“Эталон” у рэжыме “он-лайн”

№ 11 (931) 13.03.2010 - 19.03.2010 г

Павышэнне ўзроўню прававых ведаў грамадства, выпрацоўка адзіных падыходаў па аказанні публічнымі бібліятэкамі інфармацыйна-прававых паслуг насельніцтву і вызначэнне накірункаў іх далейшага ўдасканалення— тэмы, якія з’яўляюцца актуальнымі для многіх работнікаў культуры. Пра гэта сведчыць і запатрабаванасць нашай рубрыкі “Юрыдычныя тонкасці (elegantia juris)” сярод чытачоў “Культуры”. Сёння прапануем вашай увазе матэрыялы рэспубліканскага семінара “Актуальныя праблемы і перспектывы развіцця публічных цэнтраў прававой інфармацыі”, які днямі адбыўся на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

 

Галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры нашай краіны Ганна Гамеза, гаворачы пра стан і перспектывы развіцця сеткі публічных цэнтраў прававой інфармацыі (ПЦПІ), падкрэсліла: прававой асновай для іх стварэння стаў Указ Кіраўніка дзяржавы "Аб парадку распаўсюджвання прававой інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь", падпісаны ў 1998 годзе. У галіне культуры на працягу трох наступных гадоў быў распрацаваны і зацверджаны шэраг дакументаў, датычных згаданага пытання. У прыватнасці, гаворка - пра рашэнне калегіі Міністэрства культуры "Аб дзейнасці абласных навуковых бібліятэк як навукова-метадычных цэнтраў", пагадненне паміж Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі (НЦПІ) і Міністэрствам культуры "Аб стварэнні публічных цэнтраў прававой інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь і развіцці супрацоўніцтва ў галіне распаўсюджвання прававой інфармацыі", "Тыпавая праграма стварэння публічных цэнтраў прававой інфармацыі", "Тыпавое палажэнне аб публічным цэнтры прававой інфармацыі". Усе гэтыя дакументы вызначылі мэты стварэння ПЦПІ, іх прынцыпы і задачы, механізмы адкрыцця і функцыянавання на базе агульнадаступных бібліятэк, абавязацельствы дзяржаўных органаў па забеспячэнні паслядоўнага стварэння сеткі падобных цэнтраў у рэгіёнах і ўдасканаленні іх дзейнасці. Названыя нарматыўныя акты леглі ў аснову рашэнняў і праграм аблвыканкамаў па стварэнні і развіцці ПЦПІ ў рэгіёнах рэспублікі.

Банк інфармацыі - гэта...

Як адзначыла Г.Гамеза, станоўчая дынаміка развіцця сеткі ПЦПІ забяспечваецца даволі дакладным механізмам іх стварэння. Падставай для арганізацыі такога цэнтра на базе публічнай бібліятэкі з'яўляецца дагавор (пагадненне) аб інфармацыйным узаемадзеянні (г. зн. аказанні інфармацыйных паслуг) паміж упраўленнем культуры адпаведных выканкамаў (альбо ўласна саміх бібліятэк, калі апошняя з'яўляецца юрыдычнай асобай) і рэгіянальным цэнтрам прававой інфармацыі (РПЦІ). На сёння сетка публічных бібліятэк Міністэрства культуры налічвае каля 3,9 тыс. бібліятэк, 80% з якіх месцяцца ў сельскай мясцовасці. Забяспечваючы доступ да інфармацыі ўсіх груп насельніцтва, яны разглядаюцца ў якасці асноўнага звяна нацыянальнай сеткі па распаўсюджванні і доступе да прававой інфармацыі, аказанні шэрагу паслуг на аснове назапашаных рэсурсаў. На базе публічных бібліятэк сёння працуе каля 400 ПЦПІ, у тым ліку 16 - у дзіцячых установах. Цягам 2009-га ПЦПІ праведзена каля 23 тысяч мерапрыемстваў па прававой тэматыцы, а карыстальнікамі цэнтраў сталі звыш 53 тыс. грамадзян рэспублікі, колькасць наведванняў склала больш як 96,6 тыс. разоў. Сёння ў распараджэнне бібліятэк, дзе створаны цэнтры, НЦПІ прадставіў Эталонны банк даных прававой інфармацыі (ЭБДПІ) "Эталон", што дазваляе аператыўна весці пошук неабходных звестак, актуалізацыя ж банка адбываецца на платнай аснове. Важным складнікам з'яўляецца фонд друкаваных афіцыйных выданняў, чыёй асновай з'яўляецца Нацыянальны рэестр прававых актаў. Апошні ў поўным аб'ёме публікуе ўсе новыя акты, незалежна ад органа прыняцця. Для аказання насельніцтву кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі на бясплатнай аснове цэнтры выкарыстоўваюць дапамогу юрыстаў-прафесіяналаў, якія сістэматычна даюць індывідуальныя (адрасныя) і тэматычныя (публічныя) кансультацыі насельніцтву. Для апошніх запрашаюцца таксама спецыялісты выканкамаў, падатковых інспекцый, аддзелаў унутраных спраў, банкаў, цэнтраў занятасці насельніцтва. За мінулы год аказана звыш дзвюх тысяч юрыдычных кансультацый.

Прапануе Нацыянальная

 На думку Г.Гамеза, сёння ўжо недастаткова толькі прадастаўляць прававую інфармацыю: неабходна павышаць прававыя асвету і культуру насельніцтва. Таму і ўрокі інфармацыйнай граматнасці і бібліятэчнабібліяграфічныя ўрокі цяпер уключаюць абавязковы элемент знаёмства і навучання карыстальнікаў самастойнай працы з прававымі базамі даных. Атрыманыя звесткі на платнай аснове можна захаваць на электронны або папяровы носьбіт. Для пашырэння магчымасцей ПЦПІ за кошт выкарыстання інтэрнеттэхналогій у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі створаны для працы "онлайн" Віртуальны цэнтр прававой інфармацыі. Аб эфектыўнасці праекта сведчыць значнае павелічэнне колькасці карыстальнікаў бібліятэкі за кошт аддаленых спажыўцоў інфармацыі. Сярэдняя дзённая колькасць наведвальнікаў цэнтра - каля 100 інтэрнет-карыстальнікаў. Летась НББ актыўна прадоўжыла працу па прадастаўленні копій нарматыўна-прававых дакументаў грамадзянам, што знаходзяцца ў папраўчых установах краіны. Плынь лістоў з калоній адкрыла праблему пашырэння пунктаў доступу да прававой інфармацыі. У мэтах папулярызацыі ведаў у гэтай галіне НББ пастаянна праводзіць шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку прадастаўляючы ўвазе карыстальнікаў доступ да шырокага спектра даведачна-інфармацыных і даведачна-прававых сістэм, сярод якіх - банк НЦПІ, "КансультантПлюс", "Светач-інфа", "ЮСІАС", "Эксперт", "Бізнес-Інфа", "Кодэкс", зборы актаў краін замежжа. Як адзначыла Г.Гамеза, плануецца далейшае развіццё ПЦПІ на базе публічных бібліятэк у кожным населеным пункце, аднак, разам з тым, бачыцца немэтазгодным адкрыццё іх пры кожнай установе такога тыпу: гэта запатрабуе дадатковых фінансавых рэсурсаў і знізіць абарот прававых дакументаў. Галоўны спецыяліст Міністэрства культуры краіны вызначыла фактары, якія стрымліваюць развіццё ПЦПІ: недастатковае фінансаванне, запаволеныя тэмпы набыцця камп'ютэрнай тэхнікі і праграмных прадуктаў, шэраг праблем, звязаных з захаваннем электронных рэсурсаў і прадастаўлення доступу да іх.

На гістарычным грунце

 Начальнік аддзела збору, рэгістрацыі і ўліку інфармацыі ўпраўлення фарміравання банкаў даных прававой інфармацыі НЦПІ Ірына Стрэльчык пазнаёміла прысутных з гісторыяй стварэння, структурай і перспектывамі развіцця дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі краіны. У прыватнасці, фарміраванне Нацыянальнага рэестра прававых актаў як сістэмы ўліку запатрабавала ў свой час інвентарызацыі заканадаўства Беларусі пачынаючы з 1919 года. У выніку гэтай працы ў рэестр дадаткова ўключана каля 15 тыс. прававых актаў, прынятых да 1 студзеня 1999 года і дзеючых на момант прадастаўлення інфармацыі. Намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела аналізу і маркетынгу ўпраўлення распаўсюджвання прававой інфармацыі НЦПІ Вольга Баркоўская адзначыла ролю ЭБДПІ як асноўнага інфармацыйнага рэсурсу ў сістэме міждзяржаўнага абмену прававой інфармацыяй. Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі актыўна ўзаемадзейнічае са сваімі калегамі ў Расіі, Малдове, Казахстане, Украіне, Кыргызстане, Літве, Азербайджане, Узбекістане. Вольга Баркоўская таксама акрэсліла фактары вызначэння ролі ЭБДПІ ў дзяржаўнай сістэме прававой інфармацыі. Функцыянаванне Эталоннага банка даных з'яўляецца адным са сродкаў забеспячэння дзейснага механізму па рэалізацыі канстытуцыйна замацаваных правоў грамадзян на бесперашкоднае атрыманне інфармацыі аб дзеючым заканадаўстве рэспублікі.

У кантэксце бібліятэчных інавацый

 Навуковы супрацоўнік аддзела прававога і навукова-метадалагічнага забеспячэння прававой інфарматызацыі ўпраўлення прававой інфарматызацыі НЦПІ Ірына Чупракова адзначыла, што стварэнне ПЦПІ на базе публічных бібліятэк надало гэтым установам новыя параметры ўзаемадзеяння з наваколлем і зафіксавала пэўныя змены арганізацыйнага, змястоўнага і метадычнага характару. У кантэксце бібліятэчнай інаватыкі стварэнне ПЦПІ можна разглядаць як вынік інфармацыйнатэхналагічнай мадэрнізацыі, што ўзмацніла інфармацыйную функцыю названых устаноў культуры. Распаўсюджванне прававых ведаў у асветніцкіх і выхаваўчых мэтах у комплексе з аказаннем адукацыйных паслуг насельніцтву, удзел у рэгіянальных праектах і праграмах прававой накіраванасці асабліва вылучаюць сацыяльны аспект дзейнасці цэнтраў. На думку І.Чупраковай, стварэнне і актывізацыя дзейнасці ПЦПІ ў накірунку папулярызацыі прававых ведаў, стымуляванне попыту на інфармацыю такога тыпу сярод рэальных і патэнцыйных карыстальнікаў абазначыла новы этап іх развіцця як суб'ектаў сістэмы прававой асветы насельніцтва. Актыўнасць жа ПЦПІ ў фарміраванні прававой кампетэнтнасці асобы дазваляе разглядаць іх не толькі ў якасці суб'ектаў прававой сацыялізацыі, але і як фактар фарміравання прававой дэмакратычнай дзяржавы, паколькі цэнтры ажыццяўляюць інфармацыйную падтрымку павышэння прававой культуры грамадства.