“Гэта чалавек з вялікім талентам…

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

”Зараз я паспрабую намаляваць партрэт яшчэ аднаго нашага амаль што забытага земляка — таленавітага графіка і жывапісца ХІХ ст. Рудольфа Казіміравіча Жукоўскага. Не блытаць з яго вялікім цёзкам па прозвішчы — Жукоўскім Станіславам Юліянавічам, таксама земляком, які даўно вядомы і ў нас, і ў Расіі, і ў Польшчы, хаця ён таксама раней быў уціснуты ў жорсткія рамкі рускага жывапісу.

Дык вось, Рудольф Жукоўскі. Упершыню я пачуў гэтае імя ў час майго  ленінградскага студэнцтва, калі праходзіў мастацтвазнаўчую практыку ў Рускім музеі. Там, у фондах, я нечакана ўбачыў цудоўныя літаграфіі з адлюстраваннем арлоўскай сядзібы братоў І. і П. Кірыеўскіх: парк, каскады фантанаў, скульптурныя фігуры
/i/content/pi/cult/252/3712/9kultura14.gif
Р.Жукоўскі. Групавы партрэт дзяцей Сафонавых.
русалак, жаб, лебедзяў, альтанкі, пантэоны ў розных архітэктурных стылях, мосцікі з  каванымі  ажурнымі  парэнчамі над рэчкай, панскі дом... Васіль Пушкароў, тагачасны дырэктар музея, сказаў, што гэта творы аднаго расійскага мастака, выхаванца Акадэміі мастацтваў, вучня Аляксандра Рыгоравіча Варнека, выкладчыка Жукоўскага па класе мініяцюрнага жывапісу. Але, на жаль, падкрэсліў Пушкароў, і той,  і другі шырокаму гледачу не вядомы.

Вось і ўсё, што я ведаў пра нашага земляка. Так, менавіта земляка, ураджэнца заходняй часткі колішніх нашых земляў, дакладней, тагачаснай Беластоцкай  губерні. Рудольф Казіміравіч нарадзіўся якраз пасля  перамогі над Напалеонам пры Ватэрлоо. Пра ранні перыяд ягонага жыцця ніякіх матэрыялаў я не знайшоў. Даведаўся толькі, што  ў 1833 годзе ён паступае ў пецярбургскую  Акадэмію мастацтваў. Займаецца паспяхова: праз два гады за натурны малюнак атрымаў сярэбраны медаль, у 1838-м — званне рысавальнага вучня, а яшчэ праз год — званне свабоднага някласнага мастака партрэтнага  жывапісу.

Менавіта як партрэтыст ён актыўна ўдзельнічае ў акадэмічных выстаўках. Гэта — акварэль “Рускі інвалід 1812 года” і яшчэ чатыры жывапісныя партрэты, што не захаваліся. Але на пачатку 1840-х Рудольф Казіміравіч звяртаецца да іншага віду выяўленчага мастацтва—  літаграфіі, калі ў свет выходзіць вялікая серыя аркушаў “Рускія народныя сцэны”, якую сучаснікі называлі па-іншаму: “Сцэны пецярбургскага  вулічнага жыцця”. Гэтая графічная сюіта Жукоўскага таленавіта адлюстроўвае разнастайныя вулічныя сцэны ва ўсёй іх бытавой характарнасці: тут і кухарка, якая гучна спрачаецца  з разносчыкам дроў, і рабочыя-муляры, што размясціліся проста на бруку, каб перакусіць, і рамізнікі, якія  наперабой прапаноўваюць маладой кабеце свае паслугі. А вось вельмі цікавы аркуш “Незабыўная зіма ў Пецярбургу 1842 — 43 года”. Бездарожжа. Дождж.  У санях, пад парасонам,— чыноўнік з маладой жонкай. Кучар злез з  козлаў і шалёна з дапамогай пугі  паганяе каня, які ледзь-ледзь цягне  пацяжэлыя сані. Падкрэслю, што ўсе літаграфіі  серыі існуюць у двух варыянтах: чорным і афарбаваным акварэллю. Гэтая размалёўка выконвалася на аснове пэўнага ўзору, “эталона”, які вырабіў сам Жукоўскі. Спалучэнне яркіх малінавых,  жоўтых, зялёных тонаў надае аркушам квяцісты характар.  Аднак  гэта не мае ўжо нічога агульнага з яркай, але заўсёды трохі ўмоўнай і дэкаратыўн-аплоскаснай расфарбоўкай друкаванай графікі пачатку ХІХ ст. Тут спецыялісты могуць, напрыклад, прыгадаць хаця б “Народныя карцінкі”, прысвечаныя Айчыннай вайне 1812 года, і бытавыя афорты “Чарадзейныя ліхтары”. Але ў  літаграфіях Жукоўскага колерам падкрэсліваецца не толькі жанравая асаблівасць прадметаў і людзей,  але і іхняя матэрыяльнасць, пластычная выразнасць, дакладнасць.

Вось яшчэ аркуш— “Тэатральная каса”. Ля касы Александрынскага тэатра адлюстравана вельмі стракатая публіка. Усе ўзрушаны, усхваляваны, імкнуцца прабрацца да акенца, штурхаюць  адно аднаго: і паважаныя спадары ў цыліндрах ды
/i/content/pi/cult/252/3712/14.gif
Р.Жукоўскі. Служанка выгульвае сабачкаў.
сурдутах, і тоўстыя купчыхі ў  паддзёўках. У мастака  вельмі вострая назіральнасць. З якім вялікім гумарам  ён адлюстроўвае іхнія ўзбуджаныя твары, палаючыя азартам вочы! Вось, злева, пад зайздрослівымі поглядамі, з цяжкасцю выбіраецца з натоўпу  шчасліўчык з білетам. Рукамі ён абмацвае фалды свайго дужа скамечанага фрака. У гэты ж час, у мітусні, якісьці хлапчук спрабуе залезці ў кішэню заўзятаму тэатралу. Словам, вельмі жывое, яркае, энергічнае апавяданне з “інтэлектуальнага” жыцця расійскіх мяшчан сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Усяго ў гэтым цыкле  — 50 літаграфій, з якіх найбольш выразныя — сатырычныя, аж да гратэску, сюжэты з жыцця і побыту купецкага  саслоўя, як, да прыкладу, наступны. Купецкая сям’я прыйшла на адкрыццё мастацкай выстаўкі. Першым цырымонна ступае таўстапузы гаспадар; ззаду ідуць ягоныя дочкі, якія манернічаюць, убачыўшы статую. Крытычны сэнс гэтага сюжэта,  накіраванага супраць фанабэрыі  яго персанажаў, падкрэслены подпісам пад малюнкам. У адказ на зварот аднаго свайго спадарожніка: “Зрабіце ласку, Фадзей Савельіч!  Гэта зграбная статуя медыцэйскай Венеры” — купец заяўляе: “Якая ад яе карысць! Пайшлі далей, Фёкла Кузьмінічна. Клікай! Што заглядзеліся! Не бачылі хіба?”

З’яўленне ўсіх гэтых твораў выклікала ў грамадскасці вялікі ўсплёск цікавасці. Вось што, напрыклад, пісала тады “Литературная газета”: “Усё, што мае адносіны да нашай народнасці, заўсёды з’яўляецца прадметам асаблівай нашай дапытлівасці. Нельга не звярнуць увагу на калекцыю цудоўных карцінак, якія адлюстроўваюць у вельмі дакладных нарысах наша вулічнае жыццё. Калекцыя гэтая днямі выйшла ў свет і складаецца  з выдатных літаграфій, зробленых маладым мастаком Жукоўскім. Імя Жукоўскага яшчэ мала вядомае, а, між тым, гэта чалавек з вялікім талентам. Да гэтага часу мы мелі толькі аднаго добрага рысавальшчыка — Ціма, але цяпер Цім павінен будзе ўступіць пальму першынства свайму саперніку”. Падкрэслю, што ў той час Васіль Цім, ілюстратар А.Пушкіна, М.Гогаля, бліскучы рысавальшчык, акварэліст, лічыўся надзвычай аўтарытэтным мастаком Расіі.

З рэцэнзіі з той жа “Литературной газеты”: “Кожны дзень мы абыякава праходзім міма розных народных сцэн і амаль што не заўважаем іх. Жукоўскі выставіць іх у карціне—  і вы міжволі спыніцеся перад імі: адны прымусяць вас усміхнуцца, іншыя— задумацца. Гэтыя мастакоўскія жарты маюць свой нацыянальны сэнс, які іншым разам дае ім такое пачуццё ўласнай годнасці, што яны перастаюць быць жартамі. Характар народны і фізіялогія нашага жыцця ў іх ярка выяўляюцца”.

Жарт, які перастае быць жартам,— гэта і ёсць галоўная ацэнка той сацыяльнай сатыры, што зараджаецца ў рускім мастацтве сярэдзіны ХІХ стагоддзя, і ў гэтым сэнсе наш Жукоўскі быў яе піянерам, больш за тое: прадвеснікам знакамітай сюіты малюнкаў Паўла Фядотава “Маральна-крытычныя сцэны  са звычайнага жыцця”.

Шмат займаўся Жукоўскі і кніжнай графікай, ілюстраваў разнастайныя выданні, у тым ліку альманах “Фізіялогія Пецярбурга” М.Някрасава і ягоны ж нарыс “Пецярбургскія вуглы” — пра жыццё  сацыяльных нізоў сталіцы, душэўна пакалечаных бамжоў і іншых дэкласаваных элементаў пецярбургскіх трушчоб. Яшчэ мастак зрабіў некалькі малюнкаў да рамана А.Герцэна “Хто вінаваты?” — і ён быў першым ілюстратарам гэтай кнігі. Сярод іншых работ Жукоўскага ў гэтай вобласці — кнігі “Конёк-горбунок” П.Яршова, другі том “Мёртвых душ” М.Гогаля”, альбом карыкатур “Знаёмыя”, часопіс “Заноза” і г. д. Чытач мае права спытаць: а пры чым тут Беларусь? Справа ў тым, што мастак акрамя графікі займаўся і жывапісам. Вядомыя яго палотны “Абрад хрэсьбін у Арлоўскай губерні” (у Рускім музеі), “Паміраючы Збавіцель”, “Багародзіца, якая смуткуе”, карціны, прысвечаныя Крымскай вайне, і г. д. Але ёсць у Жукоўскага вельмі цікавы партрэт пецярых дзяцей беларускага паўстанца, удзельніка нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Беларусі, Польшчы  і Літве 1830 —  1831 гг. за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Гэты партрэт знайшлі ў сібірскім горадзе Табольску. Па адной з версій, у той горад быў сасланы ўдзельнік паўстання — нейкі Сафонаў. Праз некалькі гадоў яго жонка адправіла яму гэты партрэт, каб ейны муж быў спакойны і ведаў, што яго дзеці ў бяспецы. Але на самой справе небяспека была, таму што па асобым загадзе дзяцей радавых беларуска-польскіх сямей, якія мелі дачыненне да нацыянальнага руху, прымусова вывозілі ад бацькоў і аддавалі ў ваенныя навучальныя ўстановы,  такім чынам рыхтуючы будучых верных слуг расійскага прастола на некіруемай прасторы былога ВКЛ. Такія рэпрэсіі былі поўныя трагедый і драм. Гэта можна ўбачыць на шматлікіх гравюрах 30-х —  40-х гадоў ХІХ ст. Адметнасць партрэта Жукоўскага ў тым, што ён паказаў дзяцей з непрыхаваным адбіткам цяжкага лёсу на іхніх тварах.

Дзеці—  у авале. Цесна прытуліліся адно да аднаго. І гэта не выпадкова: авал—  найбольш зручная форма для камернага партрэта. Мякка абрамляючы вонкавы выгляд мадэлей, ён як бы замыкае адлюстраванне ў ахоўную ауру, якая засцерагае ад чужога, небяспечнага свету. Старэйшы хлопчык—  стрыжань усёй кампазіцыі. Ён засланяе сабой малодшага, рукой абдымае самых маленькіх—  брата і сястру. Ружовыя стужкі—  атрыбут дзяўчынкі, блакітныя— хлопчыкаў. Дарэчы, хлопец таксама апрануты ў сукенку, бо па ўсёй Еўропе да сярэдзіны ХІХ ст. апранаюць хлопчыкаў да 5—  6 гадоў у дзявочыя строі. З цікавых дэталей: другі па ўзросце брат трымае ў руцэ кнігу. На яе карашку— надпіс: “Рудольф Казіміравіч Жукоўскі”.

Я не ведаю, ці мела сям’я сасланага ў Сібір паўстанца нейкае сваяцкае дачыненне да Жукоўскага. Але такая сувязь падаецца магчымай: мастак прыязджаў на Беласточчыну, там працаваў, маляваў. Інакш навошта яму, сатырыку, ствараць вобразы безабаронных дзяцей, так бы мовіць, засцерагаць іх ад небяспекі? Ёсць яшчэ цудоўныя мініяцюры мастака. Сярод іх — “Партрэт невядомай у блакітнай хустцы”: засяроджанасць і лёгкая смуга журбінкі ахутваюць тонкія рысы. Дарэчы, такія хусцінкі з махрамі, кшталту народных, якія насілі на шыі, былі распаўсюджаны і на поўдні Беларусі, і ва  Украіне.  Захавалася мініяцюра і з аўтапартрэтам Жукоўскага: пранізлівыя вочы, смяшлівыя паўнаватыя губы, цёмнавалосы, круглатвары, шыракалобы.

Яшчэ Жукоўскі некаторы час працаваў педагогам у Рысавальнай школе Таварыства падтрымкі мастацтваў і меў высокі аўтарытэт сярод вучняў. З вялікай сімпатыяй узгадвае пра майстра Ілля Рэпін, які вучыўся ў яго. Дарэчы, менавіта Жукоўскі першым даў высокую ацэнку вучнёўскаму малюнку Рэпіна, і гэтую пахвалу будучы аўтар “Бурлакоў…” памятаў усё жыццё.

 Рудольф Казіміравіч памёр 5 лістапада 1886 года ў Пецярбургу. Паводле адной з версій — утапіўся, паводле іншай —  выпадкова патануў. Але падрабязнасцей пакуль не ведаю. Можа, усё было інакш. Патрэбен час для далейшага “расследавання” не толькі гэтага факта, але і многіх іншых невядомых дэталей з жыцця мастака. Канешне, шкада, што Жукоўскі яшчэ пры жыцці аказаўся практычна забытым не толькі публікай, але і мастацкай элітай, і ўсе лепшыя графічныя творы сталі бібліяграфічнай рэдкасцю ўжо адразу пасля іх стварэння. Я ўжо не кажу пра яго жывапіс —  той таксама  апынуўся паза ўвагай гісторыкаў мастацтва. Маю на ўвазе карціны  “Жок, цыганскі танец у наваколлі Кішынёва”, батальныя палотны “Высаджванне 2-й брыгады 13-й пяхотнай дывізіі ў Адэскім порце”, “Сінопскі бой 18 лістапада 1853 г.”, “Паражэнне туркаў Абдзі-Пашы ў Баш-Кадык-Лара” і інш.

Але калі хто са спецыялістаў згадвае імя Жукоўскага, дык дае азначэнне: “рускі мастак крытычнага рэалізму”. Усё ж прыспеў час дакладна вызначыць яго сапраўднае месца і ў нашай гісторыі культуры. Такіх “спрэчных” імёнаў у нас шмат. Пара ўсё ставіць на сваё месца…

Барыс КРЭПАК