Старонкі Перамогі

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Унікальнае выданне “Энциклопедия Победы: Беларусь — Москва”, якое з’яўляецца сумесным праектам Міністэрства інфармацыі нашай краіны і Урада Масквы, было прэзентавана на XIII Нацыянальнай выстаўцы-кірмашы “Кнігі Расіі”.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Васіль Даўгалёў. Цэнтральная тэма, якая прагучала на выстаўцы, - святкаванне 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гістарычныя нарысы, архіўныя матэрыялы, фотаздымкі на 800 старонках "Энциклопедии Победы" паведамляюць пра партызанскі і падпольны рух, падрабязна апісваецца ход баёў, названы імёны Герояў Савецкага Саюза - ураджэнцаў Беларусі і Масквы... Сёння "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі, якая выдала фаліянт, працуе над новым маштабным праектам - альбомам фамільных партрэтаў князёў Радзівілаў. У выстаўцы "Кнігі Расіі" ўдзельнічалі і іншыя выдавецтвы з Беларусі: "Мастацкая літаратура", "Вышэйшая школа", "Пачатковая школа", "Народная асвета", "Мінская фабрыка каляровага друку", "Беларусь"... Увогуле ж экспазіцыя на пяць дзён аб'яднала ва Усерасійскім выставачным цэнтры амаль 500 выдавецтваў, кнігагандлёўцаў, паліграфістаў, вядомых пісьменнікаў, бібліятэкараў і прыкладна 150 тысяч кніг.