Кажуць, пакуль жыве памяць аб чалавеку, датуль жыве і сам чалавек. А мастак заўсёды жыве ў сваіх работах. Больш за тое, Віктар Сташчанюк гаворыць з намі пры дапамозе фарбаў і колераў, штрыхоў і гульні ўласнага ўяўлення.
У свой час Віктар Сташчанюк захапляўся гісторыяй, збіраў кнігі, артыкулы, чарцяжы старажытных замкаў, паселішчаў, займаўся іх рэканструкцыяй. Аб тым, якім уяўляў мастак Навагрудскі замак, сведчыць карціна “Навагрудскі замак у зімнім пейзажы. XVI ст.”. З палотнаў творцы паўстаюць велічныя фігуры князёў — абаронцаў Навагрудка — Міндоўга і Давыда Гарадзенскага, імчыцца на бой Гражына, гераіня аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча, пяе песню-паданне сівы Гусляр, а Летапісец складае гісторыю краю. Жывую цікавасць наведвальнікаў выстаўкі выклікалі работы майстра “На Замкавай вуліцы”, “Былая Рынкавая плошча” і іншыя. А яшчэ Віктар Сташчанюк з’яўляўся аўтарам дызайн-макетаў шматлікіх марак, канвертаў і паштовак. Іх таксама можна ўбачыць на выстаўцы.
Ірына ЦАРУК,
намеснік дырэктара Навагрудскай ЦБС