Лэдзі-лідэры на “прымерцы”

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

“Сеанс адначасовай гульні” без Астапа Бендэра

Вераніка ПРАДЗЕД і Даша МАРОЗ (так і па пашпарце —  Даша. —Н.Б.) выступаюць і паасобку, і з іншымі выканаўцамі, але разам падрыхтавалі ўжо некалькі  праграм беларускай камернай музыкі, “на ўра” паказаных у нас і ў замежжы. Прэм’ера чарговай  прыпала на лютаўскую афішу Белдзяржфілармоніі. Галоўнае ж —  абедзве дзяўчыны літаральна “палаюць” непадробным жаданнем шукаць усё новыя нацыянальныя творы, “прымерваць” іх на сябе і, калі прыйдзецца якраз, прапаноўваць слухачам. Можа, акурат на наступнай “Мінскай вясне”?..  

/i/content/pi/cult/253/3741/1313.gif
Гэты працэс пошуку і, галоўнае, “прымервання” з’яўляецца, па сутнасці, тым гістарычным адборам, які і пакідае для наступных пакаленняў лепшае з лепшага —  як кажуць, класіку жанру. Бо калі кожны з выканаўцаў фарміруе свой рэпертуар, зыходзячы менавіта з уласных схільнасцей, і не баіцца марнаваць час спачатку на хатняе, а не адразу канцэртнае “прымерванне” самых розных, часам невядомых, твораў, дык і агульная карціна, складзеная з такіх быццам бы суб’ектыўных прыярытэтаў, атрымліваецца, як ні дзіўна, аб’ектыўнай. Усе гэтыя думкі апаноўвалі мяне, калі я ішла на адну са штодзённых рэпетыцый Веранікі і Дашы. Пад час яе адразу была заўважна розніца іх характараў. Даша — больш адкрытая, непасрэдная, не баіцца выглядаць у нечых вачах “экстравагантнай”. Літаральна днямі змяніла свае шыкоўныя кучары па плечы на стрыжку “пад хлопчыка”. Вераніка — больш рамантычная, крыху сарамлівая, але надзвычай пунктуальная, гатовая як мага больш дакладна выканаць не толькі любую зафіксаваную ў нотах кампазітарскую волю, але і, прабачце, прыхамаць: “Бо там так напісана!”. Унутры яе такі моцны стрыжань, што калі задумае штосьці — здзейсніць абавязкова: і на конкурс паездзе, хаця будуць  адгаворваць, і кампазітараў “дастане”, каб адшукалі ў сваіх “куфрах” ранейшыя творы ці напісалі новыя.   

— На камерную музыку, —  распачала як больш “смелая” Даша, — я “захварэла” ўжо на другім курсе Акадэміі музыкі, калі трапіла ў клас да Ірыны Галачкінай. Аказалася, ёсць столькі цудоўных твораў, якія хацелася б сыграць! З такіх жа апантаных, як я, склалася трыо “Reflection”: кларнет Максіма Штрыкава, віяланчэль Дзімы Цыпкіна (абодва яны цяпер працягваюць навучанне за мяжой) і мой раяль. Наш калектыў быў, вядома, “пазакласны”: мы проста збіраліся ў вольны і нават “не зусім вольны” час —  і музіцыравалі сабе ў радасць.

— “Не зусім вольны час” —  гэта значыць, прагульвалі заняткі?

— Здаралася. Я ўвогуле была гатова закінуць усё, абы толькі граць! І перамога на конкурсе ў Гданьску  дадала нам імпэту. Мы пачалі граць яшчэ больш! На час не зважалі, рэпеціравалі штодзень да позняга вечара, калі будынак Акадэміі павінен быў зачыняцца. Вахцёры нас спачатку ганялі, бо сядзелі мы ў класе папраўдзе бязвылазна, а потым расчуліліся. Адна з цётачак нават бутэрброды нам у клас насіла! І тэрмас з кавай. Казала: “Перапыніцеся хоць на хвіліну, падмацуйцеся, а то зусім аслабнеце”. Быў і такі выпадак. Зазірае ў клас, дзе мы іграем, выкладчыца. Механічна ківаю галавой, працягваю граць — і тут раптам здагадка мільгае: я  ж зараз павінна быць у яе на лекцыі! А тая, нібы “прачытаўшы” на маім твары гэтую думку, спагадліва дадае: “Нічога-нічога, рэпеціруйце! Сёння тэма не такая важная і складаная”.

— Даша, ты перайграла столькі цудоўнай музыкі з самымі рознымі выканаўцамі. Чаму ж цяпер звярнулася да цымбалаў? 

— Гэты дуэт склаўся, можна сказаць, выпадкова. Увосень 2008-га нам з Веранікай прапанавалі выступіць у Вільнюсе. І, каб не везці туды дадаткова канцэртмайстра, вырашылі, што буду акампаніраваць я.  

— Але ж апошнім часам усё часцей даводзіцца чуць, што, маўляў, спалучэнне цымбалаў і фартэпіяна далёка не самае гарманічнае. Цымбалы, па сутнасці, —  “распрануты” раяль у мініяцюры, толькі не такі дасканалы. 

— Дык гэта ж і добра, што тэмбральна яны —  шмат у чым “сваякі”! Увогуле ж, справа не ў інструменце. У Веранікі вельмі інтэлігентнае стаўленне да інструмента, яна ніколі па ім не “калоціць”. Калі мы з ёй выступілі ў Піцеры, там усе ледзь не ў адзін голас усклікнулі: “Гэта ж лепшы інструмент у свеце!” Нават адзін тамтэйшы кампазітар вырашыў напісаць Канцэрт для цымбалаў.  

— Дакладней, для Веранікі?  Я і сама не раз звяртала ўвагу на асаблівую мяккасць, шляхетнасць гучання “прадзедаўскіх” цымбалаў. Мо, інструмент нейкі асаблівы?  

— Не, — адказала ўжо Вераніка. —  Проста я імкнуся глушыць гук не ўсёй далонню (ад гэтага залішні шум ад струн ідзе), а асобнымі пальцамі. Дзесьці магу і адным мезенцам дакрануцца. Я сама гэта прыдумала, хаця, не выключана, такім прыёмам карыстаюцца і іншыя. Што ж да інструмента, дык мы, як і піяністы, увесь час граем на розных. Як жартуюць, дома займаемся на адным, у класе рэпеціруем на другім, перад канцэртам разыгрываемся на трэцім, а выступаем на чацвёртым. Той “чацвёрты”, дарэчы, — інструмент самога Яўгена Гладкова. І ў тым, што я імкнуся граць на цымбалах не пералажэнні скрыпічнай класікі, а арыгінальныя беларускія творы, —  заслуга майго прафесара, у якога я займаюся яшчэ з пятага класа. У свій час ён, здаецца, перайграў ледзь не ўсю нашу цымбальную музыку: якія ноты ні возьмеш — усё яму прысвячаецца. Ён і цяпер выступае, а ў адным з твораў, па задуме кампазітара, нават пераапранаецца ў… Астапа Бендэра.

— Маеце на ўвазе “Сеанс адначасовай гульні” Уладзіміра Кур’яна? Але ж не прыбядняйцеся: вы сталі адной з лепшых выканаўцаў кур’янаўскага Канцэрта для цымбалаў яшчэ са “школьных” часоў. А Вячаслаў Кузняцоў нядаўна прысвяціў вам свой Канцэрт. А разам з Дашай вы замовілі новы твор Галіне Гарэлавай…

 Акурат на гэтых словах у дзвярах паказалася постаць самой Г.Гарэлавай: кампазітар прыйшла паслухаць “чарнавы” варыянт развучанай дзяўчатамі п’есы “Bombo” —  гэтым музычным тэрмінам называюць хуткія паўторы адной ноты. 

— Усе здзіўляюцца, —  усміхаецца Галіна Канстанцінаўна, —  няўжо такая сціплая, “крохкая” на выгляд дзяўчына змагла прымусіць мяне тэрмінова напісаць штосьці для цымбалаў? Але ж… Я і сама здзіўляюся!

Пасля некалькіх “прагонаў” і пошуку лепшых версій зноў вяртаемся да размовы.

— Вераніка, няўжо ў дзяцінстве вы самі абралі цымбалы?

— Не столькі самі цымбалы, колькі —  музыку. Бо заявіла: “Не хачу туды, куды сястра пайшла” (Тую, на год старэйшую, аддалі ў мастацкую школу. — Н.Б.). У бацькі (ён не музыкант —  урач) быў сябра —  баяніст. Ён і параіў: на цымбалы. Сёння, здараецца, не ва ўсіх бывае піетэтнае стаўленне  да гэтага інструмента. Вось, нядаўна запрасіў мяне ў свой навагодні праект Аляксандр Анісімаў. Я ледзь выйшла на сцэну — уся расцвіла: 31-га снежня, 21-я гадзіна, а зала — паўнюткая, нават на прыступках сядзяць. Пасля ж усіх авацый падыходзіць да мяне адна слухачка і “спачувае”: “Хто ж гэта цябе, дзяўчыначка ты мая, на цымбалы “запхнуў”? Ты ж з імі ні ў адзін замежны аркестр не прыткнешся! Можа, яшчэ не позна на скрыпачку перайсці?” А так хочацца, каб нашу музыку і нашы цымбалы палюбілі ўсе!  

— Іншымі словамі, “ці любіце вы… цымбальны тэатр так, як люблю яго я”?

— Ой, у мяне ў дзяцінстве цымбалы аднойчы зламаліся. Корпус трэснуў пасярэдзіне —  і ўсё, яны “склаліся”, як кніжка: рамонту не падлягаюць. Я так плакала! І напісала ліст Дзеду Марозу, каб той падарыў мне новыя. А цяпер уявіце: праз некалькі дзён звоніць тэлефон, я бяру трубку і чую: “Гэта Вераніка?” —  “Так”. —  “А я — Дзед Мароз. Што ж ты мой падарунак не забіраеш?” —  “Які?” —  “Адчыні дзверы, убачыш”. Выходжу з кватэры —  перад дзвярыма цымбалы стаяць. Я ледзь прытомнасць не страціла, бо той ліст пісала, хутчэй, ад адчаю: ну хто сёння верыць у рэальнага Дзеда Мароза? Я тады —  паверыла. Хаця, зразумела, чараўніцтва зладзілі мае бацькі. І патэлефанаваць папрасілі кагосьці, каб я голас не пазнала. Вядома, потым былі розныя перыяды, часам я ўсё ненавідзела, хаця знешне гэта ніяк не выяўлялася: як і раней, хадзіла на заняткі, атрымлівала “выдатна”. Але па-сапраўднаму я палюбіла цымбалы, калі, мабыць, зразумела, што яны —  наш нацыянальны “эксклюзіў”. Цымбалы ёсць у многіх краінах, але паўсюль яны розныя. Такіх, як у нас, няма больш нідзе. І беларускія творы для іх —  “эксклюзіў у квадраце”. Як жа іх не граць? Дый самі цымбалы хочацца не толькі “палачкамі адлупцаваць”, але і пальцамі прылашчыць: паспрабаваць і так, і гэтак, —  у сучасных кампазітараў шмат новага.

— Дый фартэпіяна яны не абыходзяць увагай: піяністы ўсё часцей не па клавішах “гойсаюць”, а са струнамі “забаўляюцца”. Кажуць, Даша, вы так адзін раяль ужо… зламалі? 

— Сапраўды. Гэта быў новы раяль у Кракаўскай філармоніі. Я толькі “бабахнула” па струнах далонню пры адкрытай педалі (так польскі кампазітар Марэк Стахоўскі напісаў: я не вінаватая!) —  і малаточкі адразу застылі, больш не апускаюцца. Для гэтага твора — ну і хай, дайграла яго без праблем. Пасля ж на сцэну іншы раяль давялося выкочваць, а гэты —  рамантаваць.

— Але ж якую “дамскую ручку” трэба мець!

— Мяне, дарэчы, таму і аддалі на фартэпіяна, што рукі былі хворыя: можа, разаўюцца? Вось і развіліся — дзякуючы незабыўнаму Уладзіміру Кузьменку, Педагогу з вялікай літары. Ды гісторый — колькі заўгодна! Аднойчы абцас зламаўся перад выхадам на сцэну, а мне, зноў-такі, не сядзець трэба было, а ўяўляць сябе “лебедзем унутры раяля”. Стаю на адной назе, другую гулліва ў бок адводжу, каб не зваліцца, як нахілюся да струн. І тут раяль, не вытрымаўшы майго націску, паехаў! А яшчэ аднойчы… Ой, давайце мы вам лепей сыграем!..

“Слухала” Надзея БУНЦЭВІЧ

 

Анкета “К”

1. Колеры, якія натхняюць.

В.: — Чырвоны.

Д.: — Усе.

2. У якую пару года падабаецца працаваць?

В.: — Я не чакаю, каб “спадабалася”, —  проста працую.

Д.: — Увесну.

3. Любімы мастак.

В.: — Тыцыян.

Д.: — Клімт, Шыле.

4. Найбольш яркі акцёр.

В.: — Алег Янкоўскі.

Д.: — Марлон Брандо.

5. Любімы літаратурны твор.

В.: — Л.Талстой “Воскресение”.

Д.: — А.Талстой “Хождение по мукам”.

6. Што слухаеце?

В.: — Класіку.

Д.: — “Усяядная”.

 7. Радзіма — гэта што?

В.: — Дарагія мне людзі.

Д.: — Дом і сям’я.

8. Любімая кветка.

В.: — Ружа.

Д.: — Гербера.

 

Даведка “К”

Вераніка ПРАДЗЕД нарадзілася ў 1985 г. У 2004-м скончыла гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а ў 2009-м — Акадэмію музыкі па класе прафесара Я.Гладкова. Сумяшчае навучанне ў магістратуры БДАМ з выкладчыцкай дзейнасцю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў. Неаднаразова станавілася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Даша МАРОЗ нарадзілася ў 1981 г. У 2000-м скончыла гімназію-каледжпры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, у 2005-м —  Акадэмію музыкі па класе дацэнта У.Кузьменкі і прафесара І.Алоўнікава. Сумяшчае выкладчыцкую і канцэртмайстарскую дзейнасць у навучальных установах сталіцы з працай у Нацыянальным канцэртным аркестры Беларусі. Лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў як салістка і камерны ансамбліст. Неаднаразова станавілася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі