ў аграгарадоцкім статусе, які вымагае "трымаць марку", але і ў дадатковых магчымасцях для развіцця пазабюджэтнай дзейнасці. Скажам, тыя ж самыя бібліятэчныя лялечныя тэатры ў сістэмах многіх ЦБС краіны прадастаўляюць чытачам шырокі спектр платных паслуг.

З кнігамі - на веласіпедзе

 Наступны прыпынак - аграгарадок 2005 года "Арэхаўна" на 600 жыхароў - першае паселішча раёна з такім ганаровым статусам. Спярша наведаў бібліятэку, якая месціцца ў будынку мясцовага дзіцячага садка. Зацікаўлены пытаннем належнага інтэрнет-абслугоўвання насельнікаў аграгарадкоў, задаў і тут "правакацыйнае" пытанне бібліятэкарцы Ірыне Малак: ці здолее яна адшукаць для мяне рэферат па творчасці свайго земляка Васіля Быкава ў Сусветным павуцінні? Адказ не суцешыў: бібліятэкар пакуль што з Інтэрнетам не надта сябруе - умее толькі набіраць тэксты і працаваць з электроннымі табліцамі. А працуе тут Ірына Станіславаўна ўжо трэці год. Падаецца, часу на камп'ютэрны "лікбез" было больш чым дастаткова. Справа, натуральна, і ў адсутнасці спецыяльнай адукацыі: па прафесіі Ірына Малак - закройшчыца. Але гэта зусім не азначае, што можна забывацца на тыя патрабаванні, якія прад'яўляе да сённяшніх сельскіх бібліятэкараў час найноўшых тэхналогій. Мінулагодні план платных паслуг бібліятэчнай установы - 330 тысяч, сёлетні - 650. Ірына Станіславаўна плануе павялічыць аддачу ад аказання шэрагу платных паслуг: прадастаўлення камп'ютэра для гульняў, сканіравання, набору тэксту. І гэта ўжо не толькі словы. За люты ўстанова культуры зарабіла на платных паслугах 70 тысяч рублёў - удвая больш, чым у любым месяцы мінулага года. Як і ў іншых сельскіх бібліятэках раёна, няма ў Арэхаўскай бібліятэцы і свайго камерцыйнага фонду. Запатрабаваныя чытачамі кнігі Ірына Малак прывозіць з Ушачаў, з цэнтральнай бібліятэкі. Да таго ж, па пятніцах аб'язджае вёскі, якія ўваходзяць у яе зону абслугоўвання: калі - пешшу, калі- на веласіпедзе. Хоць і кажа, што гэта не вельмі складана, але пагадзілася, што аўтабібліятэка была б у раёне вельмі дарэчы. Але пакуль гэта толькі мара... І апошняе: аматарскага аб'яднання не створана і пры гэтай бібліятэчнай установе. Паўтарацца пра неабходнасць такіх фарміраванняў у аграгарадках не буду, заўважу толькі, што на вырашэнне і гэтага пытання часу, як падаецца, было таксама больш чым дастаткова.

/i/content/pi/cult/254/3761/11-1.jpgБыло 12 мільёнаў, цяпер - адзін

 Арэхаўскі СДК - таксама былая сельсаветаўская сталоўка. Цяпер яе не пазнаць: шмат кабінетаў, вялікая танцавальная зала. Глядзельная, праўда, не надта ўмяшчальная: разлічана ўсяго толькі на 100 месцаў. Але з апаратурай для дыскатэк тут праблем няма: усё якаснае і новае. І гэтаму ёсць сваё тлумачэнне. Менавіта Арэхаўскі СДК прымаў на свае плечы ўвесь цяжар раённых культурна-масавых мерапрыемстваў цягам трох гадоў - з 2006-га па 2008-ы г. А ўсё таму, што Ушацкі РДК быў у гэты час зачынены на рамонт. Балазе да Арэхаўкі ад райцэнтра недалёка: пяць кіламетраў. План платных паслуг для ўстановы культуры ў тыя гады дасягаў 10 - 12 мільёнаў рублёў. Але дырэктар Арэхаўскага сельскага дома культуры Ірына Ясюк - у якой, дарэчы, таксама няма спецыяльнай адукацыі, - казала мне пра гэта са скрухай. Справа ў тым, што пасля таго, як у 2008 годзе раённы Дом культуры адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў, скончылася "добрае жыццё" для культработнікаў аграгарадка. Летась план платных паслуг установа не выканала: зарабіла ўсяго адзін мільён сто тысяч рублёў пры амаль трохмільённым плане. - Мы знаходзімся непадалёк ад Ушачаў, - патлумачыла сітуацыю Ірына Уладзіміраўна, - таму ўся моладзь ездзіць на дыскатэкі або ў райцэнтр, або ў Сарочына, суседнюю вёску. Да нас жа прыходзіць 6 - 10 чалавек... Менавіта з прычыны невялікай запоўненасці танцавальнай залы дыскатэкі тут ладзяцца толькі па вялікіх святах, не перыядычна. І гэта - трывожны сігнал для кіраўніцтва аддзела культуры, для раённага метадычнага цэнтра, якія, нягледзячы на ўсе намаганні, не могуць пакуль выправіць праблемную сітуацыю. Яшчэ адна крыніца грашовых паступленняў для Арэхаўскага СДК - більярд, куплены яшчэ ў 2007 годзе за пяць мільёнаў рублёў. Але і ён таксама, нягледзячы на вялікія спадзяванні кіраўніцтва, не карыстаецца вялікім попытам. У план платных паслуг неблагую прыбаўку дадае такая паслуга, як камп'ютэрныя гульні. Ёсць пэўны спадзеў і на летнія дзіцячыя дыскатэкі.

- Будзем сваімі сіламі ладзіць платныя канцэрты, - кажа Ірына Ясюк, - бо і ў гэтым годзе нам трэба зарабіць на платных паслугах больш за тры мільёны рублёў. На пытанне пра танцавальныя вечары для тых, каму за трыццаць, Ірына Уладзіміраўна распавяла, што спробы праводзіць падобныя мерапрыемствы былі, але яны таксама не зведалі поспеху. Хаця патрэба ў такіх мерапрыемствах, неаспрэчна, ёсць. Пра гэта мне расказалі жыхары сярэдняга веку, якіх распытваў пра тое, чаму яны не наведваюць танцавальныя вечары. Шмат людзей запэўнівалі мяне, што з задавальненнем хадзілі б на дыскатэкі "35 плюс-мінус 5". Значыць, і тут недапрацоўка мясцовых культработнікаў відавочная. Менавіта танцавальныя вечары маглі б стаць "фішкай" установы культуры, а іх запатрабаванасць неаспрэчная не толькі ў Арэхаўне, а і сярод жыхароў суседніх паселішчаў. Балазе матэрыяльная база ва ўстанове культуры для гэтага ёсць. Справа - за крэатыўнасцю і пошукам новых форм працы.

 Усе пытанні, якія з'явіліся ў мяне пасля наведвання аграгарадкоў раёна, агучыў на райвыканкамаўскай "лятучцы", зыніцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Вольга КАРЧЭЎСКАЯ, начальнік аддзела культуры Таццяна МАЛАК, дырэктар раённага Дома культуры Соф'я ТАРАСЕНЯ, дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Ларыса ГОЛУБ, дырэктар Раённага метадычнага цэнтра Маргарыта САЗОНАВА і вядучы спецыяліст аддзела культуры Марыя ШАЎЧЭНКА.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Пачну з самай, як мне падаецца, балючай праблемы раённых устаноў культуры: ні ў адным пабачаным аграгарадку на пасадзе дырэктара клуба або бібліятэкара няма супрацоўніка са спецыяльнай адукацыяй. Наколькі востра ў раёне стаіць кадравае пытанне?

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Праблема сапраўды першарадная. Рэй у сферы рэгіянальнай культуры павінны весці асобы. Толькі тады будзе вынік ад працы. Задача аддзела - знайсці і падтрымаць такіх актыўных, ініцыятыўных людзей. Вось у тых жа Вяркудах цяпер - добрая матэрыяльная база, а арганізатара, які мог бы наладзіць там творчы працэс, пакуль няма. Ці ж можна такое дараваць?

Марыя ШАЎЧЭНКА: - У сельскіх клубных установах - толькі 49 працэнтаў спецыялістаў са спецыяльнай адукацыяй... І гэта сапраўды праблема. Ёсць пытанні і з клубнымі фарміраваннямі, бо на сённяшні дзень "неспецыяліст" па харэаграфіі, "неспецыяліст" па вакале не здольныя стварыць добры калектыў, нармальнае аб'яднанне, не могуць зацікавіць людзей для таго, каб яны актыўна наведвалі СДК.

 Таццяна МАЛАК: - Але мы цяпер чакаем выпускнікоў нашых навучальных устаноў. У нас на сённяшні дзень 9 чалавек вучацца на дзённым, а 12 - на завочных аддзяленнях у Віцебску, Мінску, Магілёве...

Марыя ШАЎЧЭНКА: - Бяда ў тым, што калі яны вучацца добра, асабліва - харэографы, музыканты, дык у горадзе застануцца.

Таццяна МАЛАК: - Летась чакалі, напрыклад, харэографа, а ён "асеў" у Віцебску...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Колькі ў мінулым годзе да вас прыехала маладых спецыялістаў?

Таццяна МАЛАК: - Якраз мінулы год і быў вельмі няўдалы ў кадравым плане: усе спецыялісты, якіх мы чакалі, паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Да нас ніхто не прыйшоў. Прыехалі, адзначыліся - і паступілі ў ВНУ.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Сітуацыя, зрэшты, прагназуемая. Што робіце для таго, каб падстрахавацца ў кадравай палітыцы?

 Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Праводзім прафарыентацыю. Кожны год у студзені на бацькоўскіх сходах у школах інфармуем бацькоў і вучняў, якія спецыяльнасці запатрабаваны ў раёне, шукаем маладых таленавітых людзей, гаворым пра іх перспектывы. А перспектывы, напрыклад, жыллёвыя, у раёне ёсць. У нас не знойдзеш ні настаўнікаў, ні клубных работнікаў, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвага становішча. Усе маюць жыллё. Вось, да прыкладу, у вёсцы Глыбачаны ў нас ёсць вольныя трохпакаёвыя кватэры з усімі выгодамі.

Марыя ШАЎЧЭНКА: - Стаўку робім на завочнікаў. Дванаццаць чалавек заканчваюць навучанне сёлета, у мінулым годзе адукацыю атрымалі яшчэ дзесяць.

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Не будзем забывацца, што ад узроўню адукацыі і заробак залежыць. Таму мы пастаянны "падштурхоўваем" сваіх супрацоўнікаў: хочаце большую заработную плату - ідзіце вучыцца.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Выкарыстоўваеце, зразумела, у якасці стымулу надбаўкі, прэміраванне...

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Адназначна. І надбаўкі, і прэміі, і даплаты з пазабюджэтнага фонду. Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Згодна з патрабаваннем губернатара Віцебскай вобласці, план выканання платных паслуг павялічыўся сёлета на 200 працэнтаў ад узроўню мінулага года...

Таццяна МАЛАК: - Мы за першы месяц выйшлі на паказчык у 124 працэнты. Лічу, што гэта нядрэнна.

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - А я ўпэўнена ў адваротным. Калі даведзена 200 працэнтаў ад плана, дык трэба рабіць усё, каб гэты план выканаць. Так што не трэба сябе суцяшаць гэтымі лічбамі. Я буду патрабаваць штомесячнага 200-працэнтнага выканання.

Таццяна МАЛАК: - Будзем імкнуцца да гэтага.

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Даводзьце спачатку да 200 працэнтаў паказчык у фактычных цэнах, а потым - у супастаўных.

Таццяна МАЛАК: - Вельмі складана выйсці на такія рубяжы. Я думаю, подзвіг зробім, калі на 150 працэнтаў ад плана выйдзем.

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Паўтараю яшчэ раз: паказчык - 200-працэнтны... Шукайце новыя формы работы, прываблівайце людзей якасцю мерапрыемстваў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Якія напрацоўкі ўжо ёсць?

Таццяна МАЛАК: - Стаўку робім на камп'ютэрызацыю бібліятэк.

 Ларыса ГОЛУБ: - Летась былі прааналізаваны планавыя паказчыкі па ўсіх бібліятэчных сістэмах Віцебшчыны. І Ушацкая ЦБС аказалася на перадапошнім месцы ў вобласці! Таму сёлетні наш план нават не 200, а 258 працэнтаў! Зразумела, мы ўсё разлічылі, з першага сакавіка ўвялі новыя віды паслуг, пераназвалі тыя, што існавалі раней, каб падняць іх кошт.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Цяжка не вітаць камп'ютэрызацыю бібліятэк. Але калі мы гаворым пра адраджэнне і развіццё сяла, дык у першую чаргу маем на ўвазе, што вясковыя паселішчы павінны выходзіць на новыя, больш якасныя ўзроўні, адпавядаць усім патрэбам сённяшняга дня. Добра, што ў двух аграгарадках, дзе сёння пабывалі, ёсць і камп'ютэрная тэхніка, і падключаны Інтэрнет. Але нідзе бібліятэкары не ўмеюць карыстацца ні Інтэрнетам, ні электроннай поштай.

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Элементарная безыніцыятыўнасць! У раёне ёсць камп'ютэршчыкі, ёсць дзе павучыцца азам. Мы казалі аб гэтым яшчэ два гады таму, калі старшыня райвыканкама рабіў аб'езд аграгарадкоў і прапаноўваў работнікам бібліятэк знайсці інфармацыю ў Інтэрнеце. Ды бібліятэкары тады не ўмелі гэтага рабіць. Была пастаўлена задача выправіць становішча. Прайшло столькі часу - а нічога не зроблена! Дамаўляйцеся з прафесіяналамі, плаціце ім грошы, збірайце бібліятэкараў і вучыце іх. Няўжо гэта цяжка?

Ларыса ГОЛУБ: - У цэнтральнай раённай бібліятэцы ў нас усе бібліятэкары валодаюць камп'ютэрам і могуць аказваць чытачам адпаведныя віды платных паслуг, у тым ліку і па карыстанні Інтэрнетам. А ў аграгарадках у нас працуюць "неспецыялісты" і маладыя супрацоўнікі.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Адна з работніц працуе два гады, другая - трэці год.

 Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Дык што, не было часу навучыць? Ёсць жа для гэтага ўсе магчымасці!

Ларыса ГОЛУБ: - Мы іх спрабавалі вучыць. Але, як вы і казалі, усё залежыць ад асобы: нехта хоча вучыцца, а нехта - не.

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Трэба ставіць пытанне паіншаму: не валодаеш Інтэрнетам, не хочаш вучыцца - шукай іншую працу! На месца "неспецыяліста" лёгка знойдзецца іншы "неспецыяліст", які будзе ўмець карыстацца камп'ютэрам або захоча вучыцца гэтаму. Інакш ніякага плана платных паслуг не выканаеце...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Пасля паездкі па раёне ўбачыў, што слаба вядзецца праца з тымі спажыўцамі культуры, каму за трыццаць. А пагаварыўшы з людзьмі, магу сказаць, што яны з задавальненнем хадзілі б на дыскатэкі, скажам, "Рытмы 80-х"...

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Тая тэма, якую я заўсёды агучваю: гэта і танцавальныя вечары, і Клубы маладой сям'і... Трэба гэта арганізоўваць абавязкова, бо арыентавацца толькі на моладзь не выпадае: у нас яе ў раёне, на жаль, не так ужо і шмат.

 Соф'я ТАРАСЕНЯ: - Праводзім апытанні як у РДК, так і ў сельскіх установах культуры: што падабаецца, што не, ці добры рэпертуар, і гэтак далей. Паспрабавалі ладзіць у раёне дыскатэкі "Трыццаць пяць плюс-мінус пяць" і "Сорак пяць плюс-мінус пяць", але пакуль што ніхто не пайшоў. Мо не прызвычаіліся яшчэ?

 Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Прычына і ў тым, што матэрыяльная база слабаватая ў шэрагу клубных устаноў. А вось у Арэхаўне, здаецца, ёсць каму хадзіць, а не ідуць. Значыць, трэба знайсці такіх арганізатараў, каб маглі зацікавіць і моладзь, і людзей больш сталага ўзросту.

Маргарыта САЗОНАВА: - Яшчэ адзін накірунак пазабюджэтнай дзейнасці: Раённы метадычны цэнтр цяпер распрацоўвае шэраг турыстычных маршрутаў, каб вазіць людзей на радзіму Васіля Быкава, да нашых музейных устаноў на раёне, у вёску Пуцілкавічы... У вёсцы Жары побач з СДК створаны аб'ект "Сялянская хатка", каб праводзіць там адпачынак у нацыянальным стылі, з беларускай кухняй...

 Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - І тут аддзел таксама спазняецца. Хутка распачнуцца школьныя канікулы, і можна будзе вывозіць дзяцей па турыстычных маршрутах, па гістарычных мясцінах Ушаччыны. Трэба дамаўляцца з тураператарамі і зрабіць усё, каб кожная турыстычная "капейчына" ў скарбонку культуры трапіла. Выязджаць варта туды, куды скіроўваюцца турысты, прапаноўваць ім сваю праграму: дэманстраваць традыцыйныя ўшацкія абрады, песні, гатаваць ежу... Лічу, што тут у нас шмат чаго можна зрабіць пры наладжаным супрацоўніцтве з турфірмамі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - У раёне шмат пытанняў і з мабільнымі ўстановамі культуры. А яны на турмаршрутах спатрэбяцца.

 Таццяна МАЛАК: - Планавалі набыць у мінулым годзе і бібліобус, і кінавідэаперасоўку. На жаль, з-за скарачэння фінансавання гэтых грошай мы не атрымалі.

Ларыса ГОЛУБ: - Аўтабібліятэка патрэбна, бо ў нас больш за 250 населеных пунктаў у раёне. Бібліятэкары часта вымушаны хадзіць па суседніх вёсках і разносіць кнігі. У некаторых зона абслугоўвання - 15 - 17 вёсак. Гэта вельмі шмат. Да таго ж, у тыя дні, калі бібліятэкар разносіць кнігі- а гэта звычайна чацвер ці пятніца, - бібліятэка ў вёсцы не працуе.

Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Аўтаклуб ёсць, а бібліобус- нязбыўная пакуль мара. Па снезе цягаць кнігі- вельмі цяжка. Але, як вядома, наш раён датацыйны на 78 працэнтаў. Летась фінансаванне на сацыяльную сферу зменшылася. А гэтыя грошы мы планавалі патраціць на набыццё якаснай апаратуры, бібліобуса, кінавідэаперасоўкі, музычных інструментаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: - Не пабачыў ні ў адной з бібліятэк аграгарадкоў аматарскага аб'яднання...

Таццяна МАЛАК: - Усё ж 12 аматарскіх бібліятэчных аб'яднанняў у раёне ёсць. А ўсяго ў ЦБС - 21 бібліятэка.

 Вольга КАРЧЭЎСКАЯ: - Тут таксама да спецыялістаў патрабаванні заніжаныя. У аграгарадках культасвета павінна быць узорнай. Гэта датычыць і стварэння аматарскіх аб'яднанняў пры бібліятэках. Выснова тут адзіная: трэба планава вырашаць кадравую праблему, развіваць клубныя фарміраванні, удасканальваць і пашыраць віды культурных паслуг.

Мінск - Ушацкі раён - Мінск

Фота аўтара  

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"