Чаму плача рэжысёр?

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Дзмітрый Лось — рэжысёр-навічок на “Беларусьфільме”. “Трамвай у Парыж” — яго поўнаметражны дэбют, камедыйная меладрама ў дзвюх серыях для ТБ. “Гэта гісторыя пра маладога фатографа Валерыю Сташынскую, якая здымае закаханых. У ейным жа жыцці кахання няма, — распавядае выканаўца галоўнай ролі Ганна Палупанава, актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. — Лера хоча з’ехаць у Парыж, але напярэдадні паездкі на ейную галаву звальваюцца ўсе праблемы, якія толькі магчыма прыдумаць. І Лера мусіць іх вырашаць. Але ў рэшце рэшт прыходзіць каханне, і дзяўчына нікуды не едзе, таму што каханне лепшае за любы Парыж”. Толькі-толькі адбыліся апошнія здымачныя дні гэтага “тэлемуві”. Здача фільма — 19 красавіка. Мы паспелі, як кажуць, “ускочыць у апошні вагон” і пабываць на здымачнай пляцоўцы.

 

/i/content/pi/cult/254/3755/8-1.jpgВакол каманды "Беларусьфільма", якая прыехала здымаць "Эпізод у супермаркеце", сабралася шмат гледачоў. Гукарэжысёр Уладзімір Сухадолаў, не заўважыўшы побач журналіста, неабачліва падумаў услых: "Мінск - горад кінематаграфічны. Кожны мінчанін хаця б раз у жыцці бачыў здымачную пляцоўку". Вось і цяпер кінематаграфічна адукаваныя жыхары сталіцы сабраліся паглядзець на ігру акцёраў, задзейнічаных у фільме: Ігара Забары, Станіслава Дружнікава, Паліны Сыркінай, Ганны Палупанавай. Забара (адмыслова прыехаў у Беларусь на адзін дзень) у касцюме зайца з велізарнымі вушамі распалохвае мясцовую дзятву, Дружнікаў у касцюме бухматага дыназаўра млява абмахваецца "лапай". Пытаюся: "Станіслаў, чаму ваш герой у такім дзіўным касцюме?" "О! Доўга распавядаць. Там такі заблытаны сюжэт! Мой герой - адзінокі чалавек, які страціў надзею на ўсё. Ён перажыў страту дачкі, развёўся з жонкай і перастаў верыць у тое, што калі-небудзь пакахае зноў і створыць сям'ю. Каб прыглушыць тугу, ён пастаянна займаецца рамонтам,. І аднойчы выпадкова разбурае сцяну, за якой жыве галоўная гераіня...

/i/content/pi/cult/254/3755/8-4.jpg Сканчваецца ж усё хэпі-эндам. Я лічу, што трэба рабіць больш фільмаў з добрым фіналам. Усім патрэбны надзея, любоў, цеплыня, якія будзе выпраменьваць экран тэлевізара. Людзі стаміліся ад шэрасці - хочацца вясёлкі. Яе я і стараюся ствараць сваёй працай". Рэжысёры бываюць розныя. Дзмітрый Лось, выпускнік майстэрні Міхаіла Пташука, - рэжысёр актыўны. Ён мітусіцца, бегае па пляцоўцы, ледзь не плача разам з галоўнай гераіняй, рыхтуючы яе для буйнога плана з чуллівым маналогам і морам слёз. Дзмітрый ніколькі не камплексуе з-за "нізкага" фармату тэлесерыяла і лічыць, што цалкам рэалізоўвае сябе як рэжысёр. "Я стаўлюся да гэтага як да паўнавартаснага мастацкага фільма, у яго ёсць пачатак, сярэдзіна і канец, - дзеліцца са мной дэбютант пад час перапынку. - Гэтым, уласна кажучы, наш фільм і адрозніваецца ад "мыльнай оперы". У звычайных тэлесерыялах няма перспектывы развіцця дзеяння, ніхто не ведае, калі і чым усё скончыцца. А ў нас усё зразумела, ясна размеркаваны перспектывы кожнай ролі. Па сутнасці, гэта і ёсць класічная поўнаметражная стужка, проста, падзеленая на дзве серыі - так званы серыял выхаднога дня". Калі і на якім канале мы зможам пабачыць "Трамвай у Парыж", яшчэ не вядома.

 Для беларускага тэлегледача, зразумела, было б цудоўным сюрпрызам нарэшце пазнаёміцца і з айчынным жанравым тэлефільмам. Як бы там ні было, р э ж ы с ё р "Трамвая ў Парыж" збіраецца здымаць і надалей. "У мяне і гісторый шмат, і с ц э н а р ы я ў, - запэўнівае Дзмітрый Лось.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА