Каго выбярэ журы?

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

20 красавіка ў Маладзёжным тэатры эстрады вызначаць беларускіх удзельнікаў дзіцячага і дарослага конкурсаў на ХІХ Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар ў Віцебску”.

/i/content/pi/cult/254/3751/6-1.jpgТаленавітыя дзеці ад 7 да 12 гадоў і маладыя вакалісты ад 18 да 35 гадоў могуць накіроўваць свае аўдыёі відэазапісы на адрас экспертнай групы, якую складаюць вядомыя дзеячы культуры і мастацтваў. Да 1 красавіка на адрас Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь будуць прымацца па дзве фанаграмы ад аднаго выканаўцы: для дзіцячага конкурсу - сучасная песня, якая найбольш ярка засведчыць выканальніцкае майстэрства ўдзельніка, для дарослага - эстрадная песня кампазітара славянскай краіны на славянскай мове, а другім творам для прэтэндэнтаў на ўдзел у кожным з конкурсаў павінна стаць песня айчыннага аўтара на беларускай мове.

Калі будуць адабраны фанаграмы, лепшыя 10 выканаўцаў у кожным са спаборніцтваў прадэманструюць сваё майстэрства журы. Другі этап адбору пройдзе з 10 да 20 красавіка. Дарэчы, пакуль у сталіцы вызначаюць удзельнікаў конкурсаў фестывалю, жыхары Віцебска змогуць таксама паўплываць на выбар... помніка: да канца сакавіка ў Музычнай гасцёўні будуць прадстаўлены 7 варыянтаў скульптуры князя Альгерда. Спецыяльная кніга, куды гараджане запісваюць свае водгукі аб макетах, стане падказкай для журы. Яго члены вызначаць, які з праектаў увасобіцца ў хуткім часе насупраць Свята-Уваскрасенскай царквы.