Які настрой у оперы?

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі — падзея за падзеяй.

 Спачатку —  сталічная прэм’ера канцэртнага выканання оперы “Макбет” Дж.Вердзі (не блытаць з аднайменным балетам В.Кузняцова, які таксама — у рэпертуары тэатра). Літаральна праз дзесяць дзён —  прэм’ернае вяртанне колішняга спектакля “Рыгалета” з новым складам салістаў. Менш чым праз тыдзень — юбілейны вечар С.Картэса (зноўтакі, з прэм’ернай канцэртнай праграмай). 20 сакавіка адбудзецца прэзентацыя сцэнічнай версіі “Набука” (пакуль гэтая опера ішла ў нас у напаўканцэртным варыянце). Безліч запланаванага чакае нас і надалей, ледзь не ўсё — пад грыфам “Упершыню ў Беларусі”. А 8 сакавіка сам будынак тэатра адзначыць першы год працы пасля рэканструкцыі...

 

Чаравалі чарадзеі чарадой

 

 Грыфам “1-е выкананне” былі пазначаны многія сольныя работы. Але і ў тым выпадку, калі артыст выходзіў у 101-ы ці 1001-ы раз, адчуванне свежасці вобразаў было — бы ўсё ўпершыню: артысты папраўдзе чаравалі і зачароўвалі
/i/content/pi/cult/253/3733/7.gif
Канцэртнае выкананне "Макбета"
публіку. “Макбет” стаўся адкрыццём “новай” Ніны Шарубінай.Калі раней яна была для нас непераўзыдзенай Аідай, кранальнай і адначасова непахіснай, дык цяпер ёй удалося без усялякага сцэнічнага дзеяння і  антуражу, з дапамогай удала знойдзеных выканальніцкіх фарбаў увасобіць складаны характар лэдзі Макбет. Гераіня атрымалася не фурыяй, якой рухае прага ўлады, не “д’яблам у спадніцы”, а, як ні дзіўна, “залішне” закаханай жанчынай, што бярэ на сябе непад’ёмны для сваёй душы цяжар спланаваць і ажыццявіць патаемныя жаданні мужа. Звар’яцеўшы, становіцца безабароннай і гіне, так і не дачакаўшыся ад яго спачування ці простай пяшчоты. Макбет у выкананні абаяльнага і псіхалагічна тонкага Станіслава Трыфанава —  эгаістычнае “дзіця”, якое і ў момант смерці адчувае сябе “пакрыўджаным”, што яго “падманулі”. Побач з імі ўсе астатнія персанажы выглядаюць куды больш простымі, тыпізаванымі: гераічны рамантык Макдуф (Сяргей Франкоўскі), больш спакойны Банка (Васіль Кавальчук), пазбаўленая характарных рыс Дама (Марына Ліхашэрст).

Геніяльная музыка Вердзі літаральна “дыктуе” артыстам прычыны паводзін іх герояў. Яе “прачытанне” дырыжорам Віктарам Пласкінам вылучаецца гэткай жа жывой зацікаўленасцю, пульсаваннем думкі і радасцю музычных адкрыццяў. Уражваюць бліскуча выяўленыя багацце і разнастайнасць не толькі аркестравай, але і харавой фактуры (хормайстар — Ніна Ламановіч). Узнікае пэўная пераацэнка каштоўнасцей: сённяшняму слухачу, знаёмаму з дасягненнямі пазнейшых эпох, “Макбет” Вердзі ўяўляецца ўжо не “эклектычным”, а “полістылёвым”.

 

У рэжысёрскім царстве

 

 Новы склад выканаўцаў прыцягнуў у “Рыгалета”. Тым больш, што двух цэнтральных герояў —  бацьку і дачку —  увасаблялі амаль аднагодкі. Калі Таццяне Гаўрылавай дасталася звыклая для яе роля “незямной дзяўчыны” з лёгкім поступам, дзіцячым смехам, анёльскім голасам, дык статнаму прыгажуну Уладзіміру Громаву, звыкламу да роляў герояў-палюбоўнікаў, давялося пераўвасобіцца ў старога гарбача, прычым выключна трагічнага! Любоў да дачкі і блазнерства на пацеху жыццялюбнага, але разбэшчанага Герцага (С.Франкоўскі), што спачатку знаходзяцца на розных палюсах душы Рыгалета, сутыкаюцца ў непрымірымым канфлікце і пераплаўляюцца ў помсту, ахвярай якой становіцца, вядома, дачка — сэнс усяго жыцця героя. Па гэтых партыях стала яшчэ больш відавочна, як узраслі маладыя салісты: і спеўна, і артыстычна. Ды ўсё ж часам паўставала думка: няўжо ў нашым тэатры не засталося ніводнага, акрамя безадмоўнага Мікалая Маісеенкі, спевака старэйшага пакалення, здатнага для гэтай партыі? Яна патрабуе не толькі спеўнага прафесіяналізму, але і немалога жыццёвага вопыту. Затое абсалютна ў “сваёй” ролі пачуваў сябе Алег Гардынец, пацвярдзіўшы, што Спарафучыле —   адна з яго лепшых тэатральных работ.

 Спектакль быў добра “сабраны”, ачышчаны ад “свавольскіх” напластаванняў, што міжволі ўзнікаюць у адсутнасць “гаспадара” —  піцерскага рэжысёра Юрыя Аляксандрава, які ставіў яго яшчэ на пачатку 1990-х. Адначасова замацаваліся тыя адыходы ад пачатковай версіі, якія выклікалі найбольшае непаразуменне ў саміх артыстаў ужо пад час працы над спектаклем: паводле колішняй рэжысёрскай задумы, менавіта Рыгалета павінен быў стаць галоўным адмоўным персанажам, але “супраць” —  сама музыка Вердзі. Такі варыянт яшчэ больш ярка высвяціў адну з галоўных тэатральных праблем —  рэжысёрскую. Асабіста мне ў “Рыгалета” не хапала Галіны Галкоўскай, якая, безумоўна, здолела б так прапрацаваць псіхалагічныя паводзіны герояў, што кожная праспяваная па-італьянску фраза стала б зразумелай без перакладу.

 

Збег радок…

 

У “Рыгалета” ўпершыню (!) паспрабавалі далучыць да відовішча бягучы радок з рускамоўным перакладам поўнага літаратурнага лібрэта оперы. Пра гэта марылі многія і многія прыхільнікі опернага мастацтва, пажаданні не раз выказваліся і ў вусных абмеркаваннях, і пісьмова. Але калі ўсё, здавалася б, здзейснілася, гледачы аказаліся не менш аднадушнымі: маўляў, усё, што заўгодна, толькі… прыбярыце той бягучы радок.  

На жаль, першы блінец сапраўды аказаўся камяком. Радок — недасканалы:  вузкі, малы, ярка чырвоныя літары літаральна б’юць па вачах гледачоў партэра і абсалютна не бачныя з балкона, бо авансцэну адтуль, дзе ён усталяваны, увогуле не відаць. А галоўнае —  словы лібрэта не супадалі са спевамі, не толькі не дапамагаючы, а, наадварот, перашкаджаючы ўспрыманню. Здаралася, што на сцэне былі адны персанажы, а на бягучым радку, які “круціцца” куды хутчэй за спевы, —  зусім іншыя. Каму якая рэпліка належыць —  не пазначана. Таму —  разумей, як хочаш.

Вядома, першая спроба будзе ўдасканалена. Тым больш, што быў у беларускай практыцы і ўдалы прыклад: гады чатыры таму канцэртнае выкананне оперы Б.Бартака“ Замак Герцага Сіняя Барада” пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава ішло на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі з бягучым радком, які не выклікаў ніякіх пытанняў — адно задавальненне.  

Гэтак жа, як выклікае сёння толькі станоўчыя водгукі новае светлавое абсталяванне тэатра. Дзякуючы яму нават старыя сцэнічныя строі глядзяцца, бы наноў пашытыя. Яшчэ больш напоўненымі сімволікай аказаліся і вядомыя па былой пастаноўцы “Цені ў тунелі-калідоры” ў “Рыгалета”. А ў “Макбеце” з дапамогай адно толькі святла цалкам змяняўся настрой сцэны.

 

 ***

 

Планаў у тэатра шмат. У іх —  не толькі прэм’ера “Набука”, да якой засталося два тыдні. Наперадзе —  балет “Шапэніяна”. Ён калісьці ішоў у нашым тэатры, а цяпер упрыгожыць афішу да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара. Улетку павінна быць пастаўлена опера “Мядзведзь” С.Картэса,прэм’ера канцэртнага выканання якой адбылася летась у філармоніі. Мае ўзнікнуць на афішах і “Снягурка” М.Рымскага-Корсакава. А фестывальны расклад Беларусі папоўніцца двума новымі опернымі святамі: летнім — у Нясвіжы і снежаньскім — на стацыянарнай сцэне. Стане традыцыйным і “Навагодні баль у оперы”, які ўпершыню быў праведзены сёлета.  

Н.Б.