Сам сабе аператар

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Патрэба актыўнай інкарпарацыі музейных устаноў у туріндустрыю апошнім часам нават не абмяркоўваецца.

 Разам з тым, цяперашнія эканамічныя ўмовы сведчаць, што найбольшыя дывідэнды маюць тыя “храмы муз”, якія не задавальняюцца роляй пасіўнага гульца на туррынку  і прапануюць наведвальніку самы розны спектр паслуг — не заўсёды наўпрост звязаных з музейнай дзейнасцю. 10 сакавіка ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адбудзецца прэзентацыя аддзела па турызме. З гэтага часу музейная ўстанова будзе паўнацэнна выконваць функцыі тураператара.  

Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам “К” намеснік дырэктара ўстановы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і сувязях з грамадскасцю Алег Ражкоў, стварэнне новага аддзела дазволіць пашырыць сферу аказання паслуг у галіне турызму. Зрэшты, дзейнасць установы ўжо даўно перасягнула межы ўласна палацава-паркавага ансамбля — яна прапануе экскурсіі па гарадскіх адметнасцях, “Залатым кольцы” Гомельшчыны, цеплаходныя вандроўкі па Сожы... Таму стварэнне асобнага аддзела стала натуральнай патрэбай.  

Работнікаў, якія  спецыялізаваліся б менавіта на абслугоўванні турыстаў, у штатах многіх беларускіх музеяў пакуль што няма. Суразмоўца “К” мяркуе, што ўвядзенне іх у лік супрацоўнікаў  дазволіць вырашыць адразу некалькі задач: гэта і паляпшэнне якасці турпаслуг, і аптымізацыя дзейнасці музейнай установы…  

— Раней прыёмам турыстаў былі вымушаны займацца супрацоўнікі самых  розных аддзелаў нашай установы,— кажа Алег Ражкоў. — Іх даводзілася адрываць ад асноўнай працы— не менш важнай для музея. Цяпер такой праблемы паўставаць ужо не павінна.  

Найважнейшы аспект у дзейнасці новага аддзела — эканамічны. Самастойна выконваючы функцыі аператара, музейная ўстанова здолее дасягнуць новых паказчыкаў платных паслуг. Але, як адзначыў Алег Ражкоў, не трэба забываць і пра іншы фактар турызму. Таму адзін з важных напрамкаў шматпрофільнай дзейнасці аддзела— знаёмства замежных гасцей з асаблівасцямі самабытнай культуры Гомельшчыны. 

 Ілля СВІРЫН