Тэорыя ўсяго, або Сюррэалістычны прыём Сяргея Пукста

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Музыкант Сяргей ПУКСТ — асоба дзіўных кантрастаў. То ён шакіруе публіку, то выдае хіт, поўны безабароннай пяшчоты і шчырасці, то бянтэжыць розум выкананнем “нігілістычнага джаза”, то стварае дасціпныя і складаныя творы для хору… Дык хто ж ён? Напэўна, ставіць перад слухачамі гэтае пытанне — адна з любімых гульняў музыканта.

Калі ж у пошуках дакладнага адказу мы зазірнём у яго біяграфію,  пытанняў  нават паболее,  бо там — цэлы спіс устаноў, дзе навучаўся наш сённяшні герой:
/i/content/pi/cult/252/3714/19.gif
 
ліцэй пры кансерваторыі,  мастацкае вучылішча,   Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі… Звярнулі мы ўвагу і на той факт, што  дзядуля Сяргея — слынны беларускі кампазітар Рыгор Пукст, аўтар безлічы рамансаў, вядомай оперы “Марынка”, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай, ды іншых твораў… Усё гэта вызначае асобу адукаваную і дасведчаную, лінгвіста, мастака, музычнага крытыка (адзначым, што Сяргей Пукст вядзе ўласную праграму на радыёканале “Культура” і калонку ў газеце “СБ. Беларусь сегодня”), але, разам з тым, — музыканта, якога да гэтай пары меламаны і знаўцы не могуць аднесці да пэўных стылей і плыней. Даведаўшыся пра тое,  што сёння Сяргей  піша музыку да карціны Андрэя Кудзіненкі “Масакра”, карэспандэнт “К” зацікавіўся яшчэ адной іпастассю Пукста.  

 

Прыцягнуць увагу да кіно

 

— Сяргей, нам вядома аб тваім удзеле ў яшчэ адным праекце, гэтым разам — кінематаграфічным. Андрэй Кудзіненка агучыў у інтэрв’ю  “К”, што музыку да яго карціны “Масакра” пішаш ты…

   Гэта сапраўды так. Да мяне пэўны час таму звярнуўся з прапановай саундпрадзюсер стужкі Яўген Калмыкоў. Я пагадзіўся. Супрацоўнічаць з Андрэем Кудзіненкам мне вельмі прыемна і надзвычай цікава.

 — Ты прапануеш, выбачай, штосьці сюррэалістычнае?

— Трэба разумець адно: кампазітар у фільме — гэта функцыя. Неабходна цвяроза да таго ставіцца. Таму мая задача тут — не прыцягваць увагу да сваёй музыкі, а прыцягнуць увагу да выявы, да кіно. Тое мусіць быць музыка ілюстратыўная, атмасферная, і  ў гэтым плане мне важна годна выканаць пастаўленую перада мной  задачу,  не згубіўшы ўласнага аблічча.  На сёння ў мяне ўжо прыняты некалькі трэкаў да фільма. Але праца яшчэ працягваецца, і мне не хацелася б раскрываць усіх сакрэтаў.  

 

“Гэта мой асабісты пошук”

 

— Сяргей, ты — музычны сюррэаліст, вынаходнік “нігілістычнага джаза”… Асабіста я далучаю тваю музыку да эстэтыкі мадэрна… Але,можа, усе гэтыя вызначэнні —  усяго толькі ярлыкі, якія не даюць уяўлення аб тваёй творчасці? 

— Тэрміналогія патрэбна, каб слухач больш-менш здолеў “размясціць” маю творчасць у сваёй галаве. Але ты маеш рацыю. Самае смешнае — гэтыя вызначэнні нічога не гавораць аб якасці музыкі. Кшталту, што гэта такое: “нігілістычны джаз”?   Прынамсі, я згодны з тваім вызначэннем толькі часткова. Вядома, падабенства з мадэрнам ёсць: яно — у гэтых лініях, тонкіх, паэтычных вобразах. Але, разам з тым, у мяне шмат сюррэалізму, жорсткіх форм. Таму я не спяшаюся адмаўляцца  ад  сюррэалістычных прыёмаў і ў музыцы.

 — Але ж ты хаця б не будзеш спрачацца з тым, што з’яўляешся кампазітарам-авангардыстам?

 — Чаму мяне далучаюць да авангарда — таксама не зразумела (усміхаецца). Мне падаецца, тое,  што я раблю, —  гэта проста кампазіцыйна выверана. Меладычная,  са сваімі кампазітарскімі задачамі музыка. І ў ёй няма пэўнага авангарда — у тым разуменні, што гэта нешта мудрагелістае. Справа тут,  напэўна,  у тым,  што мая галоўная задача —  зрабіць такую музыку, якую  раней не чулі.  Гэта такое дасканалае памкненне, што, магчыма, і выклікае цяжкасці ўспрымання для слухача. Вядома,  існуе меркаванне: маўляў, уся музыка ўжо даўно напісана. Але лічу, гэта зусім не падстава для таго, каб карыстацца гатовымі формамі, гуляць з імі і не вынаходзіць штосьці сваё.  Так, мы можам іранізаваць, смяяцца з пэўных прыёмаў, але часам мне здаецца, што ў  гэтым смеху ўжо захліпваемся.  Трэба таксама ўмець і нешта сказаць сваё, бо запомняць не тое, як гуляўся з іншымі “цацкамі” творамі, а тое, што зрабіў менавіта ты, што асабіста паведаміў свету.  Таму маю музыку, магчыма, цяжка ўспрымаць і складана аднесці да пэўнай плыні, але гэта мой асабісты пошук. 

 

“Музыка мусіць  быць “вострай”

 

 — На твой погляд,  ці змянілася сёння ў свеце стаўленне да музыкі ўвогуле?

— Разумееш, сёння вельмі шмат музыкі ў прынцыпе. І людзям вельмі цяжка яе глыбока ўспрымаць з гэтай самай прычыны: яна паўсюль.Самае сумнае яшчэ тое,  што  і  музычны матэрыял пачынае будавацца па псіхалагічным прынцыпе, а не па творчым. Напрыклад, хтосьці з гуртоў пачаў выкарыстоўваць ненарматыўную лексіку ў кліпе — і гэта падаецца як выбітнае “творчае дасягненне” (хоць гэтае “дасягненне” чыста сацыяльнае).  Адбываецца замена паняццяў: музыка ператвараецца ўсяго толькі ў фон, а дзейнічаюць псіхалагічныя прыёмы.Потым жа слухача вельмі цяжка выцягнуць з яго “кокана”, дзе ён плыве па хвалях прыемнай музыкі, разбудзіць яго. Музыка мусіць быць “вострай”, каб слухач прачнуўся. Я імкнуся да гэтага.

— Што прымушае, заахвочвае цябе заставацца на гэтым шляху — займацца, так бы мовіць, некамерцыйнай музыкай? Магчыма,  тое, што ты — прадстаўнік   славутай музычнай дынастыі…

— Рыгор Канстанцінавіч Пукст, мой дзед, — безумоўна, выбітны меладыст, класік свайго часу. Але, калі казаць пра музычныя арыенціры, на мяне паўплывала не толькі яго спадчына. Сяргей  Пракоф’еў — гэта кампазітар, які моцна пашырыў межы майго разумення музыкі: у яго нават у самых простых,  папулярных рэчах заўжды знаходзіцца месца для сюрпрызу — гарманічнага, меладычнага, пэўнай нечаканасці. У гэтым я імкнуся быць падобным да яго.

На мой светапогляд таксама істотна паўплывала і навучанне ў мастацкім вучылішчы (я паступіў туды адразу пасля ліцэя пры Кансерваторыі). І атрымалася так,  што спалучыліся разам два лады мыслення:  гарманічна-меладычны і мастацкі. Апошні, натуральна,  меў на ўвазе  прынцыпова іншую арганізацыю творчасці, і, адпаведна, у маёй музыцы з’явіліся іншыя акцэнты.  

 

Выключна простая  тэорыя ўсяго

 

— Ты да гэтай пары практыкуеш жывапіс?

— Так, часам пішу. Але лепей распавяду аб адным праекце, у якім мне пашчасціла ўдзельнічаць і які, дарэчы, спалучыў у сабе мноства відаў мастацтваў: у прыватнасці, меў дачыненне да музыкі, выяўленчага  мастацтва і фізікі.

— ?

  Гэты праект меў назву “Хор мастакоў” і быў прысвечаны пяці апошнім фізічным тэорыям. Яго ідэя заключалася ў тым, што  сучасныя фізічныя тэорыі, якія існуюць больш на паперы або ў галовах іх стваральнікаў,  вельмі падобныя на паэтычныя творы. Яны выкананы надзвычай элегантна, прыгожа — напрыклад, тэорыя струн, тэорыя ўсяго, тэорыя мностваў,  — але гэта тэорыі, што на сёння не маюць свайго матэрыяльнага ўвасаблення. Мастакі ў дадзеным праекце выступаюць у ролі экспертаў, творцаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да эстэтычных катэгорый і здольныя ацаніць прыгажосць фізічных адкрыццяў.  Самае цікавае, што яны ўносяць сваё меркаванне наконт пабудовы Сусвету пры дапамозе спеваў: гэта значыць, што мастакі ў гэтым праекце спяваюць — пра адпаведныя пяць тэорый, таму ён і мае назву “Хор мастакоў”.

— Цікава. І  ў якой ролі там выступаеш ты?

— У ролі кампазітара і аўтара слоў. Маёй задачай было напісаць музыку, дакладней — пяць твораў для хору пра фізічныя тэорыі. Мне праект адразу прыйшоўся даспадобы, але, скажу шчыра, сумняваўся ў яго ажыццяўленні. Калі ж  да ўдзелу запрасілі Беларускі саюз мастакоў і той ахвотна адгукнуўся на незвычайную ініцыятыву, — я быў вельмі ўсхваляваны. У выніку атрымалася чароўная і канцэптуальная мастацкая з’ява, якую нельга аднесці выключна да музычнага праекта ці праекта, які мае дачыненне да выяўленчага мастацтва, — атрымаўся прадукт цалкам эстэтычнага кшталту.  

— А як беларускія мастакі справіліся з ускладзенай на іх задачай: праспяваць, да прыкладу,  пра тэорыю ўсяго?

 — Цудоўна! У “Хоры мастакоў” прынялі ўдзел 60 чалавек. І ўсе вельмі добра зрабілі сваю справу і выглядалі сапраўднымі экспертамі прыгажосці. Тэкст харавых партый быў на беларускай мове, ды і ў выкананні мастакі былі на вышыні.  — А якая тэорыя прыйшлася даспадобы  асабіста табе як мастаку і кампазітару?  — Выключна простая тэорыя ўсяго (смяецца). Яна сапраўды так называецца. У музычным плане  я вырашыў яе вельмі  няхітра, але менавіта такой яна і павінна быць.

 Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ