Першым у галерэі тэатральных шэдэўраў ХХ стагоддзя, прадстаўленых сталічным гледачам у гэтую пятніцу, стаўся культавы “Мёртвы клас” знакамітага польскага рэжысёра Тадэвуша Кантара — філасофскі спектакль-прысвячэнне тым, хто не вярнуўся з баёў Другой сусветнай вайны. Акрамя прагляду, у рамках праекта ўсім прысутным была прапанавана лекцыя аб асобе Кантара і яго творчым унёску ў сусветную тэатральную скарбніцу. А на наступным тыдні, таксама ў пятніцу, галоўнай “гераіняй” імпрэзы стане выбітны французскі рэжысёр-эксперыментатар Арыян Мнушкін. Што да далейшых фігурантаў гэтага маштабнага паводле сваёй задумы праекта, то іх імёны арганізатары не раскрываюць: для таго, каб захаваць інтрыгу і заахвоціць усіх неабыякавых да тэатральнага мастацтва бліжэй пазнаёміцца і з яго гісторыяй.
Самі ж купалаўцы распачалі актыўную працу над новай тэатральнай пастаноўкай, прысвечанай 65-годдзю Вялікай Перамогі, — спектаклем “Не мой” паводле аповесці “Нямко” Алеся Адамовіча. Рэжысёрам спектакля выступае Аляксандр Гарцуеў, сцэнограф — Барыс Герлаван, мастак па касцюмах — Алена Ігруша. Прэм’ера адбудзецца 29 красавіка.