Тролінг па Астроўскаму

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Калі вы хочаце як мага хутчэй развітацца з рэжысёрам, даручыце яму паставіць “Мудраца” (“На ўсякага мудраца даволі прастаты”. — Ж.Л.), альбо “Падступства ды каханне”: ёсць сведчанне, што сам Станіслаўскі не жартам пакінуў тэатральнай гісторыі гэты тэзіс. Аднак Рыд Таліпаў на пасадзе мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа не пабаяўся пачаць акурат з Астроўскага.

 

/i/content/pi/cult/254/3756/8-2.jpgУ вазе і ацэнцы персанажаў Рыд Таліпаў разыходзіцца з Аляксандрам Астроўскім. Аднак сцэны месцамі не мяняе і тэкст класіка не "перапісвае", хіба сям-там далікатна скарачае. Той, хто не перачытваў п'есу перад спектаклем, гэтых скарачэнняў нават і не заўважыць. Прыкладам, у сцэне, калі Мамаша Глумава (Раіса Грыбовіч) расказвае чароўны сон свайго малечы (маўляў, зляцеліся да ложка анёлы і кажуць: "Слухайся бацькоў сваіх, а потым - слухайся начальнікаў сваіх..."), пра бацькоў са сцэны не чуваць. Толькі - пра начальнікаў. Бо, па сцэнічнай сітуацыі, не з бацькамі жыць маладому Глумаву, а менавіта з начальнікамі.

 У пэўным сэнсе ім - начальнікам - Глумава ўсё гэта і распавядае. Альбо ў сцэне, калі Мамаева просіць у Гарадуліна месца для Глумава, той адказвае, што добрыя месцы ўсе заняты: адно - Нобелем, другое - Фрэйдам. Між тым, у арыгінале пазначаны Бісмарк ды Бейст, аднак сёння для гледача іх прозвішчы, відавочна, скажуць куды меней. Паводзіны і матывіроўкі маладога Глумава маюць аналагі і сваё развіццё ў нашым часе: ягоныя сучасныя равеснікі, на свой досвед ды розум, назвалі б іх тролінгам. Маўляў, сядзіць такі "троль" у Інтэрнеце і цікуе, каго на што "злавіць". Пры гэтым, да тэмы і праблемы ставіцца абсалютна абыякава - яго цікавіць працэс размовы і яе наступствы. І свайго ён дамагаецца спрытна: галоўнае - правільна выбраць месца і ведаць, чым "расцвяліць" суразмоўцу. У "аўтэнтычнага" Глумава не было Інтэрнета - эпіграмы на ўсю Маскву ён пісаў асадкай на паперы, але вывучыў норавы і зразумеў, што займець поспех можна толькі адным чынам: казаць людзям тое, што яны хочуць пачуць. Гэтага аказалася дастаткова. Парадаксальна, але герой ні ў кога нічога не просіць: самі прапануюць і самі ўсё даюць, усяму навучаюць, хады-выхады паказваюць, усё вырашаюць ды рухаюць. Цягам спектакля на сцэне ўзнікаюць і іншыя часы, іншыя аўтары - яны пераблыталіся, ушчыльніліся, знітаваліся. Настрой і тэмпарытм жыцця-свята, жыцця-параду задае "Камарынская" Глінкі і марш Халілава (як персанальная тэма Круціцкага) - скокі навыперадкі адзін перад адным: глядзі пад ногі, бо растопчуць і нават не заўважаць. Задача Глумава - скакаць ды падскокваць, трапляючы ў рытм. І ён спраўляецца. Увогуле, кожны персанаж у спектаклі рухаецца лёгка, нязмушана, нібыта пратанцоўвае сваю партыю: ніхто не збіваецца, фігуры не блытае.

Са сцэны ў сцэну лябёдкай пераплывае Клеапатра Львоўна Мамаева - не дурная, між іншым, кабета, якая, закахаўшыся ў Глумава, квітнее на вачах (Анжаліка Баркоўская). Маршыруе "маленькі ваяка" Круціцкі (у спектаклі ён - былы марскі афіцэр), а з дамамі- прыскоквае, біноклем круціць налева-направа, разглядае і ўглядаецца, але - паважна, з годнасцю (Тадэвуш Кокштыс). Асцярожна пераступае Соф'я Ігнатаўна Турусіна, чакае знакаў лёсу, уся ў здагадках ды прыкметах (Галіна Букаціна). Сунецца й калоціцца прадказальніца Манефа - дурніца, ашуканка, але свае тры рублі ад Глумава мае (Ларыса Антосева). Перапырхвае, пералятае Машачка, пляменніца Турусінай: замуж ёй хочацца, цётцы ў ногі валіцца, але адразу ж забывае, навошта павалілася, так і качаецца, ножкамі перабірае (Ніна Обухава)...

 Кожны - сам сабе мудрэц. Ансамбль спектакля - далікатны, чуйны, схільны да гумару. Акцёры відавочна любяць сваіх персанажаў. Паводле класічных тэатральных рашэнняў, гэтыя персанажы, даўмеўшыся праўды аб намерах Глумава, здабыўшы ды пачытаўшы ягоны дзённік, мусяць супраць яго хаўрусавацца - хутка, бязлітасна, жорстка; мусяць рабіцца страшнымі - ажно да глядацкага спалоху. Але ў Рыда Таліпава Глумаў ужо вывучыў, даследаваў, зразумеў іхні чалавечы механізм. І механізм іхніх дачыненняў. Магчыма, яго па-свойму праецыруе сцэнаграфія: сцэна спрэс застаўлена гадзіннікамі розных форм ды памераў, але пясок не сыплецца, маятнікі хістаюцца праз раз, стрэлкі не рухаюцца, а толькі ледзь торгаюцца. У галоўнай ролі заняты Юрась Гапееў, якому часам бракуе хіба сцэнічнага досведу, але ніяк не жыццёвага. Ягоны Глумаў - звадыяш упэўнены, дасведчаны, пільны, але ў яго і сумленне ёсць, і павага, і ветлівае абыходжанне, і акцёрскія здольнасці. У фінале драматург карае Глумава, але адразу ж, вуснамі грамады, паведамляе гледачу, што хлопца ацанілі. Датрымаюць характар і вернуць - і будзе ён адрабляць на іхнюю карысць і рабіць на сваю. Бо памкнуліся былі хаўруснікі біць-караць, але хлопец не спалохаўся, так што разгубіліся, спалохаліся яны самі. Перамудрылі, мудрацы...

Вось так, паводле рэжысёра і драматурга, і выходзяць у людзі. Механізм - стары, іржавы, сапсаваны, ледзь ліпіць, але працуе, дарма што вонкавага руху стрэлак не заўважыць. Усё рухаецца. Іншае пытанне - куды?

Жанна ЛАШКЕВІЧ

 Фота Ганны ЖЫГУР