Ларыса АЛЕКСАНДРОЎСКАЯ: “Я — гэта Беларусь…”

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Легендарная зорка Беларускай оперы, народная артыстка СССР Ларыса Александроўская прайшла, можна сказаць, усю вайну — ад разбуранага Мінска да Рэйхстага — у складзе франтавых канцэртных брыгад.

 І пры гэтым не перапыняла сваёй тэатральнай дзейнасці, з асаблівымі пачуццямі працуючы над операй Я.Цікоцкага “Алеся”, прэм’ера якой у вызваленым Мінску сімвалізавала блізкую Перамогу. Дзённікі, лісты спявачкі прыводзіла ў сваёй кнізе пра Ларысу Пампееўну яе родная пляменніца — доктар філасофскіх навук, прафесар Арыядна Ладыгіна.З яе дазволу некаторыя з ваенных успамінаў Л.Александроўскай і яе блізкіх мы прапануем чытачам “К”.

 

Газета-ратавальніца

 

“Мінск гарэў, налёты не перапыняліся. Пытальнікамі ўзвіваліся каля майго дома трамвайныя рэйкі, разбураліся дамы. Народ сыходзіў… Куды ісці?!—  У Маскву!.. Дакументаў няма, грошай таксама няма. Дом, у якім кватэра, гарыць ад бомбы. На мне толькі лёгкая сукенка, французскія туфлі на высокіх абцасах і… ордэн Леніна (апранула на ўсялякі выпадак, сыходзячы раніцай з дому).

 Дарога не стаміла, бо ішлі без багажу. Раніцай гадзін у шэсць-сем узяла нас грузавая машына з байцамі НКУС. Было вельмі холадна, таму што ўночы трапілі ў балота, прамоклі. Потым машына з’ехала ў лес, а нас высадзілі. Прайшлі яшчэ трохі. Падабрала нас другая, таксама ваенная, машына з чырвонаармейцамі. Па дарозе час ад часу спыняліся, вылазілі з кузава, хаваліся ў лесе, пераседжваючы бамбёжкі. Затым нас зноў высадзілі, бо вайскоўцы прабіраліся на Бабруйск. Доўга ішлі пешшу. Такім чынам дабраліся, нарэшце, ужо басанож, амаль да Смаленска…”

/i/content/pi/cult/253/3744/15.gif
Л.Александроўская з беларускімі артыстамі.
Вайсковая частка, дзе служыў муж Александроўскай, знаходзілася пад Вязьмай. І Ларыса Пампееўна, пакінуўшы сына на сваю сястру, пайшла яго шукаць: блукала і распытвала мінакоў, дзе тут стаяць вайскоўцы. Вядома, спынілася яе “падарожжа” акурат у штабе. Вось як прыгадвае аб гэтым (са слоў Александроўскай) А.Ладыгіна:

“Значыць, дакументаў няма?” — запытвае са з’едлівасцю “чын”. — “Не”. —  “Значыць, вы спявачка?” — “Спявачка”. —  “Ордэн Леніна — ваш? Вы шукаеце мужа —  вайскоўца? Цікавіцеся, дзе якая частка? Ах, вось як: басанож, брудная сукенка, пешшу з Мінска? І грошай няма? І дакументаў ніякіх? Толькі ордэн захавалі? Для чаго? Хутчэй павераць?” І гэтак далей, у тым жа родзе. Доказаў у Ларысы — аніякіх. Але тут, як у добрым дэтэктыве, у кабінеце з’яўляецца яшчэ адзін “чын”, падыходзіць да стала, доўга слухае “дапрос”, паглядаючы на Александроўскую. Потым, рэзка павярнуўшыся, кідае начальніку: “Пачакай, адну хвіліначку! Я зараз вярнуся”. Сыходзіць. Праз некаторы час вяртаецца з падшыўкай газет у руках. Перагортвае газеты, штосьці знаходзіць там і паказвае таму, хто сядзіць за сталом. “І… я вольная!” —  расказвала Александроўская. У газеце за чэрвень 1940 года —  паведамленне пра Дэкаду беларускага мастацтва ў Маскве, Указ Калініна аб прысваенні Александроўскай звання народнай артысткі СССР і аб узнагароджанні яе ордэнам Леніна. А галоўнае —  яе партрэт!”

У выніку Л.Александроўскую далучылі да артыстаў МХАТа, якія вярталіся з гастролей, і разам з імі адправілі ў Маскву. А там прапанавалі накіравацца на часовую працу ў Тбілісі, дзе Александроўская ўжо паспела зрабіць фурор, ці ў Алма-Ату, дзе яна ніколі не была. Ды там маглі ўладкаваць не толькі яе, але і іншых беларускіх артыстаў, і спявачка абрала Казахстан.

 

 “Сустракайце. Баранаў”

 

 Апынуўшыся ў Алма-Аце, Александроўская адразу ўключаецца ў канцэртную дзейнасць, выступаючы разам з брыгадай вядучых майстроў мастацтваў  Казахстана: “Так пачалася незлічоная серыя  маіх франтавых канцэртаў у Вялікай Айчыннай вайне. Выступала ў сваёй адзінай кароткай сукенцы, у якой прыехала з Масквы. Нічога іншага ў мяне не было. Алмаацінцы —  тыя ў поўным убранні, у багатых каляровых нацыянальных строях. Але на поспех майго выступлення тады гэта ніяк не паўплывала. Можа, нават наадварот. Баранаў [Адказны за паездку лейтэнант Баранаў. —  Н.Б.] перад маім нумарам паспеў расказаць байцам пра тое, як я з сынам сыходзіла з палаючага Мінска і чаму апынулася ў Казахстане. А голас мой мяне не падвёў…”

Але ж сама паездка не абышлася без прыгод. Выступленне было —  на пагранзаставе, на кітайскай мяжы. Там і ўзнікла праблема. Каб папярэдзіць аб прыездзе артыстаў, лейтэнант адправіў тэлеграму: “Сустракайце. Баранаў”. Пагранзастава ж атрымала наступнае паведамленне: “Сустракайце баранаў”. І,узрадаваўшыся, што прыбудзе “правіянт”, накіравала тэлеграму ў гаспадарчую частку.  

 

Нямецкае прозвішча

 

 Уладкаваўшыся ў тэатры Алма-Аты, Александроўская дапамагала і сваім калегам. Горача адстойвала тых, каго нечакана звольнілі “ў сувязі са скарачэннем аб’ёму работ тэатра і скарачэннем фінансавання”, а на самой справе — з прычыны “не таго” паходжання. І, адпаведна, — прозвішча. З успамінаў артыста хору Мікалая Гульмана: “Ларыса Пампееўна ўваходзіць, узрадавалася —  абдымае, цалуе нас з Галяй [Балерынай Галінай Шчолкінай, жонкай М.Гульмана. —   Н.Б.].Прысутныя здзіўляюцца: я ж просты артыст хору. Нас аформілі, пакойчык далі ад тэатра. Працавалі быццам бы няблага. І раптам, як снег на галаву: “Вызваліць!” Але Ларыса Пампееўна ўмела пастаяць за калег. Пайшла да першага сакратара ЦК, і мяне, як і маіх калег, праз некалькі дзён аднавілі на пасадзе. Цікавая размова адбылася тады між Юнгвальд-Хількевічам [Галоўным рэжысёрам Вялікага тэатра Алма-Аты. —  Н.Б.] і Александроўскай. “У яго нямецкае прозвішча! Вы ручаецеся за яго?” —  пытаецца галоўны рэжысёр. “Так, ручаюся! —  адказвае Ларыса Пампееўна ітут жа парыруе: — а ў вас таксама нямецкае прозвішча!” Справядлівасць узяла верх…”  

 

Абцасік на танку

 

Працуючы ў Алма-Аце, а пазней, ужо разам з усёй трупай Опернага тэатра Беларусі, у Горкім і, нарэшце, Каўрове Уладзімірскай вобласці, Л.Александроўская не перапыняла выступленняў у складзе франтавой канцэртнай брыгады. Знакаміты кадр “Александроўская на танку” мае сваю гісторыю. Калі адзін з танкістаў прапанаваў спявачцы ўзлезці на танк, каб яе было лепей бачна, яна абсалютна шчыра запытала: “А я не працісну абцасам браню?”  

На адным з урадавых канцэртаў у Маскве ў 1943-м выступленне Л.Александроўскай ледзь не сарваў знакаміты дзед Талаш, які стаў прататыпам для героя аповесці “Дрыгва” Якуба Коласа і напісанай паводле яе оперы “У пушчах Палесся” Анатоля Багатырова. Дзеда Талаша пасадзілі ў першы рад, акурат насупраць спявачкі. І ледзь тая выйшла на сцэну, ён пачаў штосьці шаптаць ёй, усё гучней ды гучней. Нарэшце, тая пачула: “Сукенка парваная, сукенка парваная!” І толькі потым уцяміла, што гэта— пра ейны шыкоўны разрэз “па апошняй модзе”.  

У дзённіку спявачкі захаваліся такія запісы: “Канцэрт у лесе. Паляна. Байцы сядзяць на траве. Я, у беларускім строі, спяваю ім, стоячы на нейкім узвышэнні. Раптам раздаецца сігнал трывогі. Байцы імгненна інстынктыўна хаваюцца за дрэвамі —  тут жа, зусім побач. Я па інерцыі працягваю спяваць нябачнаму слухачу. Заўважаю, як штосьці рухаецца ў мой бок. Але штосьці вельмі дзіўнае: куст не куст ці, можа, ахапак галін. Наблізілася. А гэта, аказваецца, адзін баец з вялізнай галінай у руцэ: “Таварыш Александроўская, маскіруйцеся!” А сам адпаўзае ў лес той жа дарогай. Смех, жарты. Канцэрт працягваецца…  

Углядзіся ў вочы кожнага з іх: з іспытам, з трывожным агнём, не адрываючыся, глядзіць на цябе. Прагна слухае кожнае слова, кожную ноту, інтанацыю —  тое, што патрэбна яму менавіта тут, зараз, у гэту рэдкую хвіліну спакою, каб заўтра або праз паўгадзіны, а можа, і праз хвіліну пайсці ў бой, сустрэцца з ворагам. Песня —  яго адпачынак, яго думкі, яго пачуцці, яго вера…  У мяне сэрца разрывалася, калі я заводзіла “Палыночак” ці “Тост наш за Родину…”. Людзі акружалі мяне і распытвалі пра ўсё на свеце: дзе я жыла ў Мінску,  ці плавала па Бярэзіне, ці люблю кветкі шыпшыны і ці не збіраюся пасля вайны аб’ехаць родны край вось з гэтымі песнямі… Я кожнаму штосьці адказвала, намагалася праявіць увагу, аблашчыць. Не ведаю сама, што ў мяне атрымлівалася. Мне не трэба было выдаваць свайго ўзрушэння сустрэчамі. Чаму ж я была так узрушана? У мяне ўзнікла адчуванне — упершыню ў жыцці! —  што я для гэтых людзей —  Беларусь… Мне было няёмка і радасна ад велічы гэтага моманту ў маім жыцці: я —  гэта Беларусь… Ніколі раней не ўяўляла, што канцэрт пад адкрытым небам можа так зблізіць артыста з гледачом, песню —  са слухачом…”

 

Перамога!

 

Такое ж збліжэнне сцэны з залай адбылося на прэм’еры оперы Яўгена Цікоцкага “Алеся” ў вызваленым Мінску ў снежні 1944-га: “Прэм’ера!!! Ура!!! Першая партызанская опера. Перамога беларускага мастацтва. Свята! Зала — поўная. Хто ж наш глядач? Жывыя, сапраўдныя партызаны прыйшлі да нас з лясоў, з балот, з руін, ям і скляпенняў Мінска. Не магу ацаніць, перадаць атмасферу ў тэатры, за кулісамі, у акцёраў... Гэтага дня не забыць, не перадаць! Ён заўсёды будзе ў сэрцах тых, хто быў у гэты вечар у Доме афіцэраў. Добрая палова гэтага дома яшчэ ў руінах, увесь горад у цемры (зацямненне не знята), а ў зале —  Перамога! Святло — гарыць! Зала — поўная! Твары — радасныя, хаця на вачах слёзы. За кулісамі пасля спектакля сапраўдныя партызаны гутараць, дзеляцца ўражаннямі, размаўляюць з намі, “партызанамі сцэнічнымі”. Непасрэдная, жывая размова, распыты, сарамлівыя парады, пажаданні…”

Дзень 9 мая 1945 года Л.Александроўская сустрэла ў Берліне і, вядома, сфатаграфавалася на фоне Рэйхстага. У складзе той брыгады, акрамя Л.Александроўскай, быў яшчэ адзін знакаміты саліст беларускай оперы — Ісідар Балоцін, а за канцэртмайстра выступаў будучы знаны кампазітар Генрых Вагнер. Паездка адбывалася па асабістым запрашэнні маршала Жукава, які на ўрачыстасці ў памятны Дзень Перамогі даў загад камандзіраваць менавіта беларускіх артыстаў.

Падрыхтавала Надзея БУНЦЭВІЧ