“Пры расстанні ён мяне пацалаваў...”

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Соф’я Кавалеўская з герба “Слепаўрон”

Соф’я Кавалеўская  вядомая многім менавіта як першая ў свеце жанчына — прафесар матэматыкі. Сёлета споўнілася 160 гадоў з дня нараджэння знакамітай вучонай, чыё імя носіць адна з мінскіх вуліц. А з’явілася на свет яна ў Маскве, у сям’і генерала Васіля КорвінКрукоўскага — нашчадка старажытнага беларускага шляхецкага роду.

Паводле ўспамінаў С.Кавалеўскай, у іхняй сям’і існавала легенда пра тое, што калісьці дачка венгерскага караля Мацвея Корвіна захапілася ліцвінскім віцязем Крукоўскім, і разам яны далі пачатак дынастыі Корвін-Крукоўскіх, якія пасяліліся на Беларусі. Пры гэтым самыя раннія згадкі пра род, што былі выяўлены ў архівах, адносяцца да 1648 г. У прыватнасці, выпіска з Польскага гербоўніка сведчыць, што Захар Крукоўскі, аршанскі “гарадскі пісарчук” у Мсціслаўскім ваяводстве, і Васіль Корвін-Крукоўскі, дэпутат Віленскага ваяводства, ужывалі ў сваім гербе “Слепаўрон”.

Дзяцінства і юнацтва С.Кавалеўская правяла ў бацькоўскім маёнтку на Віцебшчыне. Гэты перыяд жыцця яна апісала ў своеасаблівай сямейнай хроніцы “Успаміны дзяцінства”, дзе шмат увагі аддадзена апісанню  побыту беларусаў, нашай прыроды і, канешне ж, яе дзявочых пачуццяў.

“Калі мне было каля шасці гадоў, бацька выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім родавым маёнтку Палібіна ў Віцебскай губерні. Тая мясцовасць, дзе знаходзіўся маёнтак Крукоўскіх, была хоць і вельмі дзікай, але больш маляўнічай за краявіды сярэдняй паласы Расіі. Віцебская губерня вядомая сваімі велічэзнымі лясамі і мноствам вялікіх прыгожых азёр…”

Кавалеўская падкрэслівае значэнне беларускай прыроды ў станаўленні яе  асобы:  “...Гэты лес... далучаўся да сядзібы з аднаго боку, з іншага ж ляжаў сад, што спускаўся да возера, а за ім цягнуліся палі і лугі. Дзенідзе з зеляніны выглядалі невялічкія вёсачкі, больш падобныя на норкі жывёл, чым на паселішчы людзей. Зямля ў Віцебскай губерні не такая ўрадлівая, як у чарназёмнай паласе Расіі і Маларосіі... Нездарма ж імператар Мікалай, едучы аднойчы праз гэтыя мясціны, назваў Беларусь беднай прыгажуняй, у супрацьлегласць Тамбоўскай губерні, якую ён ахрысціў багатай купчыхай…”

Будучы дасціпнай дзяўчынкай, С.Кавалеўская ў дзяцінстве з цікавасцю знаёмілася з жыццём простага люду, яго звычаямі і традыцыямі. Нават адметная сялянская ежа выклікала ў яе вялікае захапленне. У сваіх дзённікавых запісах яна прыгадвае адну сустрэчу ў хаце лесніка.

 “Вось і сялібу лесніка відаць здалёк. Хата яго абабіта дошкамі і выглядае больш утульнай і чыстай, чым звычайныя хаціны беларускіх мужыкоў… Велізарны медны самавар пыхкае на стале, дзе ўжо расстаўлены розныя незвычайныя стравы: аладкі з макам, агуркі з мёдам — усе такія ласункі, якія ніколі не дастаюцца дзецям іначай, як толькі ў дзядзькі Якава… У яго беларускай мове трапляецца нямала выразаў, незразумелых для дзяцей, але яны ўсё ж страшна любяць слухаць, як дзядзька Якаў распавядае: ён ведае так шмат пра лес, пра звяроў у ім, пра тое, што кожны звер думае...”

Ды юнацтва — гэта час не толькі прыгод і спазнання навакольнага свету, але і кахання. Даволі часта многія дзяўчынкі ў падлеткавым узросце захапляюцца сваімі настаўнікамі, старшымі  сябрамі. Для С.Кавалеўскай першае каханне было звязана з імем надзвычай вядомага чалавека таго часу, які таксама мае беларускія карані, — Фёдарам Дастаеўскім. І ведала яна класіка сусветнай літаратуры не толькі па ягоных кнігах: Дастаеўскі быў частым госцем сям’і Корвін-Крукоўскіх у Пецярбургу. З успамінаў Соф’і Кавалеўскай зразумела, што пісьменніку падабалася яе старэйшая сястра Ганна, якая пазнаёмілася з Дастаеўскім праз сваё першае апавяданне. Невядома, чым скарыў сэрца юнай дзяўчыны масціты пісьменнік, але Соф’я, у адрозненне ад сястры, дзень і ноч думала пра Дастаеўскага з таго моманту, як ён упершыню звярнуў на яе ўвагу.  

“Да гэтай хвіліны я нават у таемных марах не прызнавалася сабе ў пачуццях да Дастаеўскага і не казала сама сабе, што закаханая ў яго. Хоць мне і было ўсяго 13 гадоў, я ўжо даволі шмат чытала і чула пра каханне, але мне неяк здавалася, што ўлюбляюцца ў кніжках, а не ў сапраўдным жыцці”.  

Праз дзесяткі гадоў Соф’я Кавалеўская ва “Успамінах дзяцінства” прыгадвала і іх апошнюю сустрэчу: “Са мной яго развітанне было вельмі пяшчотным. Пры расстанні ён мяне нават пацалаваў, але, упэўнена, быў вельмі далёкі ад думкі, якога кшталту былі мае пачуцці да яго і колькі пакут ён мне зрабіў…”

К.А.