Рытмы “Краіны агню”

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Гала-канцэрт, які распачаў Дні культуры Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, сабраў паўнюткую залу. Сярод прысутных было нямала прадстаўнікоў азербайджанскай дыяспары, для якіх магчымасць пачуць лепшых артыстаў сваёй краіны стала сапраўдным святам.

 /i/content/pi/cult/117/374/Azerbajdzhan1.jpg
Адкрываючы мерапрыемства,
міністр культуры РБ Уладзімір Матвейчук адзначыў, што беларусы заўсёды ставіліся з любоўю і павагай да працавітага азербайджанскага народа, і зачытаў прывітанне ў адрас гэтай падзеі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што гэтая культурная акцыя спрычыніцца да ўзмацнення духоўных сувязей паміж Беларуссю ды Азербайджанам.
Як падкрэсліў міністр культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі Абульфас Караеў, артысты з яго краіны прывезлі на Беларусь самае лепшае. І канцэртная праграма, якая наступствавала яго словам, красамоўна сведчыла аб іх праўдзівасці.
Яна спалучала ў сабе розныя віды і жанры — ад оперы да эстрады — і ўяўляла сабой свайго кшталту зрэз сучаснай музычнай культуры Азербайджана.
Нумары ў выкананні салістаў і Дзяржаўнага аркестра народных інструментаў
 /i/content/pi/cult/117/374/Azerbajdzhan2.jpg
Азербайджана, які здзівіў усіх прысутных сваім
самабытным гучаннем, спалучаліся з танцавальнымі кампазіцыямі Нацыянальнага ансамбля песні і танца. А ў завяршэнні праграмы публіка атрымала магчымасць пабачыць і пачуць “жыўцом” зорак азербайджанскай эстрады Айгю Казімаву і Файка Агеева. Мяркуючы па авацыі, якую выклікалі ў зале адны толькі іх імёны, азербайджанская дыяспара на Беларусі не адрываецца ад сваіх каранёў. Што і спарадзіла ці не кранальны ды запамінальны эпізод канцэрта.
Для таго, каб узрадаваць Айгю Казімаву, на сцэну з дапамогай мамы ўзнялася яе двухгадовага веку прыхільніца з вялізным букетам. Патрапіўшы ў эпіцэнтр увагі, дзяўчынка, аднак, моцна збянтэжылася. Але спявачка здолела хутка разрадзіць абстаноўку, прапанаваўшы сваёй прыхільніцы заспяваць дуэтам. І тут на сцэне з’явіліся і іншыя дзеці з кветкамі…У цэлым, музычная праграма гала-канцэрта засведчыла важнасць для азербайджанскай культуры яе фальклорных каранёў. Менавіта спрадвечныя матывы становяцца асновай для акадэмічных твораў і эстрадных песень, што робіць апошніх адметнымі ды заўсёды пазнавальнымі. І таму рытмы “Краіны агню” папраўдзе запальваюць душы.

Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА