Дваццаць адно імгненне

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Нядаўна ў міні-галерэі “Імгненне” Навагрудскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адкрылася выстаўка карцін нашага земляка Віктара Сташчанюка “Улюбёны ў Беларусь”. На выстаўцы прадстаўлена дваццаць адна карціна з фондаў Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Кажуць, пакуль жыве памяць аб чалавеку, датуль жыве і сам чалавек. А мастак заўсёды жыве ў сваіх работах. Больш за тое, Віктар Сташчанюк гаворыць з намі пры дапамозе фарбаў і колераў, штрыхоў і гульні ўласнага ўяўлення.  

У свой час Віктар Сташчанюк захапляўся гісторыяй, збіраў кнігі, артыкулы, чарцяжы старажытных замкаў, паселішчаў, займаўся іх рэканструкцыяй. Аб тым, якім уяўляў мастак Навагрудскі замак, сведчыць карціна “Навагрудскі замак у зімнім пейзажы. XVI ст.”. З палотнаў творцы паўстаюць велічныя фігуры князёў — абаронцаў Навагрудка — Міндоўга і Давыда Гарадзенскага, імчыцца на бой Гражына, гераіня аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча, пяе песню-паданне сівы Гусляр, а Летапісец складае гісторыю краю. Жывую цікавасць наведвальнікаў выстаўкі выклікалі работы майстра “На Замкавай вуліцы”, “Былая Рынкавая плошча” і іншыя. А яшчэ Віктар Сташчанюк з’яўляўся аўтарам дызайн-макетаў шматлікіх марак, канвертаў і паштовак. Іх таксама можна ўбачыць на выстаўцы.

 Ірына ЦАРУК,

 намеснік дырэктара  Навагрудскай ЦБС