Каго пацалуе світанак?

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Ён вылучаецца з шэрагу артыстаў-коласаўцаў так званага “сярэдняга” пакалення нават адметнымі знешнімі рысамі, асабліва — выразнай тыпажнасцю: вельмі высокага росту, хударлявы, нацягнуты, бы трысцінка. Разам з тым, спакойны, засяроджаны выраз твару хавае моцны, часам вулканічны, тэмперамент — неад’емную ўласцівасць яго акцёрскай натуры.

Георгій Лойка, чыё пяцідзесяцігоддзе нядаўна адзначылі ў калектыве, прыйшоў у трупу  тэатра імя Якуба Коласа ў 1981 годзе пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (курс прафесара Валерыя Раеўскага). Пачынаў з невялікіх, эпізадычных роляў ці ўводаў. Такім чынам, ён сыграў Пачвару, што ператвараецца ў прыгожага юнака, у казцы “Пунсовая кветачка” Л.Браусевіч, пра якую і цяпер артысты і гледачы майго пакалення з прыемнасцю ўзгадваюць. Першая яго буйная работа ў тэатры — князь Бельскі ў “Касатцы” Аляксея Талстога. Меркавалася, што спектакль паставіць вядомы майстар расійскай сцэны і кіно Яўгеній Веснік, які, дарэчы, і вылучыў Георгія з шэрагу прэтэндэнтаў. Ды толькі здымкі ў кіно перашкодзілі сталічнаму рэжысёру прыехаць у Віцебск.  

Па-сапраўднаму  выявіць сябе і сцвердзіць уласнае прафесійнае майстэрства артыст змог у другой палове 90х  — з прыходам у трупу Віталя Баркоўскага ў якасці мастацкага кіраўніка тэатра. Спектакль “Пісьменныя” паводле п’есы Маціяса Чокэ на фестывалі нямецкай драматургіі атрымаў некалькі прызоў, сярод якіх — і Гран-пры. Даволі нязвыклы па форме і  стылістыцы, ён прынёс артыстам сапраўднае творчае задавальненне.  Георгій Лойка аказаўся здольным прыняць і арганічна ўвайсці ў складаную, нязвыклую стылістыку спектакляў Баркоўскага. Малады чалавек у “Пісьменных”, Чырвоны ў сучаснай трагедыі “І нас пацалуе світанак” В.Острава, Ноцінгейл у драме Тэнесі Уільямса “Дакрануцца вуснамі да нябёсаў”, Мікола ў камедыі “Блудны муж і яго жонка Варвара” Георгія Марчука — бясспрэчныя ўдачы акцёра  ў аўтарскім тэатры гэтага рэжысёра.

Творчай манеры Георгія Лойкі ўласцівы адточаная тэхніка пераўвасаблення, схільнасць да гратэску, гіпербалізацыі, яркага сцэнічнага малюнка ролі. Ён быццам спалучае ў сабе рысы “класічнага злодзея” і… класічнага коміка. Тут трэба ўзгадаць яшчэ аднаго рэжысёра — Юрыя Пахомава з Томска, які раскрыў Георгія Лойку абсалютна супрацьлеглага. Роля Містэра Пігдэна са спектакля “Ён. Яна. Акно. Нябожчык” паводле камедыі Рэя Куні стала для артыста сапраўды зорнай. Ён зрабіўся кумірам у віцебскіх гледачоў, асабліва жанчын. Яго пазнаюць на вуліцах, у маршрутках, крамах. А ён не надта разумее, у чым жа яго заслуга, прыпісваючы свой поспех, хутчэй, рэжысёрскаму майстэрству. “Ну, годна, прафесійна сыграў сваю ролю ў цікавым спектаклі, — кажа ён. — Падабаецца — і дзякуй Богу”. А ў “Памінальнай малітве” Рыгора Горына Георгій стварыў запамінальны вобраз дзівакаватага і смешнага бедака-няўдачніка МенахемаМэндла, што марна спрабуе знайсці сваё месца пад сонцам.

“Артыст — прафесія залежная, — любіць паўтараць Георгій Лойка, — не тое што ўрач ці інжынер: калі ты чалавек таленавіты, майстар сваёй справы, то да цябе цягнуцца людзі, і ты дасягнеш значных поспехаў. У акцёрскай  жа прафесіі ўсё па-іншаму: сустрэнецца на тваёй дарозе рэжысёр, які здолее цябе ўбачыць, разгледзець, а потым і адкрыць з нечаканага боку, — значыць, ты ўхапіў за хвост сваю птушку шчасця. Калі ж не…” Хочацца спадзявацца, што на шляху Георгія Лойкі будуць і надалей сустракацца менавіта такія рэжысёры, якія адкрыюць невядомыя рысы папулярнага артыста.

Юрась ІВАНОЎСКІ

Віцебск