Свой шанц без “свайго вобраза”?

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Падзеі другога тура конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” на мінулым тыдні разгортваліся ў традыцыйна багатых на культурныя падзеі і таленты рэгіёнах.

 27 лютага патэнцыйныя зоркі мастацтва з Міншчыны сабраліся ў Дзяржынску, а 2 сакавіка канкурсантаў прымала сталіца Міжнароднага фестывалю  мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Прадстаўнікі прэс-цэнтра конкурсу мелі магчымасць ацаніць узровень удзельнікаў і арганізатараў: у абодвух мерапрыемствах былі заняты сотні чалавек з дзесяткаў раёнаў. Як вынік — добры настрой для канкурсантаў і шмат карыснай інфармацыі для далейшых роздумаў арганізатарам.

 

Справа не ў памерах

 

Дзяржынск цяжка параўнаць тэрытарыяльна з Віцебскам, ды і па колькасці ахвотных удзельнічаць у “Зорцы…” самая паўночная вобласць краіны была наперадзе: у конкурсных адборах першага тура на Віцебшчыне было задзейнічана каля тысячы чалавек, на Міншчыне — удвая менш. Аднак у другім туры сітуацыя змянілася: у Дзяржынску талентаў прадставілі нават больш — 250 чалавек супраць 200 у Віцебску.

— Найбольшую актыўнасць на першым этапе праявілі Маладзечанскі і Слуцкі раёны, хаця аб нейкім “адрыве” іх ад іншых казаць не даводзіцца, — распавяла нашым карэспандэнтам перад пачаткам мерапрыемства ў Дзяржынску намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок. — На прапанову вылучыць мясцовыя таленты адгукнуліся ўсе куткі Міншчыны, ды так актыўна, што на пачатку лютага давялося правесці дадатковы тур, каб усе ахвотныя паказалі сябе ў межах аднаго конкурснага дня!

Падзеі дзяржынскага тура былі сканцэнтраваны вакол гарадскога Дома культуры: мясцовая сцэна прыняла адзіны гала-канцэрт па ўсіх сцэнічных намінацыях,побач, у Дзіцячай школе мастацтваў, працавалі над малюнкамі, скульптурамі, фатаграфіямі. Віцебск прапанаваў для “Зоркі…” адразу тры арэны: Вялікую залу абласной філармоніі, музычны каледж імя Івана Салярцінскага і вучэбныя аўдыторыі мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.Машэрава.

Плюсы і мінусы гала-канцэрта добра вядомыя: канцэрт дазваляе стварыць святочны настрой ва ўдзельнікаў, журы і гледачоў, але вымагае шмат часу і высілкаў усіх бакоў. Больш сціплы, “працоўны”, варыянт конкурсу дазваляе зэканоміць багата часу, але менш цікавы для публікі, што і пацвердзіў адборачны туру Віцебску. Зразумела, прагляд канкурсантаў з магчымасцю перапыніць выступленне ў любы момант для прафесіяналаў-выкладчыкаў, з якіх збольшага і складаецца журы “Зоркі…”, — рэч звычайная, больш за тое, можа, нават неабходная. Але ў псіхалагічным сэнсе для саміх канкурсантаў значна прасцей выступаць перад поўнай залай пад апладысменты землякоў. У Дзяржынску апладысментаў не бракавала! Як і атмасферы свята: арганізатары з Міншчыны дадалі яшчэ адзін прыемны для канкурсантаў штрых — кожнаму спеваку ці танцору пасля выступлення на сцэне ўручаўся дыплом удзельніка і кветка. Можна не тлумачыць усю сімвалічнасць гэтага жэсту арганізатараў: кожны, хто выйшаў на абласны ўзровень “Зоркі…”, — ужо пераможца! Атрымаць карысны досвед — Я не планавала ўдзельнічаць ў конкурсе, бо лічу, што такія спаборніцтвы больш карысныя для тых, хто толькі робіць першыя крокі ў мастацтве, — расказала карэспандэнтам “К”  выкладчык Барысаўскай дзіцячай мастацкай школы Тамара Стасевіч. — Але вырашыла паспрабаваць свае сілы, і цяпер не шкадую: усё-такі любы конкурс, асабліва такі маштабны, дае карысны досвед.

Катэгорыя выкладчыкаў сярод удзельнікаў “Зоркі…” сустракаецца часта, што не дзіўна, бо адной з асаблівасцей дадзенага конкурсу маладых талентаў  з’яўляюцца шырокія ўзроставыя межы ад 16 да 31 года. Таму сітуацыя, калі ў адной конкурснай аўдыторыі спаборнічаюць выкладчык і яго вучні, тут — справа звыклая.

— Гэта толькі на першы погляд спаборніцтва сярод мастакоў можа падацца нонсенсам, — кажа дэкан мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага універсітэта Дзмітрый Сянько. — Зразумела, што за некалькі гадзін вельмі цяжка прадэманстраваць усе свае магчымасці ў жывапісе, графіцы, скульптуры. Тым не менш, такая форма вельмі карысная для нас, тых, хто шукае і потым працуе з талентамі. Раней праводзіліся спецыяльныя алімпіяды, з дапамогай якіх можна было зразумець творчы патэнцыял і адшукаць сваіх будучых студэнтаў. Такіх мерапрыемстваў у нашы дні відавочна не хапае, і “Зорка ўзышла над Беларуссю” стала вельмі добрай нагодай правесці своеасаблівую “рэвізію талентаў” на Віцебшчыне. Іншая справа, што рэгламент у намінацыі “Жывапіс, графіка і скульптура”, магчыма, занадта жорсткі: каб адпавядаць усім яго крытэрыям, трэба, безумоўна, мець ужо пэўны мастацкі досвед. У любым выпадку, удзел у конкурсе, заўвагі суддзяў для маладых мастакоў прынясуць сваю карысць.

 — Конкурс — неабходны, — пацвярджае і С.Баранок. — Мяркую, яго можна праводзіць раз у тры — пяць гадоў, але з абавязковым падрыхтоўчым этапам! Было б добра, каб на ўсе этапы конкурсу адводзілася не менш як год.

Наконт заўваг суддзяў. Калі даць параду кожнаму ўдзельніку вялікай эстраднай праграмы не з’яўляецца магчымым, то для мастакоў, дызайнераў, фатографаў строгі разбор членаў рэспубліканскага журы  ператвараецца ў своеасаблівую кансультацыю. Вандруючы па калідорах віцебскага мастграфа, карэспандэнты “К” неаднойчы былі сведкамі таго, як суддзі ператвараліся ў настаўнікаў і давалі канкурсантам, без перабольшвання, карысныя парады. Так было, напрыклад, у фотамайстэрні, дзе вядомы беларускі фатограф Сяргей Плыткевіч даваў майстар-клас на тэму “Нацюрморт”.

— Чаму для другога тура быў абраны менавіта гэты жанр? Таму, што ён дае магчымасць за сціслы тэрмін і ў зачыненым памяшканні даведацца пра творчыя прыхільнасці і глыбіню аўтарскага бачання канкурсантаў, іх уменне працаваць з крыніцамі асвятлення, — растлумачыў С.Плыткевіч. — У фінальным туры, ужо ў Мінску, удзельнікі “выйдуць у поле” і паспрабуюць свае сілы ў рэпартажным жанры.

 

Копіі і арыгіналы

 

 Гала-канцэрт у Дзяржынску меў сваю назву: “Таленты маладых— роднай Бацькаўшчыне”. Хоць і на дзяржынскіх, і на віцебскіх афішах (а таксама на брэсцкіх, мінскіх, магілёўскіх...) было б прыемна прачытаць яшчэ і прысвячэнне ўсім, хто набліжаў да нас пераможны май 1945-га. Так, конкурс праходзіць у Год 65-годдзя Вялікай Перамогі, што, зразумела, не магло не атрымаць сваё пацвярджэнне ў рэпертуары маладых выканаўцаў. Адметна падышла да выступлення хіпхопкаманда са Слуцка. Хлопцы праспявалі, можа, і не так гладка, як тое робяць прафесіяналы з музычных каналаў, затое іх кампазіцыя “Ветэраны” кранала сваёй шчырасцю.

Дарэчы, самымі папулярнымі сярод “эстраднікаў” — удзельнікаў “Зоркі…” былі ваенныя і лірычныя кампазіцыі з рэпертуару “Песняроў”. Цікава, што многія канкурсанты спрабавалі выконваць свае нумары “пад Мулявіна” ды іншых салістаў ансамбля. На іх фоне больш цікавымі выглядалі канкурсанты са сваімі асобнымі вобразамі і галасамі. Напрыклад, Дзяніс Ліс з  Віцебскага каледжа мастацтваў, які ўзняў настрой прысутных выкананнем песні з рэпертуару брытанскага спевака Тома Джонса. Думаецца, журы парадавала не толькі мажорная мелодыя вядомага шлягера, але і відавочная харызма выканаўцы, яго арыгінальная манера падачы твора.

Канешне,  з арыгіналамі спевы пачаткоўцаў параўнаць было цяжкавата: у Віцебску журы напоўніцу скарысталася магчымасцю перапыняць спевакоў... Але планка фінальнага тура, які пройдзе пад акампанемент Нацыянальнага канцэртнага аркестра краіны пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга, пастаўлена высока: выступленне з жывым аркестрам для большасці фіналістаў адбудзецца ўпершыню. Пагадзіцеся, такі шанц выпадае далёка не кожнаму.

Антон СІДАРЭНКА,  Андрэй СПРЫНЧАН (фота),

 нашы спецыяльныя карэспандэнты

 

Слова — журы

 

Надзея МІКУЛІЧ, заслужаная артыстка Беларусі, старшыня журы ў намінацыі “Аўтарская песня”:

— Уражанні ад конкурсу, у цэлым, вельмі прыемныя. Аднак, на мой погляд, у нашу намінацыю, бывае, трапляюць канкурсанты, якіх цяжка аднесці да  традыцыйнага вобраза “барда”. Ды і рэпертуар часцяком у іх эстрадны. Таму ў наступны  раз трэба абавязкова ўдакладніць і растлумачыць усім канкурсантам і арганізатарам з месцаў, што такое аўтарская песня, і чым яна адрозніваецца ад звычайных спеваў.

Уладзімір РАДЗІВІЛАЎ, заслужаны артыст Беларусі, член журы ў намінацыі “Размоўны жанр”:

— Тое, што канкурсанты часта выбіраюць ваенную тэму, цалкам зразумела. Але трэба памятаць: вайна— вельмі складаная тэма, дакранацца да яе трэба вельмі асцярожна. Тыя, ад чыіх асоб напісаны маналогі, перажылі жудасныя рэчы, і апавядаць аб іх можна толькі дасканала разабраўшыся ў тэме. Гаварыць пра вайну з пустымі вачыма— нельга!