Патрапіць “у дзесятачку”!

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Ёсць такая традыцыя ў сталічнай дзіцячай музычнай школе №10, што носіць імя народнага артыста СССР і Беларусі, кампазітара Яўгена Глебава: ладзіць свята — канцэрт навучэнцаў і выкладчыкаў з запрашэннем знаных гасцей і… вольным уваходам для ўсіх ахвотных. Сёлетняя падзея сабрала паўнюткую залу Палаца прафсаюзаў і аказалася зусім не падобнай на звычайныя школьныя справаздачы: казка, дый толькі!

Прычым стваралі гэтую папраўдзе казачную атмасферу нязмушанага “сямейнага” свята пераважна не госці (а ў канцэрце ўдзельнічалі народныя і заслужаныя, музыканты-вайскоўцы, сувораўцы, выхаванцы школы ўсходніх адзінаборстваў), а самі гаспадары. Сярод навучэнцаў “дзесятачкі”, як ласкава называюць школу яе прыхільнікі, ёсць сапраўдныя юныя зорачкі.  Той жа Андрэй Кунец днямі выпусціў свой першы магніта-альбом “Новы дзень”. Піяніст Даніла Віленскі ўразіў на канцэрце найскладаным Эцюдам Шапэна, што звычайна граюць на “дарослых” міжнародных конкурсах, скрыпач Аляксандр Кірыенка—  “Венгерскім танцам” Брамса.

/i/content/pi/cult/253/3737/an12-.gif
Але “Зімовая казка” была складзена не толькі з сольных выступленняў найбольш адораных вучняў. Школа прадэманстравала надзвычай высокі ўзровень выканальніцкіх школ ледзь не на ўсіх музычных інструментах. Бо ў іх што ні выкладчык —  дык не “проста” прафесіянал, а яшчэ і яркая творчая асоба, якая літаральна фантаніруе “прыдумкамі”. Таму, мабыць, у школе так шмат разнастайных камерных ансамбляў —  самых неверагодных складаў: мандаліністаў, гітарыстаў, саксафаністаў, цымбалістаў, скрыпачоў, трыо драўляных духавых “Кантраданс”,аркестр народных інструментаў, некалькі харавых калектываў (хлопчыкаў-першакласнікаў, дарэчы, узяў пад сваю апеку знакаміты Уладзімір Глушакоў —  кіраўнік Капэлы хлопчыкаў Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі).

 Дый рэпертуар — адметны! За ўвесь канцэрт, цудоўна зрэжысіраваны дырэктарам школы, заслужаным дзеячам мастацтваў Тамарай Куніцкай, —  ніводнага “прахаднога” твора, скрозь —  “дыяменты” і “перлінкі”. У школе шмат увагі надаецца нацыянальнай музычнай спадчыне, навучэнцы прымаюць удзел у канцэртах Беларускага саюза кампазітараў (дый гэтым разам прысутных вітаў яго старшыня, народны артыст СССР Ігар Лучанок). А ў красавіку, паводле яшчэ адной традыцыі, у школе пройдзе канцэрт, цалкам складзены з музыкі беларускіх творцаў.  

Надзея БУНЦЭВІЧ