Тэрміновая “дзесятка”

№ 10 (930) 06.03.2010 - 12.03.2010 г

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі займаецца асваеннем гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у суме 55 млн. рублёў.

Грошы накіраваны на рэалізацыю вялікага праекта па рэстаўрацыі 10 твораў старажытнабеларускага іканапісу і алтарнага жывапісу XVII — XIX стагоддзяў і арганізацыю адпаведнай выстаўкі, а таксама закупку матэрыялаў і абсталявання. Як адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам “К” намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея краіны Надзея Усава, тэрмін выканання  праекта — снежань 2010 года. Па яе словах, творы, якія рэстаўруюцца,  маюць высокую мастацкую  і гістарычную каштоўнасць, істотна дапаўняюць уяўленне аб эвалюцыі старажытнабеларускага мастацтва. Раней яны знаходзіліся ў іканастасах і алтарных комплексах і даюць яскравае ўяўленне аб страчаных ансамблях храмавых інтэр’ераў. Аднак работы патрабуюць тэрміновай прафесійнай рэстаўрацыі мастакамі-рэстаўратарамі, рэнтгенолагамі,  спецыялістамі ў галіне хіміка-фізічных даследаванняў.

Правядзенне рэстаўрацыйных працэсаў на сучасным узроўні, падкрэсліла Н.Усава, патрабуе дастатковай колькасці спецыяльнага абсталявання і матэрыялаў, многія з якіх не вырабляюцца ў Беларусі. За кошт сродкаў гранта Кіраўніка дзяржавы стане магчымым іх набыццё.